Выбрать главу

– А я не помню.

– Было, было! – апантана замахаў на Сідорчыка Пятрунчык. – Было! Каб не вы ... дзеці б з голаду... ага.

– Дзіўна ўсё гэта, – развёў рукамі Сідорчык, сумна ўсміхнуўся. – У мяне ж быццам і грошай не было. Піць, таварыш Сідорчык, трэба паменей. Што скажаш, Пятрунчык? Харош я быў?

Пятрунчык вінавата, быццам гэта ён учора быў п’яны, апусціў галаву і кіўнуў.

– Вось і я так гавару, – пагадзіўся Сідорчык. – Д’ябал паблытаў. – Ён дужа ўжо неяк па-сяброўску мякка паклаў яму руку на плячо, выдыхнуў: – Пакідаю я вас, Пятрунчык. Учора вось банкецік быў... новую пасаду, так сказаць, абмылі трошкі. Пераходжу ў іншае бюро, на іншае прадпрыемства. А калі... калі грошы зноў табе спатрэбяцца, то заходзь... пазычу. Тым больш, што аддаеш ты акуратна, вельмі хутка. Заходзь, Пятрунчык. Звяртайся.

Пятрунчык жа стаяў, нібы праглынуўшы мячык, баючыся паварушыцца. А вочы свідравалі касцюм Сідорчыка, тое месца, дзе ён схаваў апошнія ягоныя грошы.

«Эх, перабраў!..» – нарэшце выдыхнуў Пятрунчык і паглядзеў на дзверы.

БАКСЁРСКІ ПРЫЁМ

Ёсць людзі, якіх хлебам не кармі, а дай пахваліцца. Ёсць чым, няма – ім усё роўна. Абы паказаць сябе, падкрэсліць: вось ён я! Бачыце? То бачце і запамінайце. Такі ж самы і Міхась Цвік, мой знаёмы. Асабліва захапляецца ён самарэкламай у грамадскім транспарце. Не дурань – ведае, дзе людзей шмат і ім няма больш чым заняцца, як натапырыць вушы ў ягоны бок. Міхась быццам сябруку апавядае пра свае прыгоды-здарэнні-дасягненні, але ж гаворыць гучна і артыстычна, каб усе не толькі чулі, але і глядзелі на яго, каму, вядома, гэта ўдасца.

Даканаў ён сваім прыёмам Пятра Шныпарука, з якім таму «пашанцавала» не толькі працаваць разам, але і жыць у адным доме. Таму на працу – разам, з яе – таксама. І над вухам, як нудны камар, кожнага разу гудзіць Міхась Цвік: «Ты слухай!..» І пачынае несці бязглуздзіцу. Не мяняючы рэпертуару, адрасуе старую байку быццам бы Шныпаруку, але з разлікам на ўсіх: «Ты слухай!.. А ўчора рыбу лавіў. На сваім «Мерседэсе» ездзіў. На вуду – верыш? – шчупака забацаў на тры кілаграмы, во такога... – Ён спрабуе паказаць рукамі, але заціснуты з усіх бакоў, не атрымліваецца. – Меншы, канешне, напалавіну за леташняга, але сям’ю накарміў, усе задаволены. Паказаў, дарэчы, шчупака Пашку, начальніку райаддзела міліцыі, з ім мы на адной парце сядзелі, і цяпер ён увязаўся за мной на рыбалку. Вазьмі ды вазьмі. Вазьму-у. Хай павучыцца рыбу лавіць, басурман. Гэта яму не хуліганаў цапаць. Я вунь Цярэшку браў некалі на рыбалку. Ну, ты ж ведаеш, ён цяпер у Адміністрацыі Прэзідэнта... заве, дарэчы, у Мінск, кватэру адразу абяцае, пасаду добрую з асабістым шафёрам... А навошта мне? Я вунь асабняк... катэдж трохпавярховы заканчваю. Гэта ты не бачыў?»

Шныпарук ківае: не, не бачыў. Не падаючы голасу, каб не паказаць, што Міхась Цвік усё гэта баіць менавіта яму. Сорамна. Вушы, адчувае, гараць. І дзівіцца: «А ён, Цвік, у такой сітуацыі, як карась у вадзе. Цвіце і пахне!» Які «Мерседэс»?! Які катэдж?! «Хопіць! Баста!» – загадаў сам сабе Шныпарук. І прымяніў супраць Цвіка баксёрскі прыём – накаут. Вяртаючыся, як звычайна, разам з працы, той толькі заікнецца, каб сказаць нешта са свайго замыленага рэпертуару, які цалкам высмактаны, вядома ж, з пальца, а Шныпарук Цвіку стрэчнае пытанне – торк:

– А гэта ты, Міхась, з трэцяй жонкай жывеш ці і яна цябе вытурыла?

