Выбрать главу

Сцёпка на каленях крутануўся з-за вецця ўбок, ловячы на мушку тых, што беглі, але яму не хапіла якое секунды, каб сумясціць яе з проразам, як магутная сіла выбуху кінула хлопца вобзем. На ўсю глыб скалануўся поплаў, цёплая смярдзючая хваля шаснула па кустоўі. Аглушаны Сцяпан нейкаю часткай пачуцця адзначыў, як штось важкае гэпнула паблізу на зямлю. Ён, аднак, тут жа ўскочыў, глытаючы горкую сліну, навобмацак ухапіў ля сябе аўтамат. Клубы едкага рудога дыму ахінулі кустоўе, вочы тут жа заслала слязьмі, хлопец спатыкнуўся і зноў упаў на штось цвёрдае — пад нагамі, коса ўбіты ў зямлю, тырчаў абламаны брус ад парэнчы.

Ён прабег трохі за алешнічкам — далей ад моста і дарогі, потым па лузе завярнуў да недалёкага знаёмага хвойнічку. Па ім не стралялі, усё наўкола замерла, аглушанае выбухам. Паступова Сцяпан адолеў сваё ўзрушэнне і ўпершыню азірнуўся: мост акурат пасярэдзіне быў разарваны вялізнай праломінай, з якой бязладна тырчалі ў бакі абломкі бярвён, дошак. Там жа нешта смылела — шызы, не густы дым слаўся па-над рэчкай і поплавам.

На мосце і каля яго не было ніводнай жывой душы.

16

Заграбаючы ботамі ў дробнай траўцы, Сцёпка ацяжэла трухаў да недалёкага ўжо сасонніку. Драціна на боце парвалася ці, можа, спаўзла, падэшва зусім адстала і на кожным кроку дакучліва ляскала. Аднак цяпер было не да падэшвы — удалося б вынесці ногі. На бягу ён колькі разоў азірнуўся: дарога з мястэчка ўжо закурэла пылам — некалькі конных імчалі да моста.

Але наўрад ці яны дагоняць яго: ужо зусім блізенька лес, кустоўе, а ззаду рэчка з багністым берагам у трысці — хай паспрабуюць перабрацца цераз яе з коньмі. Праўда, яны маглі дастаць яго тут агнём, ды ўсё роўна ён перайшоў на крок: не хапала ўжо сілы бегчы — гаркота распірала грудзі, вочы заліваў гарачы салёны пот.

— Хутчэй! Хутчэй ты! Бягом!..

Сцёпка падняў разгарачаны твар — між хвойніку ў зялёным суччы варухнулася знаёмая галава ў пілотцы, Брытвін апантана махаў рукой і з прыцішанай злосцю патрабаваў цяпер ад яго:

— Бягом!!

Сцяпан аслабела затрухаў, кіруючы трохі ў бок ад свайго напрамку, туды, дзе быў Брытвін, і праз хвіліну, расхінаючы грудзьмі калючае сучча, уціснуўся ў хвойнік. Ззаду так і не стрэлілі ні разу, і ён не азірнуўся болей — дзе былі ў той час яго даганятыя, ён не бачыў. Ён імкнуўся цяпер хутчэй далучыцца да сваіх двух. Але тыя не дужа чакалі яго — зводдаль у сасонніку мільганула зялёная ў ватоўцы спіна Данілы: не трацячы часу, яны цераз пагорак беглі далей.

Цяжка тупаючы па мяккім іглістым доле, абдзіраючы твар у гушчары, Сцёпка вылез на выспачку і з палягчэласцю ў нагах пабег уніз. Тут ён зноў убачыў тых двух: Брытвін быў ужо на ўзлеску — коратка азірнуўся, матлянуў рукой: «Хутчэй!» — і кінуўся на ніўку.

Здаецца, яны адарваліся ад даганятых, ва ўсякім разе схаваліся з іх вачэй і сталі недасягальныя для іх агню. Можна было б уздыхнуць з палёгкай, нервовае напружанне збавілася. Як ні дзіўна, да Сцёпкі толькі цяпер, у сасонніку, дайшло, што наперакор усяму яны перамаглі. Мост узарваны, было чаго радавацца. Але радасць чамусь не прыходзіла, не было нават сціплага задавальнення, нешта яшчэ не ўсвядомленае замінала ўнутры, не давала нават завязацца радасці. Вядома, найперш — Маслакоў. Ён усё гэта пачаў, вёў іх, першы пайшоў на самае небяспечнае, а цяпер вось яны без яго. Мусіць, без Маслакова самая вялікая ўдача будзе для яго пазбаўлена радасці — Сцёпка пачаў адчуваць гэта амаль выразна. Зноў жа — падлетак Міця. Вядома, Міця — эпізод, хлопец на адзін дзень, — колькі такіх з'яўлялася на яго партызанскім шляху і ішло ў свой лёс: жыло ці нават гінула — якая яму была да іх справа?

Але гэты хлапчук штось зацямніў у ім, штось непраясненае, толькі крышку адчутае панёс з сабою з жыцця, пакінуўшы Сцёпку пытанне: як жа так? Мо таму, што ён нават не быў партызанам, падпарадкаваным абавязку ці сіле загаду, сам па сваёй ахвоце пайшоў на тую сваю пагібель і прапаў. Але чаму тады тут муляе нешта ненатуральнае і крыўднае? Быццам несправядлівае нават?

Калі Сцёпка таксама вылез з узлеску, тыя двое, пылячы раллёй, ужо беглі па ніўцы: у разоры Брытвін і ззаду, крокаў праз дзесяць ад яго, Даніла. Яны зноў не прычакалі хлопца, і ён проста не меў сілы дагнаць іх: схіл тут скончыўся, пачалася роўнядзь, бегчы стала цяжэй.

Усё ж ён бег, горка дыхаючы разяўленым ротам. Аўтамат яго вісеў пад пахай, і ён прытрымліваў яго рукою, не даючы біць дыскам аб бок. І тады ўспомнілася, як некалі ўзімку бадай гэтаксама яны беглі ад чыгункі па снезе: наперадзе Сцяпан, за ім Маслакоў, а група прыкрыцця сядзела ў ельнічку — да апошняй хвіліны, чакала, пакуль іх двое не прайшлі паласу расцяробу. Яны ўдвух выконвалі самае цяжкае: закладвалі міну, тузалі «вуду», і астатнія шанавалі іх за рызыку, беручы пасля выбуху ўсё на сябе. Такі быў парадак, партызанскі звычай, які свята выконвалі ў атрадзе; і толькі калі двое выйшлі з-пад агню, тады пабеглі ўсе разам. Гэтыя ж не маглі дачакацца нават у лесе. Балазе яшчэ ззаду не было даганятых, а то б ён даўно ўжо трапіў на іхнюю мушку.