Пасля першай чаркі Цюлькін успомніў родную вёску, у якой не быў даўнавата і шчыра прызнаўся, што нават крышачку і забыўся, якая яна з твару была, ягоная цётка Маруся. Быццам бы паўнаватая? І сівая, здаецца? Ці не?
– А якая розніца? – супакоіў Цюлькіна Грыбкоў. – Галоўнае, што яна была добрым чалавекам. Давайце і вып’ем за цётку.
Выпілі і на гэты раз, і назаўтра, і паслязаўтра. Цюлькін расшчодрыўся –нават зняў апошнія грошы з ашчаднай кніжкі. «Дзеля такой падзеі не шкада. Прадам хату – і ўсё вернецца з гакам!» А калі Цюлькін выбраўся нарэшце ў вёску, каб глянуць, што ж там засталося яму ў спадчыну, то аслупянеў: ні хаты, ні пуні, ні лазні на месцы не аказалася. Агарод ды сад. І рыдлёўка пасярод пляца тырчыць. Цюлькін узняў лямант. Аднак у канторы калгаса яго супакоілі--паказалі завяшчанне цёткі Марусі, дзе чорным па беламу было напісана: «Калі пляменнік Колька Цюлькін не з’явіцца пасля маёй смерці праз месяц, каб аформіць спадчыну, ахвярую свой падворак калгасу. На дровы».
... Цюлькін бачыў, як з трубы калгаснай кацельнай валіў густы дым. І яму нічога не заставалася, як пацягнуцца на аўтобусны прыпынак.
УСЁ Ж АБДУРЫЎ...
Да суседа Піліпа наведаўся зяць з ваеннага гарадка – авіяцыі там служыць, то без спірта не прыязджае. Андрэю ж вельмі хацелася апахмяліцца. І ён заходзіць да суседа.
– Я вам там у гародчык пару мяхоў камбікорму перакінуў,– схлусіў, не міргнуўшы і вокам, Андрэй.
Сусед паверыў – Андрэй якраз і мае справу з камбікормам: на ферме даглядчыкам працуе. Піліп пачаставаў яго, пасля шукаў-шукаў той камбікорм– з ног збіўся. Ну дзе ты яго знойдзеш, калі ім і не пахла? «Абдурыў, нягоднік!»– злаваўся Піліп.
Андрэй жа вечарам апраўдваўся:
– А я прычым? Трэба было адразу забіраць. Можа хто ногі прырабіў?
А спірт жа перад вачыма стаіць. Назаўтра зноў заходзіць Андрэй да Піліпа, ківае на гародчык:
– Там два мяхі ляжаць, забірай.
– Зноў абурыць рашыў?– насцярожыўся Піліп. – Не атрымаецца. Паказвай камбікорм.
– От, людзі,– быццам бы пакрыўдзіўся за недавер Андрэй.–Не вераць. Пайшлі, пайшлі, пакажу.
Піліп і сапраўды ўбачыў у гародчыку два мяхі, нават памацаў іх пальцамі.
– На гэты раз бачу, што камбікорм.
Зноў пачаставаў Андрэя.
Але ж Андрэй усё роўна абдурыў суседа – у мяхах была звычайная драўляная тырса з калгаснай піларамы.
ПІШЫЦЕ: АДЗІН НЕДАХОП...
Васіль Мікітаў любіць расказваць розныя салдацкія прыгоды, што некалі, калі верыць, надараліся менавіта з ім. У крайнім выпадку – ён недзе быў паблізу...
– А пра лапатку я не расказваў? Не? Г-гы. Прыязджае праверка. Пастроілі нас пры ўсёй амуніцыі. Пад шнурок. Я на правым фланзе. Першы. З мяне і пачынаюць. А я ж, ведаеце, у сапёрах служыў. Падыходзіць падпалкоўнік, бярэ маю сапёрную лапатку, круціць-верціць...прыдрацца, хіба ж не відна, рашыў. І на таго капітана глядзіць, які блакнот падрыхтаваў нешта запісваць. « Так,– кажа капітану падпалкоўнік,– у радавога Мікітава лапатка брудная, тупая, чаранок трэснуў...». Налічыў такім чынам пятнаццаць недахопаў. Тады я бяру сваю лапатку ў падпалкоўніка – дайце сюды! – і шубаю за паркан. Пішыце, гавару, адзін недахоп: няма лапаткі ! .. Г-гы...
