Выбрать главу
* * *
Скляпеньні, крокі, водгульле, палёт-лісток сухі лунае.
* * *
Шоргат шэрых хваль доўга слухаю адзін. Дух марской травы.
* * *
Жорсткі хвалялом, насьцярожанае мора, шурпаты вецер.
* * *
Глядзіць сланечнік, нахіліўшы галаву, на ранішні сьнег.
* * *
Пад белым небам у сухой траве заснуў руды сабака.
* * *
Лялька ў калюзе, нерухомыя вочы глядзяць з-пад вады.
* * *
Кідае лісты ў фантанчык зь лебедзем стогадовы клён.
* * *
Ціха падае лісьце з паркавых клёнаў, падае ціха.
* * *
Вецер у сьпіну. Коціцца сухі лісток, а за ім другі.
* * *
Вяртацца мушу, вяртаньне будзе хуткім… Ізноў дарога.
* * *
Гаворым з братам пад цёмнымі букамі, палім няспынна.
* * *
На ціхай вадзе дзікія качкі сядзяць, хуткі цень кірлі.
* * *
Зачапілася за гатычны кіпарыс хмарка горная.
* * *
Пад ляскоўкаю нечакана знайшоўся салодкі яблык.
* * *
Я забіў жучка, А спытай мяне — нашто? І не адкажу.
* * *
Палахлівае лісьце паляць у парку, полымя й вецер.
* * *
Восеньскі кантраст — на бліскучым блакіце жоўта-цёмны клён.
* * *
Парк прапах дымам. На гурбе чорных лісьцяў танчыць агеньчык.
* * *
Чорная вада у калюжыне стаіць, а над ёю — я.
* * *
На рэчку хадзіў паглядзець, ці замерзла, чакаю зімы.
* * *
Чужы завулак — тут нават чырвань цэглы цяпла ня мае.
* * *
Холад восені, у вясну ляціць-ляціць матылёк сухі.
* * *
Ты мяне суцеш, доўгая дарога да шэрага неба.
* * *
Лілея ў шклянцы, дух яблыкаў-антонаў, сьлёзы каханкі.
* * *
Нашто блукаю і каго шукаю тут, сярод туманаў?
* * *
Памажыце мне каханую забыць, кля — новыя лісты.
* * *
Сланечнік высах, ледзь чутны водар мёду застаўся ў лістах.
* * *
Несупынны дождж, як дзіця, спадзяюся на заўтрашні дзень.
* * *
Рукі нямога, чырвоныя на дажджы, хутка гавораць.
* * *
На камень-валун сеў самотны вандроўнік, халодны вечар.
* * *
Легкаважны дым не магу ніяк схапіць за блакітны хвост.
* * *
Як непрыкметна на вагоннай падлозе сьлед высыхае.
* * *
Сьпяць дарожнікі, лыжка ў шклянцы на стале ўсё зьвініць-зьвініць.
* * *
Так дрыжыць вагон, што ніводнай літары роўна не пішу.
* * *
Стаміўся ехаць, нарэшце, той прыпынак, дзе ўсе сыходзяць.
* * *
Чаму ж вы, пташкі, ня зьведалі адзіноты па-над зямлёю?
* * *
Агарнулі лес восеньскія халады, вогнішча кладу.
* * *
Колькі каштанаў прынёс дадому й расклаў у кніжнай шафе.
* * *
Паўночны вецер, дождж, шэрая дарога, ноч, валацуга.