Сцёпка зусім ужо прыставаў, і чым меней у яго заставалася сілы, тым большая прыкрасць паднімалася ўнутры — нібы яго знарок хацеў хто пакрыўдзіць. Ён, аднак, ведаў, што не знарок, што сапраўды хутчэй трэба змывацца, але не мог зладзіць са сваёй злосцю і, раптам спыніўшыся, крыкнуў:
— Стой вы!
Яны азірнуліся, убавілі кроку і, дасягшы кустоўя, трохі недаўменна прыпыніліся, бокам пастаўшы да яго.
Брытвін сцішана загаманіў, таксама не трымаючы злосці:
— Давай хутчэй! Ну, што ты грабешся, як баба!
Змораным крокам Сцёпка ўрэшце дагнаў іх. Ваўкавата тулячы позірк, хлопец, аднак, убачыў спатнелы твар Брытвіна, ажыўлены рызыкоўным азартам. Удачлівым, аднак, азартам.
— Не бачыў, не беглі? — запытаў Брытвін, калі ён падышоў бліжэй.
Сцёпка знарок не адказаў — ён проста не мог размаўляць з імі і нават глянуць у іхнія вочы — яго даймала пытанне: «Дзе вы былі?» Ён адчуваў сябе абдураным, бо амаль паверыў ужо ў Брытвіна, яго валявую рашучасць і ўмельства і нават схіляўся да таго, каб аддаць яму перавагу над Маслаковым.
Нарэшце яны ўтрох разам ступілі ў негусты тут, дробненькі параснік. Бегчы па ім было лёгка, толькі шорхала пад нагамі прэлае лісце ды пахруствалі апалыя галінкі. Праз хвіліну Брытвін зноў азірнуўся на Сцёпку.
— Кантузіла, ці што?
— Нічога не кантузіла, — буркнуў хлопец.
Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:
— Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!
Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставата-радаснай ухмылкай твар.
— Ну.
— Парадак у танкавых вайсках!
Яны радаваліся — што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў ірванулі мост — хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.
Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін таксама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі — кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае — паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.
Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала пакутай. На правай назе да таго ж даўно ўжо балела пята — мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.
Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.
— Гы! Што ты ўдумаў?
Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так», — падумаў ён з невясёлай палёгкай.
Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партызан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.
— Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?
— Ідзі вазьмі!
І Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы, бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.
— Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!
— Ты навошта гэта? — пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.
— Бо рваныя. Не бачылі?
Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.
— Падрамантаваць каб, дык насіць можна.
Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.
— Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.