Выбрать главу

* * *

Срэбра дораць мне сняжынкі, Ціха падаюць на плечы… Не забыўныя хвілінкі, Бо прырода – сэрца лечыць! І няхай зіма навокал, Хай чаруе белізной! Набяжыць сляза на вочы- Помню, помню голас твой… Дый было гэта даўнютка, Можа, нават не са мной? Хай бягуць гадочкі хутка, А на сэрцы – неспакой. Хай не спраўдзіліся мары, Хай каханне адцвіло… Разганяю свае хмары, Уздымаю зноў крыло.

ВЕРШЫ – КАРАЦЕЛЬКІ

* * *

Каб была ты заўсёды шчаслівай, І прыгожай, і добрай, і мілай! Каб самоты ніколі не знала, І, як птушка, заўсёды спявала!

* * *

Скептык – сее недавер, Хлус жа толькі сахарын. Ты нікому з іх не вер! Твой дарадчык: Бог адзін!

* * *

Пустаслоўе, як вада, Льецца, як рачулка, Каб сабраць – была б бяда
На той сцежцы гулкай.

* * *

Апрануўся, нібы дэндзі, А ў душы – пустэча… І малюе язык-пэндзель Адзін цёмны вечар.

* * *

Не журыся, дружа. Лепей Азірніся ты навокал! У жыцці нашым ты ведай: Справы ўсе на відавоку.

* * *

На дарозе жыцця шырокай Мы сустрэліся зноўку з табою, Стаў ты зоркай халоднай, далёкай, Успамінкі ўсе змыла вясною.

* * *

Не хваліся багаццем, Усё гэта – часова! Да святла трэба ўзняцца, Сябраваць з добрым словам.

* * *

Жыві, сябровачка, з усмешкай, На сэрцы будзе весялей! І не хадзі, прашу, той сцежкай, Дзе стрэла злосць сярод людзей.

* * *

Не смейся над каханнем, Не прыніжай таго, Хто роспачным прызнаннем Сагрэў тваё акно…

* * *

Не кахай, эгаіста, Не кахай! Ты свой лёс урачыста Сустракай.

* * *

Усе справы нашы – бачыць неба… Жабраку ахвяруй бохан хлеба. Каб душа не гарэла ў агні. Ты з пагардай услед не зірні!

* * *

Не забывай: між намі – клін, У плёткі той – крывыя ногі! Бо бачыць Бог. І ён адзін Вядзе да правільнай дарогі.

* * *

Жыві. Твары. Шукай натхненне У добрых справах. У царкве. Пакінь раллі тое насенне, Якое жытам узрасце!

* * *

Развітаюся з самотай, Весялей на свет зірну, Толькі жыць зноў бесклапотна Я ніколі не змагу!

* * *

У кожнага — ёсць прызначэнне... Пра гэта — ведай чалавек! Прэлюдыя жыцця нязменна: Айчыне верным будзь навек!

* * *

Няўжо ўсё знікла назусім, Вясновы дзень той верасовы? Прабегла многа белых зім, Ды не забыць мне твае словы…

* * *

Пра боль свой лепей ты не помні, Хай радасць сэрца толькі чуе, Сагрэюць веры Боскай промні, Спявай жыццю зноў алілуя!