Выбрать главу
Змокшы пад дажджом, хаваюся пад брамай. Сумны сакавік.
* * *
У качагарку спусьціўся, але печка ўжо не гарыць.
* * *
Спаць так кладуся: лёгкі вецер Радзімы хай прысьніцца мне.
* * *
Спаць не кладуся, доўга гартаю кнігі. Прыемная ноч.
* * *
Сьвятло маланкі. Месяц за хмарамі зьнік так незаўважна.
* * *
Сёньня ноччу ў сьне ізноў бачыў Радзіму. Сумны прачнуўся.
* * *
Так хочацца спаць! Раніцы прамень у твар, прачынаюся.
* * *
Чарга ў лякарні няўтульнае крэсла… Прыемны скразьняк.
* * *
Галінка вярбы. Дакрануўся, і зьніклі кропелькі расы.
* * *
Апранаюся. З хлебам выпіў гарбаты. Ранак прачнуўся.
* * *
Дзень нараджэньня. Апрануў вайсковы фрэнч. Халодны жнівень.
* * *
Ядлаўцовы куст на пясчаным узгорку. Чэрвеньскі ранак.
* * *
Кавалак хлеба. Муха над вухам зьвініць. Кубак малака.
* * *
Выйшаў з кватэры, толькі рэха вітае мяне на сходах.
* * *
За будынкамі стракатаю хмараю зьніклі галубы.
* * *
Сінія груды на поўначы Чэхіі ў сонечны дзень.
* * *
Руды сабака брэша за весьніцамі… Няўжо я чужы?
* * *
Як моцна дрэва за глебу трымаецца… Зрываю кветку.
* * *
Ценем фіранкі крэсьліць паперу вецер, складае свой верш.
* * *
Руіны мура, ізноў ты стаў валуном, камень на груду.
* * *
Фарбую сьцяну. Ці знойдзе шэры павук сваю шчылінку?
* * *
Ядлаўцовы куст выкінулі на пясок хвалі верасу.
* * *
Засохла дрэва. І жукі-дрывасекі тут завяліся.
* * *
Сена варушу. Нават у летніх травах схавана восень.
* * *
Добрая душа, падары цыгарэтку, запалім разам.
* * *
Павуком пабег чырвона-чорны камбайн у жоўтым жыце.
* * *
Ляжу пад дрэвам, а ў галаве ні думкі, адпачываю.
* * *
Ядлаўцовы куст, ці чалавек на грудзе махнуў рукою?
* * *
Залаты жучок раптам мільгануў і зьнік — вецер у траве.
* * *
Ты не сумуеш Па ветру над возерам, жучок-плывунец?
* * *
Кветку не кранай, бо загудзе на цябе раззлаваны чмель.
* * *
Здароў, землякі! На слупе пры дарозе рэжу слова «Менск».
* * *
Гарбаты жучок, на плячах сваіх схаваў лёгкія крылы.
* * *
Прылёг на зямлю. Адкінуўшы рыдлёўку, адпачываю.
* * *
Заварушыўся каля берага чарот, выпаўзла жаба.
* * *
Да дому прынёс на адзежы кастрыцу. Хораша ў лесе.
* * *
Пакінуты дом, ці будуецца новы? Шарая гадзіна.
* * *
Стомлены працай. Прыемны холад вады. Доўга мыюся.
* * *
Чыркнуў запалкай. Вастракрылы матылёк сьвеціцца ў цемры.
* * *