Выбрать главу

— Ось тут вы і праваронілі, — здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы. — Давай памяняемся, а то…

Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.

— У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася. Людзі слаўныя аказаліся, дзед — бывалы салдат, усё пра тую мікалаеўскую расказваў. Бабы — старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, а галоўнае — адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. І пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: «Не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя». Ну, добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расею нікому не перамагчы, яна заўжды ўсіх біла — і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.

Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа, з нас двух хто прагаварыўся, а можа, ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях — рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек — не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок — і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.

Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «І там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю… Халера, патухла. У цябе гарыць?

У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.

— Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў. — Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.

А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: «Гімнасцёрка ў хаце». Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.

Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў, — змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.

Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; з паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.

За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».

Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся, і яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.