Выбрать главу

Эдгар Алан По

Крумкач

Уначы, парой панылай, калі з думкаю бяссілай задрамаў я з мудрай кнігай, з важкай кнігай у руках, – то ачуўся ўраз ад гуку, нібы нехта жвава стукаў, быццам рэзка так застукаў да мяне нязваны страх. "Госць, – падумаў я, – чакае за дзвярыма, а не страх. Проста госцейка ў дзвярах”.
Ах, сваволіла прырода, выла ветрам непагода, ценяў прывідных уроды на падлозе паляглі. Я чакаў з бясконцай далі, покуль цені бушавалі, памяць пра Лінор хавалі за бязрадасныя дні, пра святую, што ў Эдэме, на аддаленай зямлі... Згаслі тут яе агні.
Стылы шолах за парцьерай... Пашчу жах сваю ашчэрыў, паланіў мяне між крэслаў, габеленаў, медных ваз. З заміраннем сэрца, ціха, прашаптаў я, каб не крыкнуць: "Гэта госць стаіць нязнаны за дзвярыма ў позні час, проста госць таемны хоча быць са мной на гэты раз. Проста госць у змрочны час”.
Акрыяўшы з перапуду, рады госцю, нібы цуду, "Выбачайце, пан ці пані, ледзь расчуў у цемры вас,” – гаварыў я з парываннем і з затоеным чаканнем, і апраўдваўся дрымотай ля каміна ў позні час... Толькі расчыніў я дзверы, цемра ў дом пранікла ўраз. Толькі – цемра ў гэткі час.
Паланёны цемрай важкай, я стаяў і дыхаў цяжка, думкі сноўдалі такія, нібы змеі з чорных нор; доўга слухаў цішыню я – непадатную, густую, як са змроку раптам чую слова цёплае: "Лінор!” Гэта я шапнуў, а рэха адказала мне: "Лінор!”, мне вярнула як дакор.
Раззлаваны гэтай стратай, зачыніўся, скрухай сцяты, я, аднак, пачуў адразу за дзвярыма тарарам. "Той жа стук, мацнейшы толькі! – думкі роспачнай іголкі паімчаліся па нервах. – Той жа госць ранейшы там... Не! То вецер з аканіцай усчынае тарарам. Вецер – больш нічога там!”
Адчыніў я аканіцы – Крумкач выйшаў, як з вязніцы, з цемры вонкавай панылай, азірацца важна стаў. Потым пырхнуў на Палады бюст, усеўся аграмадай з выглядам паважным, рады, мабыць, што мяне застаў. Рады, што ў самотным доме чалавека ён застаў. Сеў, нічога не сказаў.
І, ачуўшыся аднак жа, прыглядзеўся і заўважыў я ўсю веліч гэтай птушкі, чорнай, як сама бяда. І сказаў: "Твой выгляд страшны адначасна значны, важны, называць цябе як скажаш, ці ёсць назва хоць адна? Сярод тысячы найменняў ці ёсць назва хоць адна? Каркнуў госць мой: "Пустата!”
Птушкі голас недарэчны паласнуў мяне, як мечам, бессэнсоўнасцю нахабнай з галавы да ног абдаў. Бо ўсім ясна, што не ў сілах птушка поўначчу панылай турбаваць жытло чужое, як татарская арда. Птушка, што на бюсце белым – рыхтык чорная руда. Птушка з клічкай Пустата.
Ён сядзеў так нерухома, што здаваўся часткай дома, гэты прыхадзень нязваны, пасланец начы нямой. Крумкачынай дзюбай страшнай ён выцягваў жыцці нашы і нагадваў пекла пашчу пры канцы дарогі той, што праходзім, каб дабрацца да канца дарогі той... Каб назвацца Пустатой.
Здрыгануўся я ўсім целам, а Крумкач на бюсце белым па-ранейшаму спакойна, нібы ён са мной на "ты”, касавурыўся, старэча. О, навошта гэта стрэча ў прыцемку Пуціны Млечнай, ва ўладарнасці бяды... Адбылася так раптоўна ва ўладарнасці бяды! Ды пад зоркай Пустаты.
Крэсла да яго пасунуў, разглядаў з ранейшым сумам, разважаў, а крык ірваўся, з горла сіплы крык "Ратуй! Развярні гаротны лёс мой, пакажы паляны, плёсы, і распырскай, сонца, росы, адвядзі маю бяду. Адвядзі, вярні на месца, як у рэчышча ваду!” Ды крычаў я ў Пустату.
Што за дзіўная разлука, і за што такая мука – не спасцігнуць мне давеку на сваім пякельным дне. Толькі люстры промень цьмяны, толькі вечныя падманы лезуць з памяці экрана, як Лінор душу кране. Пра Лінор святая памяць як душу маю кране. О, за што такое мне!
Падалося: серафімы выплывалі ў пасмах дыму, на дыван сцякалі проста, як крынічная вада. І спяваў я ў ачмурэнні, ды маліўся аб збавенні, мільгацелі гукі, цені, піў я кубак свой да дна. Піў любові непадзельнай медны кубак свой да дна. Крумкач каркнуў: "Пустата!”
Пракрычаў я: "Згінь, пракляты! Дух пякельны, твае краты пагубілі ўсё на свеце, што люблю я з даўніх пор! Хто цябе сюды паклікаў, што сядзіш у цьмяных бліках ты на бюсце нерухома, каркаеш, як злы дакор? Ты чаму адзін і той жа пасылаеш мне дакор? Зыкнуў госць мой: "Nevermore!”
Паўтарыў я: "Згінь пракляты! Дух пякельны, твае краты перакрыжавалі веру, веру даўнюю ў жыццё. Ці ёсць Бог над гэтым светам, або круціцца планета, адзінокая планета адлятае ў небыццё? Адлятае, як лістота з дрэў асенніх, як лісцё... Божа, дай мне забыццё!”
"Пакідай мой дом самотны, доўжыць дай спакой дрымотны, – я падскочыў, крыкнуў: – З ветрам ты ляці ў начны прастор! Ані пёрка, ані духу не пакінь сваіх, каб скруха не вярнулася і вуха, каб не чула з гэтых пор, пра цябе не чула вуха анічога з гэтых пор!” Каркнуў госць мой: "Nevermore!”
Ён сядзіць дагэтуль, вечна. За акном Пуціны Млечнай зоркі ззяюць. Іх не бачу. У гаркавую ваду апускаю сны і мроі. А Крумкач сваім спакоем заварожвае і поіць, корміць ён маю нуду. Дэман, што ў абліччы птушкі, думу думае адну – каб глядзеў я ў Пустату.
~ 1 ~