Выбрать главу

Што ж, што ж рабіць? Ён ужо і сам баяўся глядзець на той слоік з самаробнай гарэлкай. «Трэба схаваць яго так, каб ніякая міліцыя потым не знайшла!» – вырашыў Пахом і пачаў дзейнічаць рашуча, энергічна. Сказана – зроблена: схаваў самагон. Выглянуў у калідор. Ціха. Нікога. Утапіў кнопку званка, хуценька забег у кватэру, строга спытаў:

– Хто там?

І адказаў сам сабе:

– Міліцыя! Паступіў сігнал, што ў вас ёсць самагон. Адчыніце!

– Шукайце! – дазволіў сам сабе Пахом і пачаў шукаць.

Знайшоў. На антрэсолях.

– Што гэта? – спытаў ён сам у сябе.

– Дыстыляваная вада, – адказаў.

– Дазвольце паспытаць?

– Дазваляю.

Пахом напоўніў шклянку ледзь не да беражкоў і залпам выпіў. Закусваў і думаў: «Кепска схаваў. Зусім. Знойдуць, і гаварыць няма чаго. Зараз, зараз я так заканапачу гэты самагон, што хай трэснуць міліцыянты, але дудкі знойдуць».

Пахом хаваў самагон яшчэ некалькі разоў, тапіў кнопку званка, пытаўся сам у сябе, хто гэта, дазваляў рабіць вобыск і пакаштаваць дыстыляванай вады. Хаваў у шафу, пад ложак, у канапу, у мех з бульбай... і ўсюды знаходзіў. Зусім разачараваўся старэча. А калі ўжо не было чаго хаваць, у дзверы і сапраўды пазванілі.

– Х...хто та-а-ам? – ікнуў Пахом і падняў асалавелыя вочы на дзверы.

– Міліцыя! Паступіў сігнал, што ў вас ёсць самагон. Адчыніце!

– Ды пайшлі вы!..–Пахом паспрабаваў узняцца, але не змог, і ён пагрозліва памахаў пальцам на дзверы.–Колькі можна, пытаюся? Колькі можна мяне, старога чалавека, турбаваць? Я ж вам сёння адчыняў ужо сем разоў! Сумленне мець трэба-а!..

ЮБІЛЕЙ

Пятру Селівонавічу споўнілася пяцьдзесят. Круглая дата. Юбілей. З гэтае нагоды сябры-калегі сабраліся разам у актавай зале, каб павіншаваць свайго кіраўніка. Гучалі палкія прамовы, уручаліся каштоўныя падарункі і прыгожыя кветкі. Браў слова нават сам міністр. А потым, злёгку крэкнуўшы, папрасіўся павіншаваць юбіляра інжынер Ціханчык, мяккі , інтэлігентны з выгляду і сапраўды ціхі чалавек, які раней ніколі на такіх урачыстасцях не падаваў голасу. Ён пэўны час глядзеў у залу, колькі разоў папраўляў на носе акуляры, крактаў і соп, а тады, кінуўшы кароткі позірк на юбіляра, прамовіў:

– Тут шмат гаварылася самых розных слоў. Слоў добрых і шчырых. А як жа – юбілей... самі разумееце... ага. Трэба. Кіраўнік жа ён наш, Пятро Селівонавіч. Бацька. Таму даруйце, што і я буду хваліць юбіляра. А чым я горшы за іншых? Да ўсяго пачутага тут дадам, што і мужчына ён добры... на вышыні, як кажуць. Арол. Тут вось сядзіць яго палавіна, Генрыета Сяргееўна... яна пацвердзіць. Бачу, бачу: мае словы ў яблычка. Так-так. За ім, нашым шаноўным Пятром Селівонавічам, бегаюць усе нашы жанчыны, а з асобнымі ён заводзіць нават раманы... Службовыя, так сказаць... Як у кіно...

Па зале пракаціўся шумок, людзі павярнуліся да жонкі юбіляра: і трэба ж такое пачуць ёй, гаротніцы, ад нейкага там інжынера Ціханчыка! Выбраў момант, блазнюк. А той, не звяртаючы ні на што ўвагі, сыпаў далей:

– І калі б яму, здавалася, паспець усюды? Работы шмат. Рэканструкцыя. З планам запарка. Новыя тэхналогіі ўкараняем. Аднак – паспявае. Малайчына. Мая жонка, дарэчы, таксама прызналася, што дырэктар наш–сапраўдны мужчына. А жонцы сваёй я веру, яна ніколі не хлусіць. Яна мяне, дарэчы, колькі разоў Пецькам назвала, хоць я ж – усе вы добра ведаеце – па пашпарту Ягор. Так што, шаноўны Пятро Селівонавіч, жадаю вам і надалей карыстацца такой жа павагай у жанчын...