Ды гучна так пытае, каб усе чулі. Цвік адразу чырванее, нервова-перапалохана водзіць галавой па баках, шэпча, паказваючы ўсім выглядам, каб не выдаваў:

– Ціха ты!..

А калі Цвік зноў увойдзе ў азарт, Шныпарук спытае, бы між іншым, колькі ён плаціць суседцы цётцы Веры за пакойчык.

– Ціха ты!..

Альбо пацікавіцца, колькі ён заплаціў апошні раз за ноч у выцвярэзніку.

Пасля таго баксёрскага прыёму Міхась Цвік больш не ездзіць з работы ў адным аўтобусе з Пятром Шныпаруком. Сам пазбягае. Усяляк.

Ён, кажуць, знайшоў для сябе новага спадарожніка...

МАНЁЎР

Каля маці з раніцы муляўся старэйшы сын Косцік. Ён працуе на заводзе токарам, а заработную плату затрымліваюць.

– Мама, родненькая, грошы патрэбны,– вінавата ўсміхнуўшыся, папрасіў ён.–Хоць колькі... Па магчымасці... Ты ж ведаеш, я нават курыць кінуў... улічваючы эканамічную сітуацыю ў нашай сям’і.

– Што ж з вамі паробіш?– маці пацягнулася за кашальком, адлічыла сыну некалькі паперак, той узяў, падзякаваў.

А потым наступіла чарга прасіць грошы ў дачкі.

– І мне...– апусціла яна долу галаву і сарамліва працягнула руку.– Колькі можаш. На марожанае. І ў тэатр, магчыма, пойдзем усім класам.

Неўзабаве і на далоньку дачкі ляглі дзяржзнакі.

Сашка, самы малодшы, ён яшчэ ў садзік ходзіць, таксама паскардзіўся картавым ротам, што і ў яго няма грошай, а сёння яны яму вельмі патрэбны.

– Давай, давай і яму,– заступіўся за карапуза бацька.– Чалавек расце! Грамадзянін! Куды ні кінь – усюды грошы. А як ты хацела? Калі Светка сама пойдзе ў тэатр, то да іх той сам прыедзе. З казкай.

– Ага,– пацвердзіў Сашка і шморгнуў носам.

Маці дала колькі паперак і Сашку.

– Ну, а цяпер мая чарга,– працягнуў руку і бацька.–Адлічвай. Ды хутчэй, хутчэй, а то на працу спазнюся.

Маці нічога не заставалася, як паціснуць плячыма і аддаць апошнія грошы яму.

– Вось цяпер поўны парадак!– бацька па-змоўніцку падміргнуў дзецям і ўсе яны дружна высыпалі з кватэры – хто куды.

Назаўтра дзеці разам з бацькам віншавалі маму з днём нараджэння. І прыпаднеслі ёй падарунак. За тыя грошы, што вымалілі ў яе.

Маці праслязілася: падарунак ёй вельмі спадабаўся.

АБМЫЛІ

Цюлькін атрымаў спадчыну – падворак з усімі забудовамі ў сваёй роднай вёсцы.

– Нам засталася спадчына-а!– словамі вядомай песні выпляснуў ён радасць і растлумачыў сябрам.–Цётка Маруся, пухам ёй зямелька, бачыце, не забылася пра мяне. Памірала, а помніла... Помніла , што ёсць у яе пляменнік Колька Цюлькін. Ну, і хіба ж я пасля ўсяго гэтага, пасля такіх шчадрот, магу яе забыць, га?

І ён праслязіўся, хлюпнуў носам.

– Нічога, нічога,– тармаснуў Цюлькіна за плячо сусед і сабутэльнік Грыбкоў.–Хвалявацца не трэба , няма падстаў. А памянуць цётку Марусю – варта. І спадчыну абмыць заадно трэба...

– Ды я!..–Цюлькін згроб сарочку на грудзях, тая ажно трэснула недзе на спіне.– Ды я апошнюю капейчыну патрачу дзеля такога!.. Не забуду цётку Марусю! Ніколі! А цяпер – за мной! У гастраном! Нам засталася спадчына-а-а!