Яны селi ў баразне на агародзе сярод маку, што суха шапацеў лiсцём на ветры. Бацька сказаў, што трэба даставаць карову i што ён паможа. Трэба папытацца, можа людзi дзе прадаюць.
"Як прыйдзецца крута, то не ведаеш куды кiнуцца..." - падумаў ён i пашкадаваў, што пазаўчора не ўзяў у Петрыка соладу. Праз тыдзень можна было б мець самагонку, а з ёю i карову можна таргаваць. Нават у немцаў.
Ганна супакоiлася, не плакала ўжо.
- Пазаўчора была ў мяне жанчына з Сяльца. Казала, што ў iх начаваў Лычко Сымон з Гравы, калi ў чэрвенi нашы адступалi...
- Што ты кажаш!
- Пыталася, цi няма яго дома.
Навiна вельмi ўразiла Ворку.
- Глядзi... - Ворка азiраўся, - каб тая кабета не прывяла хвост у двор...
- Не павiнна. Пасядзела, распытала, як жыву, што чуваць у нас, i пайшла.
- Калi толькi яна ў Граве каму-небудзь сказала, што Сымон быў у Сяльцы, то трэба баяцца, дачка. Там часта бывае Коршак.
- Я ў яе пыталася... I так i гэтак... Але яна нiчога болей не сказала. Заходзiў, пераначаваў, а ранiцай пайшоў з яе сынам.
- А дзе ж гэта яны знюхалiся?
- На курсах трактарыстаў разам вучылiся.
- То можа нiчога, - Ворка супакоiў i сябе i дачку. - Многа людзей iшло. Дзён дзесяць назад зайшлi да нас удвох, з бародамi, як дзяды. Есцi прасiлi. Казалi, што iдуць з-пад Беластока.
Ворка доўга сядзеў, падпёршы рукамi галаву. Думаў аб тым, што рабiлася ў Жорнаўцы, у Граве i ў тым далёкiм Сяльцы, з якога нядаўна была ў Ганны жанчына. I ўсюды былi слёзы, страх i трывога.
Ворку ж пакуль што нiчога. Непрыемнасцi мiналi яго. I тут ён успомнiў Бойку Змiцера. Успомнiў яго словы: "Калi што трэба, то заходзь".
"Можа ён i з кароваю паможа?" - мiж iншым падумаў Ворка.
Праз колькi часу, развiтаўшыся з Ганнай, ён падаўся на шашу i пасля паўдня быў ужо ў горадзе.
Бойка сустрэў Дзiкуна ветлiва, як i першы раз.
- Можа што новенькае прывёз?
- Нiчога такога.
- Шкада...
Калi ж Бойка пачуў, якая патрэба прывяла да яго Ворку, адразу глянуў на гадзiннiк.
- Праз паўгадзiны машына iдзе ў Страхiнь, i карова будзе. Сам паедзеш з намi.
- Што ты кажаш?
- А цяпер пасядзi... У цябе, здаецца, ёсць радня ў Замошшы?
- Як жа, там дзядзiна жыве.
- То i добра. Схадзi пагасцi. Мне трэба ведаць, дзе браты Згiроўскiя. Старэйшы, Юзiк, у млыне рабiў, а малодшы служыў на базе. Не памятаеш iх?
- Памятаю.
- Ну вось...
Неўзабаве грузавiк, узнiмаючы клубы пылу, мчаў у саўгас "Ягадны".
Ворка са Змiтрам выбралi ў саўгасе пярэстую карову. Залыгваючы яе, Ворка бачыў, што на машыну немцы грузiлi свiней, авечак.
Iдучы па поплаве з каровай, Ворка быў сумеўся.
Спынiўся, нiбы падпасваў карову, а сам усё азiраўся на саўгас.
У яго нават з'явiлася думка кiнуць карову i хутчэй падацца дамоў.
Пачуўшы вiск свiней, Ворка адумаўся.
