Выбрать главу
Цаліком іду, сорак дзён парожняя дзедава хата.
* * *
Пануе шэрасьць — на местачковым пляцы туман адліжны.
* * *
Засьнежаны сквэр, сабачы брэх над рэчкай разьлягаецца.
* * *
Качар на хвалях вузкай балотнай рэчкі, сьнег на берагах.
* * *
Пяро на сьнезе кінула чорная птушка, каму, як ня мне?
* * *
Так па-японску — празь белыя жалюзі глядзець на зіму.
* * *
За вакном ляціць вечарова-чорны сьнег праз маю душу.
* * *
На зялёны лёд бела-жоўты цяжкі сьнег падае праз дождж.
* * *
Вечар, ліхтары над пустой дарогаю нахіліліся.
* * *
Шафа зь люстэркам, там сьпяць пах нафталіну і зімовы дух.
* * *
Мяккі сьнег ляціць; раптам шэры матылёк у памяці ўзьнік.
* * *
Брудны шэры сьнег вечаровае сонца пазалаціла.
* * *
Чужы чалавек прапанаваў зь ім выпіць моцнай гарбаты.
* * *
Навокал сьнегу — ні прайсьці, ні праехаць — насыпаў люты.
* * *
Цьвярозы мароз, за лесам вежавы кран, лілёвы вечар.
* * *
З дачкой на руках дамоў, на пяты паверх, падымаюся.
* * *
Чорная кава астыла канчаткова, нарэшце — крокі.
* * *
Сьвятло зьбіраю, каб асьвятляць сьвет сноў зімовай ноччу.
* * *
Надакучвае пасылаць падарункі самому сабе.
* * *
Чорны тэлефон, як скарбонка, прыхаваў галасы сяброў.
* * *
На адпачынку раніцай люблю згадаць каляровы сон.
* * *
Дваццаць год прайшло, а ракавіна тоіць галасы мора.
* * *
Колькі радасьці яны раней дарылі — лісты каханкі.
* * *
Чалавечы лёс. Не хапае нават слоў, што ні гавары.
* * *
Зараз я сябе у люстэрку не пазнаў… Зрэшты, ну і што.
* * *
Добрая душа — ён і зь дзецьмі гаварыў, як з дарослымі.
* * *
Гартаю кнігу, у гармідары літар зьяўляецца сэнс.
* * *
Нараджаемся, паабяцаўшы Богу хутка памерці.
* * *
Самы лепшы верш запішу на газэце й шпурну ў сьметніцу.
* * *
Верш на паштоўцы запісваю алоўкам, а потым тушшу.
* * *
Чытае хлопчык гучна, па складах, мой верш, ніякаватасьць.
* * *
Бяз дай патрэбы на аловак насадзіў катушку нітак.
* * *
Некалі ў мяне плястмасавы чалавек у скарбонцы жыў.
* * *
Кроплі чарніла ўпалі на чысты стол — зорнае неба.
* * *
Ломкі лябірынт падлічвае памылкі лягічных крокаў.
* * *
І паміж сяброў не магу пазбавіцца адзінотнасьці.
* * *
У прорву часу ляцяць нашыя крокі… Рэха, успамін.
* * *
Пыл, пясок, жвір, жарства, камяні, груды, горы, сьнег, неба…
* * *
Накіроўваю ў падземны пераход свае пакуты.