ПАШКАДАВАЛА
Бабка Маруся выйшла на ганак. Быў позні вечар. З неба ліло, як з вядра. Да таго ж халодны вецер. Старая падзівілася, што робіцца наўсцяж, і сама сабе ўголас сказала:
– І як у такое надвор’е злодзеі крадуць, бедненькія? Халаднеча ж. Золь. Цемра. Ай-яй-яй, гаротнічкі, і пашкадаваць вас няма каму.
І тут з цемры да старой рушыла даволі ладная постаць у вайсковай плашч-накідцы.
– Не бойся мяне, бабуля,– сказала постаць басам.–Мы ўжо вывелі тваю карову з хлява, але забіраць не будзем. Ты пашкадавала нас, а мы цябе. Дзякуй, цётка, што хоць адна ты такая знайшлася. Забірай, забірай карову. Няхай пад дажджом не мокне...
Цётка Маруся, як стаяла, так і грымнулася вобзем.
ПРАЧУХАНЕЦ
У гарпасялковай сталоўцы выступаў надоечы пісьменнік Пісулькін з вобласці – апавядаў пра сябе, дзяліўся творчымі планамі, цікава расказваў пра сваіх герояў. Жанкі, а гэта ж яны сядзелі ў час абедзеннага перапынку за столікамі ў зале ў бялюткіх халаціках, жыва рэагавалі амаль што на кожнае слова літаратара, а калі той пачаў расказваць пра Пятра, шалапута і п’яніцу, смяяліся да слёз. Пісьменнік адно толькі дзівіўся: «Быццам і смешнага нічога не баю, а яны, кабеты, бач ты, ажно заходзяцца. А можа ў мяне што на адзежцы не так?» І ён крадком скіраваў позірк уніз, упэўніўся: не, там усё так.
– Дык вось, – працягваў гаворку госць, – аднойчы прыходзіць герой майго апавядання «Закончаны Пятрок» дахаты, а жонка яго і блізка на парог не пускае. Дзе, кажа, нажлукціўся, там і жыві, абармот! Кыш! На твае рэчы, забірай, п’янтос ты гэтакі! Каб вочы мае цябе больш не бачылі! І на ганак паляцеў загадзя падрыхтаваны чамаданчык. І дзверы на кручок.
Жанчыны ажно кіснуць ад смеху. А дзяцюк, які сядзіць якраз пасярод іх у навюткім халаціку, – упершыню, відаць, з нагоды сустрэчы з пісьменнікам на яго нацягнулі накрахмаленую апранашку, – ёрзае, чырванее і бялее, месца сабе не знаходзіць.
Пісьменнік жа працягвае:
– Куды ж падацца майму герою апавядання «Закончаны Пятрок»? Вакзала ў пасёлку няма. Ёсць толькі аўтакаса. На вуліцы золка, справа пад восень. Сваякі і знаёмыя таксама Петраку не адчыняюць – абрыд ім яго п’яны твар. Дык што ж тады робіць наш герой? Нядоўга думаючы, ён накінуў на рогі карове вяроўчыну і выводзіць з хлеўчука...
Смех такі ў зале, што пісьменніка не чуваць. Калі трохі жанчынкі ўгаманіліся, прамакнулі хто насоўкай, хто ражком халаціка слёзы на вейках і шчоках, пісьменнік Пісулькін у заключэнне сказаў:
– Бачу, мой герой вам дужа спадабаўся. Дзякуй. Скажу больш...
Але адна дробненькая жанчынка перапыніла яго:
– Дык, цікава, куды ж карову ён завёў, Пятрок ваш?
– А нікуды. Папужаў жонку. Убачыла яна ў акенца, што пацёгся ён з рагуляй, кумельгам кінулася ўслед, учапілася за хвост: не пушчу-у! А Пятрок сваё трындзіць: «Гэць адсюль! Табе дом застаецца, парсюк, куры, агарод... А нам з Марусяй і карова добра будзе». Бачыць жонка: справа прымае сур’ёзны абарот, Маруся з каровай каго хочаш возьме, любога п’янтоса, бо сама такая – міма роту не пранясе. Прап’юць, канечне ж, карову разам, а тады яна выспятка Петраку: каціся, ты мне больш не трэба такі... без каровы. Падумала жонка, павагалася, ды і саступіла – пусціла ў хату. Дамоў нават сама несла чамадан з трантамі мужа і з высока ўзнятай галавой вяла за ражок вяроўчыны карову.