Выбрать главу
Адчыніў вакно: гукі аўтамабіляў, халодны вецер…
* * *
Адзін у хаце, запаліў цыгарэту, робіцца цёпла.

Міраслаў Шайбак

* * *
Куды ж ты вядзеш, сьлед, пакінуты на сьнезе вялікім зьверам?
* * *
Якія ж людзі дробныя на бязьмежным зімовым полі…
* * *
Месяц-павучок тчэ павуту з галінак. Зімовы сквэрык.
* * *
Запісаў словы на сьнезе, няхай гінуць пад промнямі цяпла.
* * *
З радыятарам павітаўся ў пад'езьдзе. Лютаўскі вечар.
* * *
Завеі, сьнегам не засыпайце ўночы нашыя брамы.
* * *
Прыемна глядзець, як на чорнай паніве смажыцца бульба.
* * *
Зімовая ноч. Пад песьні прыёмніка выпіў гарбаты.
* * *
Цыгарэтны дым: у паветры паплылі шэрыя кветкі.
* * *
Пэўна, учора глядзеў на сьнег — ды раптам каткі на вербах.
* * *
Бясконца б ехаў у кодабе машыны празь вясновы лес.
* * *
Перабіраю каменьчыкі ружанца — прыемны холад.
* * *
Кусты чаромхі. Чырвань на белых кветках — колер сьвітанку.
* * *
Стромкі завулак. Жвір рыпіць пад нагамі. Імжа… Дзень… Цяжка…
* * *
Правёў рукою па сьвежай атынкоўцы, прыемны холад.
* * *
Жучок-прусачок, нашто так сьпяшаесься схавацца хутчэй?
* * *
Кусты парэчкі. Колькі ягад тут! Побач восы вядуцца.
* * *
Над канюшынай цяжка гудзе чорны чмель, шмат працы яму.
* * *
Пад грушай старой лёг жаўнер, скінуў боты, вочы заплюшчыў.
* * *
Хто мне падкажа гэтай кветачкі назву? Слухаю вецер.
* * *
Гнілая дошка. Колькі дзірачак у ёй шашаль натачыў!
* * *
Ці ведае ён, камень на дне рэчкі, летнюю сьпёку?
* * *
Жнівеньскі вецер. У анучы на плоце вырасьлі крылы.
* * *
Чорны матылёк. Што шукае ён? Можа, чорную кветку?
* * *
Сьцяжынка ў полі. Конікі суха зьвіняць на цёплым пяску.
* * *
Куды ж, таполі, вы пайшлі чарадою, уздоўж дарогі?
* * *
Верабей ляціць, не схаваецца ў траве белы матылёк.
* * *
Летнім вечарам кожны ліхтар над шашой кліча матылькоў.
* * *
Вецер. Возера. Ціха чоўн пусты плыве. Сонца садзіцца.
* * *
Запаліў сьвятло: напалоханая мыш зьнікла ў шчыліне.
* * *
Жоўтае лісьце вецер на ганак прынёс. Як пераступіць?
* * *
Дрэвы ў тумане? Не, гэта паляць лісьце восеньскім ранкам.
* * *
Лапкі елачак мне ворагамі сталі. Зьбіраю грыбы.
* * *
Восень. Сухую галінку не пазнаеш на дрэве жывым.
* * *
Не вылучаюся, я — звычайны праходжы. Іду пад дажджом.
* * *
А дзе ж схавацца павучку-вандроўніку? Восеньскі дожджык.
* * *
Тапалёвы ліст у восеньскай бязважкасьці паплыў да зямлі.