* * *
Маленькі сьлімак
задумаўся пра вечнасьць
на цёплай рэйцы.
* * *
Няўжо, крыніца,
ты дасюль ня ведаеш,
як мяне завуць?
* * *
Узгорак, белы
ад дзьмухаўцовых куляў,
глядзі, не ўзьляці.
* * *
Там, на гарышчы
ў пушцы з жаўнерыкамі
жыве маленства.
* * *
Чаму ты маўчыш,
зязюля-прарочыца,
у маім садзе?
* * *
Дзьмухаўцовы пух
у тваёй жарай грыўцы.
Скончыўся травень.
* * *
Пялёсткі вішняў
прыплылі па рачулцы
з майго дзяцінства.
* * *
Зялёны вецер
прынёс з таго берага
згадкі пра цябе.
* * *
Пярсьцёнак-зьмейка,
толькі ён застаецца
берагчы цябе.
Уладзімір Сьцяпан
* * *
Лесьвіца. Дзьверы.
Доўга стаю. Слухаю.
Мама сьпявае.
* * *
Вочы заплюшчыў —
пах лістоты ў пакоі,
вецер за вакном.
* * *
Явар чырвоны
убачыў бы першы сьнег,
калі б ня вецер.
* * *
Трамвай празьвінеў —
зноў цішыня навокал…
Слухаю вецер.
* * *
Сьляды на пяску:
птушак, людзей, сьлімакоў —
хвалі змываюць.
* * *
Зноў сустрэў яе,
з кошыкам жоўтых сьліваў
да бальніцы йшла.
* * *
Лесьвіца з дошак
у драўлянай званіцы.
Сьцёртыя сходы.
* * *
Нехта пакінуў
вядро з вадой ля сьцяны.
Рудая трава.
* * *
Гляджу вечарамі
на камень і ракаўку,
што з мора прывёз.
* * *
Павута ляціць.
Праз срэбра нітак лёгкіх
гляджу на неба.
* * *
Па лесьвіцы зьбег
ліст у абдымках ветру,
насустрач зіме.
* * *
Цёмна ў пакоі.
Падае, падае сьнег
на суседні дах.
* * *
Станцыя «Ліпа».
Пахне скошанай травой
нават сіні дым.
* * *
Чакаю маці.
У маўклівым пад'езьдзе
слухаю крокі.
* * *
Ліхтар згасае —
ярчэе кола поўні
на голым дрэве.
* * *
Жоўтыя зоры
на чорнай вадзе ляжаць —
з клёнаў упалі.
* * *
Чуйны дзьмухавец
вартуе сон ветру
у чыстым полі.
* * *
Гаўбец адчыніў —
дождж стаіць у парозе,
празрысты, як цень.
* * *
Як сумна гарыць
зорка ў ранішнім небе —
зорка Вэнэра.
* * *
Зноў засынаю
і прачынаюся зноў
ноччу халоднай.
* * *
Сьцяна. Колкі дрот.
Варону вецер загнаў
пад гэту сьцяну.
* * *
Радасны голас
з вуліцы вецер прынёс —
голас дзіцяці.
* * *
Толькі шэры дом
ды белы сьнег халодны —
бачу за вакном.
* * *
Прыцемкі. Восень.
Вогненнай вежай дрыжыць
ліпа на ўзьлеску.
* * *
Стары, стары дом.
Сьцёрся блакітны нумар,
ведаю — сёмы.
* * *
Хвалі завеі
сьлед падхапілі белы —
сьлед на дарозе.
* * *
Галіну крануў —
падае ліст барвовы
на чорны асфальт.
* * *
Знойдзе на бруку
хлопчык каштан вільготны
і заўсьміхаецца.
* * *
Сьветлы золкі дзень.
Кропляй іртуці дрыжыць
сонца ў гардзіне.