Выбрать главу

Васіль Ткачоў

КРУТЫЯ ХЛОПЦЫ

Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Крутыя хлопцы; Гумар, Бібліятэка часопіса “Вожык”. — Мінск: Беларускі Дом друку, 2001, 30 с.

Рэдактар: Міхась Пазнякоў

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

На крылах смеху

Вядомы пісьменнік Васіль Ткачоў нарадзіўся ў вясёлы навагодні дзень 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Ці не таму і жыве весела, сам умее добра рагатаць і чытачоў ды слухачоў сваіх прымушае. Сапраўды, хочаш не хочаш, а калі чытаеш ці слухаеш яго гумарэскі або глядзіш спектаклі па яго камедыях, то і насмяешся ўволю, і нарагочашся да слёз.

Нягледзячы на актыўную творчую працу, адказную работу (кіраўнік Гомельскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў) і грамадскую дзейнасць, В.Ткачоў вельмі часта на крылах смеху завітвае да аматараў дасціпнага мастацкага слова. Тым, каму не давялося пабываць на такіх сустрэчах, пашанцавала зрабіць гэта цяпер.

Новую кнігу празаіка склалі гумарыстычныя творы апошніх двух гадоў. Прачытайце, і цёплы, гаючы смех падорыць вам цудоўны настрой і аптымізм.

Міхась Пазнякоў

КРУТЫЯ ХЛОПЦЫ

Жменькін, як толькі кульне горкай, успамінае сваю палескую вёсачку Чамяроўку. Да таго расчуліцца іншы раз, што сляза вялікай гарошынай выпырхне з вока. І тады ён уяўляе, як падрульвае да матулінай хаты на самай шыкоўнай і прэстыжнай іншамарцы, піпікне, на ганак выходзіць матуля, выцірае похапкам аб фартук кашчавыя рукі -- спяшаецца да яго, Жменькіна, каб расцалаваць.

– Ніяк ты, Колька? – уся засвеціцца ад шчасця матуля, нясмела спытае.

– А то хто ж! Хопіць, што бацька кабылам хвасты круціў! Я! Я, матуля! – І Жменькін пачне выносіць сваё цела з салона прэстыжнага легкавіка. – Купіў. Ну, як калымага?

– То добрая! – усплясне рукамі матуля. – То лепшая нават, чым у старшынёвых сыноў і дачок! Малайчына!

– Ведай нашых! – падміргне Жменькін.

Эх мары, мары! За што ён, Жменькін, купіць той легкавік? За інтэрнат ўжо паўгода на плаціць – абяцаюць, калі не ліквідуе ў бліжэйшы час запазычанасць, вытурыць на вуліцу. Штаны працёрліся – хоць бы на каленках, а то якраз на тым месцы, на якім сядзіш. Пантофлі есці просяць. Ды і сам даўно сытна не еў.

А падруліць да матчынай хаты, каб землякі таксама вочы працёрлі і ахнулі ад здзіўлення, ой як хацелася. Асабліва пасля чарговых келіхаў горкай.

– Чакай, матуля! – сказаў сам сабе Жменькін. – Еду! Зачакалася ты, родная!

Легкавушак каля універмага стаяла багата, адна за другую прыгажэйшыя. Паколькі разявак таксама не менш, неўзабаве Жменькін газаваў па шырокай вуліцы, спрытна абмінаючы грузавікі і розныя там «Запарожцы».

– Еду! – радасна ляпнуў па абаранцы рукамі Жменькін, і ад пачуцця, што нарэшце ён абрадуе сваю матулю, зноў на брыво ўселася сляза. – На «Фордзе»! Страчай, матуля!

Не паспеў Жменькін зацягнуць песню – настрой такі, што без яе аніяк! – калі недзе паблізу зарыпелі-завішчэлі тармазы, пачуўся піск гумы, трэск... і ён адчуў, што прыехаў. «Форд» стаяў, як укапаны. Заглох. А перад ім, падставіўшы «вока», знерухомеў «Мерседэс», з якога нетаропка вылезлі тры хлопцы – крутыя, адразу змікіціў Жменькін і спалохаўся – і накіраваліся да яго. Адзін з іх моўчкі, перамінаючы на губах доўгую, як аловак, цыгарку, працягнуў Жменькіну ключы і абыякава, але цвёрда, непахісна сказаў:

– Трымай. Ага. Праз тры дні на гэтым месцы... Ты ўсё зразумеў, мікроб? Не адрамантуеш нашу тачку – твая справа. А цяпер вылазь. Вылазь, вылазь!