"Я не вазьму, то Змiцер забярэ i прап'е. На гэта ён здатны".
Позна вечарам карова была ўжо на двары ў Ганны.
- Тата, адкуль карова? - здзiвiлася Ганна.
- Купiў у засценку ў шляхцiца.
- Колькi далi?
- Дзесяць пудоў пшанiцы i мех аўса.
- Мала ён узяў за такую карову...
- Цяпер такi час, што няма калi вельмi таргавацца.
Павячэраўшы, Ворка пасядзеў на парозе ў сенцах, пасля пайшоў i лёг у каморы.
"Каб шафу добрую памог яшчэ дастаць Змiцер. I ложак нiкеляваны..." падумаў ён, падбiваючы падушку.
Можа вiною было новае месца цi цвыркун не даваў заснуць, бо Ворка доўга варочаўся на ложку. Потым пачуў далёкi стрэл. Выйшаў на двор, узлёгся на плот. У сяле была цiшыня.
"А што, калi Сымон не пайшоў на ўсход, а далучыўся да Коршака?" - усплыла думка, горкая, як чэмер.
Раптам з-пад Крумкачовага гаю пачулася аўтаматная чарга:
- Тра-та-та! Та-та!
"Коршак прыйшоў. Дрыжы, Бойка Змiцер", - падумаў Ворка i сам задрыжаў, як асiнавы лiст.
Доўга стаяў Ворка ў поцемках каля плота, пасля пацiху пасунуўся ў сенцы.
Назаўтра ён выбраўся ад дачкi толькi пасля позняга снедання. Сонца паднялося ўжо i добра прыпякала. Ён iшоў узлескам Крумкачовага гаю. Зноў пад арэхавым кустом убачыў тую самую каску. Узяў яе асцярожна i схаваў у густым ядлоўцавым кусце.
"Можа яшчэ спатрэбiцца. Такi цяпер час", - падумаў ён i, выйшаўшы на старую дарогу, убачыў на траве сляды ад машыны.
"Гэтага ўчора не было", - здзiвiўся Ворка i раптам падаўся па следу ў глыб лесу. На грудку спынiўся. Тут якраз была прагалiна, i сляды ад машыны паўз самыя кусты паварочвалi назад.
"Заязджалi... Схавалi нешта", - азiраўся Ворка.
На прагалiне ўскапаная зямля была здратавана ботамi.
Тупаючы па ўзгорку, ён бачыў акуркi i гiльзы ад аўтаматных патронаў i нiяк не мог дадумацца, што тут рабiлася ноччу.
"Гэта не Коршакава работа. Нехта другi быў", - думаў ён аж да самага дому.
Жонка спаткала яго ў сенцах.
- Дзе ты хаця быў?
- У Ганны. Дзе ж яшчэ?
Калi яна даведалася, што ў дачкi здарылася, забедавала:
- Няхай бярэ дзiця ды едзе сюды. У Граве ёй не жыццё, калi няма Сымона. Вакол чужыя людзi.
- Як гэта чужыя?
- А што ж, сваякi? I яшчэ табе скажу - не швэндайся нiдзе ноччу... Нарвешся...
- На каго?
- Хоць бы на таго Коршака. Зловiць з мяшком, не пагладзiць па галаве. Хопiць таго, што напрыносiў. На сто гадоў не назапасiш.
- Ну добра, добра... Учора вазiлi грэчку?
- Падвечар трохi вазiлi.
- Лiха iх галаве.
Жонка пайшла ў агарод, а Ворка ўсё пазiраў на сонца. Як толькi сцямнела, ён адразу падаўся з мяшком за вароты, скiраваў сцежкай на грачанае поле.
"Нiкому не буду кланяцца, нi ў кога прасiць не буду", - разважаў ён каля кучак над мяшком. Рабiў усё не спяшаючыся, па-гаспадарску: падтрасаў мех, утоптваў яго каленам i, калi набiў грэчкi пад самую завязку, то ледзь закiнуў мех за плечы.