Выбрать главу
Грукнулі дзьверы. Пацягнула скразьняком… Прачнуўся ноччу.
* * *
Жнівеньскі месяц праглынулі аблокі. Халодная ноч.
* * *
Старога сябра галава пасівела. Месяца сьвятло.
* * *
Ляжаў і слухаў, вось крокі праходжага далей і далей.
* * *
Чыркнуў запалкай. Вецер, не тушы ўначы крылы полымя.
* * *
Што мне трэба ўзяць? Яблык у кішэнь паклаў. Холад раніцы.
* * *
Пасьля хваробы выйшаў на двор прайсьціся. Халодны вецер.
* * *
Колькі кастрыцы! На белым грыбе сьлімак адпачывае.
* * *
Затрапятаўся блакітны вітраж — вецер крануў галіны.
* * *
Сябра-верабей, ты прыляціш да мяне сумнай раніцай.
* * *
Аловак схаваў. Толькі вецер варушыць лісты паперы.
* * *
Яблыня-дзічка, ты ізноў нарадзіла толькі ападкі.
* * *
Што за хмарамі? Можа, і там, па небе сыпле дробны дождж?
* * *
Жоўтае лісьце, дробныя хвалі нясуць. Холад лужыны.
* * *
Зробіць смачнымі яблыкі з антонаўкі халодны вецер.
* * *
Лясныя сьцежкі, размыты доўгім дажджом, верасень ідзе.
* * *
Хавайся хутчэй, вадамер. Бачыш, лісьце жоўтае плыве.
* * *
Сухое лісьце. Вецер зжоўклай газэты старонкі панёс.
* * *
Конік засьпяваў у пажаўцелай траве. Сёньня так сумна.
* * *
Кошык з грыбамі панёс чалавек — сьціхлі конікі ў траве.
* * *
Ад каго схаваў жоўтае лісьце вецер пад агароджай?
* * *
Праз мокрае шкло паглядзі на праходжых, што шпарка ідуць.
* * *
Ніхто ня ўбачыў, я спыніўся ў натоўпе, стаю пад дажджом.
* * *
Грак над ворывам, паляцеў уздоўж груда, крыкнуўшы ветру.
* * *
У белай місе, нібы вока восені, чырвоны яблык.
* * *
Камарык зьвініць? Ці сухую галінку гайдае вецер?
* * *
На хвалях ракі алешыны ліст паплыў… Дзе ён спыніцца?
* * *
Шэпча аб нечым мне мурзатая грубка. Восеньскі вечар.
* * *
Чарку гарэлкі наліў і выпіў адзін. Ня маю сябра.
* * *
Хто з нас больш сумны? Гэты дождж параўнаю са сваім жыцьцём.
* * *
Запалі ліхтар. Кроплі дажджу прачнуцца на маім вакне.
* * *
У цёмным кутку пачапельнік драўляны. Мокры капялюш.
* * *
Комін фабрыкі. У лужыне мазута. Мокрыя боты.
* * *
Шклянка ля крыжа на вясковых могілках зьбірае лісьце.
* * *
Хто гэтай ноччу наведае ліхтары? Холад верасьня.
* * *
Доўга пью каву, аб жыцьці разважаю. На вуліцы дождж.
* * *
Каля вогнішча, змокшы наскрозь пад дажджом, прысеў адпачыць.
* * *
У маім доме лістападаўскі вецер зачыніў дзьверы.
* * *
Зорнае неба. Доўгімі зрабіў цені высокі ліхтар.