Жменькін пэўны час стаяў на ватных нагах, нават адчуў, што хістаецца, хоць ветру не было. Крутыя хлопцы селі ў «Форд», пакіравалі, не азіраючыся, сваёй дарогай. Жменькін жа сеў у «Мерседэс», той лёгка завёўся. Жменькін абрадаваўся: «Фару разбіў... Падумаеш! І бок трошкі памяў. Было б з чаго сыр-бор пачынаць. Дробязі. Едзе – і добра. Ага, так я вам і адрамантую. Чакайце!»

Ад’ехаўшы крыху ад месца аварыі, Жменькін убачыў, што крутых хлопцаў затрымалі даішнікі. «Аператыўна працуюць. Малайцы!» – пахваліў ён міліцыянераў, а сам звярнуў у завулак – адсюль бліжэй да Чамяроўкі.

Праспаўшыся, Жменькін ляжаў на мяккім матуліным ложку і думаў, што рабіць яму з гэтым «Мерседэсам».

КІНО

Казюткіны глядзяць кіно. Па тэлевізары. Стужка пра наша з вамі жыццё, у ролях – вядомыя акцёры, таму да экрана прыліплі ўсе – ад старога да малога.

– А Кручкоў-та піў гарэлку! – калі на экране паказаўся славуты артыст, заўважыла, хмыкнуўшы, маці. – Усе вы, мужчыны, аднолькавыя. Вам бы толькі глытаць, толькі б булькаць!..

Муж агрызнуўся:

– А Шукшына колькі разоў замужам была? Падказаць?

– То ж Шукшына, а не я, дурніца, – уздыхнула, шкадуючы аб пражытым жыцці, жонка. Між іншым, а ты не скажаш, колькі разоў гойсаў у ЗАГС той жа Кручкоў?

– Ну, тры... – ціха мовіў муж. – Для артыста – нармальна.

– Дык яму можна, а Шукшыной – не? – вырачыла вочы на мужа кабета.

– Мама, тата! – папрасілі дзеці. – Цішэй вы, нічога ж не чуваць!

Маўчанне трымалася нядоўга. Неўзабаве старэйшая дачка Казюткіных заўважыла:

– Крамараў, дарэчы, у Амерыцы... Яму там вочы выпрамілі.

Маці хмыкнула:

– Вочы? Яму звіліны ў галаве трэба было выпраміць. Гэта ж трэба – уцёк адзін, а сям’ю ў Маскве кінуў. І як хапіла сумлення на такое? Ці каля яго ўвесь час сямейнікі павінны былі з косамі стаяць?

Муж заступіўся:

– Не можа быць, каб сям’ю кінуў, не узяў.

– Можа! Можа! Ад вас усяго чакаць даводзіцца! – жонка запунсавелася, торгалася ў крэсле. – Што, адвярнуўся, паразіт? За вамі вока ды вока трэба! Больш у камандзіроўку не паедзеш! І не мылься!

– Ды прычым тут я? Крамараў Саўка ўцёк... у свой час... а мне што – адказваць за яго, так? Вунь Мардзюкова... Глянь на яе. Падзівіся. Ціханава Шцірліцам назвала.

– Яна, дарэчы, яго першая жонка, – падказала сярэдняя дачка.

– Хіба? – здзівіўся бацька.

– Алёна праўду гаворыць! – энергічна заступілася за дачку маці. – Ды і хто з ёй ужывецца? Які дурань? Газеты чытаць трэба. Як толькі ў гасцініцу зойдзе ў якім-небудзь горадзе ваша Мардзюкова, там увесь абслугоўваючы персанал губляе прытомнасць: зноў Нона прыехала. Заганяе. Замардуе. То тое ёй не так, то гэтае...

... Кіно скончылася, ідуць навіны, а Казюткіны – ад малога да старога – усё яшчэ сядзяць перад экранам тэлевізара і ўспамінаюць, пра што ж яно было.

ЯК ПАХОМ САМАГОН ХАВАЎ

Ажно трохлітровы слоік самагону зрабіў пахом. Зрабіў – і спалохаўся: а што, калі міліцыя зазірне? Тады, ясная справа, не мінаваць бяды, набярэшся непрыемнасцей: і штраф улупяць, і на работу паведамяць. А там рады будуць старацца – пачнуць прымаць меры на поўную шпулю: пазбавяць усяго, чаго толькі можна, і самагон той пракляты, калі падлічыш потым панесеныя страты, таго каштаваць і блізка не будзе.