Выбрать главу
* * *
Месяц не ўзыйшоў. Ліхтары ўздоўж дарогі — маё сузор'е.
* * *
Сёньня здалося — не вярнуцца ніколі мне да Радзімы.
* * *
П'е чарку адзін, бо на Радзіме сваёй ня мае сябра.
* * *
На мапу гляджу: вось родныя мясьціны, так недалёка.
* * *
Шкляначку кавы купіў і сьпяшаюся дадому, зварыць.
* * *
Час адпачынку, і кожны нешта сваё ўспамінае.
* * *
Брата б убачыць, яго руку паціснуць, хоць на імгненьне.
* * *
Цыгарка ў руцэ, зьбіў попел, і агеньчык быццам прачнуўся.
* * *
Шэра-чорны цень у жыцьці пакідаю — свой фотаздымак.
* * *
Змоўкла радыё, тэлевізара сьвятло гасьне на вачах.

Віктар Шніп

* * *
Сьвецяцца зоры. Кароткая дарога да роднай хаты.
* * *
Блішчыць сіні сьнег. Трэснуў на бочцы абруч. Едкі пах дыму.
* * *
Рыпяць арэлі. Птушка сьпіць на галінцы. Сьвеціцца шкельца.
* * *
Далёка дамоў. З куста падае лісьце. Халодны лівень.
* * *
Белая вішня. Узьляцела сініца. Сыплецца шэрань.
* * *
Высокая трава. Плыве па зялёнай вадзе пажоўклае лісьце.
* * *
Старая ня сьпіць. На тумбачцы сьвеціцца здымак старога.
* * *
Малады голуб лётае за матылём. Ціхія дрэвы.
* * *
Жанчыны рвуць лён. Шэры жаўрук у небе гаворыць з хмарай.
* * *
У хмаркі белай просіць піць перапёлка. Расьце збажына.

Андрэй Антонаў

* * *
Зялёныя рунь і неба… Колер яе вачэй ня ўспомню.
* * *
Старая хата, у павуціне срабрыстай матыль засохлы.
* * *
Дождж. Спаць іду з надзеяю, што заўтра горад патоне.
* * *
Над мёртвай коткай дзяўчо ўкленчыўшы плача. Вечаровы час.