І Ціханчык сеў.

Сядзеў і юбіляр.

У вялікай, як падалося ўсім, лужы.

БЯСПЛАТНА НЕ ЕЗДЗІМ

–Кантралёры, кантралёры ідуць!–хвалькай пранеслася ў прыгарадным цягніку, і Цюлькін пацягнуўся да торбы, якую незадоўга да гэтага акуратненька паставіў на верхнюю палічку. Сцягнуў, развязаў матузкі.

– Няхай ідуць,– сказаў ён упэўнена і паляпаў па торбе.–Бясплатна не прывык ездзіць. На карку ў дзяржавы не сяджу.

А кантралёры людзі шустрыя –тут як тут.

–Ваш білецік,– вырасла перад Цюлькіным жанчына з бліскучым кампосцерам у руцэ.

– А, прабачце, колькі каштуе цяпер праезд да Церахоўкі? Як і раней?– натапырыў вушы Цюлькін.

– Шэсць тысяч!

– Зразумела! З мяне – сто пяцьдзесят!– Цюлькін хуценька дастаў шклянку і забулькаў у яе з пляшкі.

– Што вы робіце, грамадзянін!–занервавалася жанчына-кантралёр.–Паказвайце білет, альбо плаціце штраф. А ён, гляньце толькі, піць уздумаў у грамадскім транспарце. Хутчэй,хутчэй!

– Гатова!– і Цюлькін, усміхаючыся, падаў шклянку кантралёру.–Цюцелька ў цюцельку.

– Я... я не п’ю !– запунсавелася жанчына.

– А піць і нельга,– сур’ёзна адказаў Цюлькін.–Яна, гэтая гарэлка,– не ваша, ян – дзяржаўная. З гэтага часу – уласнасць чыгункі. Аднясіце яе ў сваю касу. Ці на склад. Замест тых грошай, якія я павінен быў заплаціць за праезд.

Жанчына нязграбна паціснула плячыма, нічога не разумеючы, бездапаможна паглядзела на пасажыраў, чакаючы ад іх спачування: што мне рабіць, скажыце толькі, з гэтым дзіваком?

А Цюлькін працягваў трымаць шклянку ў выцягнутай руце:

– Бярыце, бярыце! Не бойцеся, гарэлка якасная. Самі ж робім. Ведаем, што нам будуць зарплату выдаваць пляшкамі з моцным напоем, то абы-што не вырабляем. А як жа! Так што не хвалюйцеся. Бачыце колькі ў мяне тут пляшак? Аванс, аванс атрымаў. Паўмесяца буду ездзіць у грамадскім транспарце і плаціць розныя штрафы...

Жанчына-кантралёр зрабіла выгляд, што Цюлькін больш не існуе з ягонай гарэлкай, і павярнулася да бабулькі, якая трымала нагатове перад ёй паўкачана капусты.

– Я, дзетачка, пенсіянарка, то з мяне палавінка... Пенсію затрымліваюць... Бярыце, бярыце... Капуста добранькая... Свая...

Жанчына з кампосцерам пачала раптам губляць прытомнасць, і яе не было каму падтрымаць – рукі ў пасажыраў аказаліся заняты сасіскамі, сардэлькамі, курынымі яйкамі, падшыпнікамі, гайкамі...

Бясплатна нашы людзі ездзіць не прывыклі!

СЕАНС КАХАННЯ

Рыжыкаў, як толькі выйшаў на пенсію па інваліднасці, то ў гарадской кватэры бывае рэдка – больш жыве на дачы. Рачкуе там. Развёў трусоў, курэй, нешта вырошчвае на градках. У горад прыязджае толькі атрымаць пенсію і даведацца, ці жывыя яго хатнія. Жывыя. Працуюць і вучацца.

І ў той дзень ён, стомлены і шчаслівы, прыехаў з поўнай торбай, паставіў за парогам: