Ніколі яшчэ ў сваім жыцці не меў Пісулькін такога поспеху на сустрэчах з чытачамі. Апладысменты, словы ўдзячнасці, поціск рук. Толькі адзін дзяцюк не дасядзеў да канца – даў цягу.
... Вечарам Пісулькін завітаў у тую ж сталоўку – падсілкавацца. Жанчына, што стаяла на раздачы, прыветна ўсміхнулася – як старому знаёмаму – і ціха, быццам саромеючыся, спыталася:
– Прабачце... Вы заўсёды так робіце?
Пісулькін крышачку здзівіўся, павёў плечуком: не разумею.
– Спярша разведаеце ўсё, а потым пішаце і нам пра нас чытаеце?
– Не разумею, – цяпер ужо ўслых дзівіўся Пісулькін. – А што, прабачце, здарылася?
– Як што? Вы ж пра нашага Петрака напісалі. Пра грузчыка. Цюцелька ў цюцельку. Чамадан таксама жонка выкідвала за парог. І карову вёў за вяроўку да другой жанчыны. Яе, дарэчы, таксама Марусяй зваць. І п’яніца яна...
– Вось як! – шчыра ўсміхнуўся пісьменнік. – Бывае, бывае... Супадзенне... Павінны зразумець... Так, так...
Сама ж жанчына і выручыла зусім разгубіўшагася пісьменніка:
– Хоць вы ж сёння да нас прыехалі... Калі б маглі паспець? Супадзенне, відаць, і сапраўды. Гэтыя Петракі ўсюды ёсць. Але за тое, што яму добры прачуханец адпісалі, я вам крышачку больш мясца пакладу. Ешце на здароўе. А за прачуханец яшчэ раз дзякуй. Мо паразумнее, паразіт? Я ж, таварыш пісьменнік, жонка Петрака, каб яму безікі павылазілі, булькачу акаяннаму!
ЗНАЙШЛІ ВЫЙСЦЕ
Сінічкін у апошні час дужа налёг на чарку. Жонка не магла ніяк даць яму рады. Прачуханцы і іншыя метады перавыхавання не дапамагалі. Што ж рабіць? Як быць? Гіне чалавек! Жанчына паскардзілася бацькам. Тыя параілі: трэба купіць аўтамашыну. Глядзіш, і паразумнее Сінічкін. За руль жа не сядзеш пасля чаркі. Сінічкіна ўхапілася за ідэю, пададзеную бацькамі, тым больш, што тыя паабяцалі дапамагчы грашыма. Грошай наскрэблі ўсяго на «Запарожац». Хоць так. На курсы Сінічкіны рашылі пайсці разам. Гэта ж добра, разважалі, калі ў сям’і два шафёры. Ці мала што? Тым больш, што будавалі планы ў перспектыве набыць іншамарку і падарожнічаць па краіне і нават замежжы.
Атрымалі вадзіцельскія пасведчанні. Набылі «Запарожац». Назаўтра Сінічкін, як і планавалася, накіраваўся на працу ў салоне «Запарожца». Жонка, праводзячы яго, памахала рукой і праслязілася:
– Нарэшце ты стаў чалавекам, Сінічкін!
З работы Сінічкін затрымліваўся. Здавалася б, раней, чым заўсёды, павінен быць дома, а яго, небаракі, няма. Кабета пачала хвалявацца. І калі затрэнькаў тэлефон, яна апантана ўхапілася за трубку:
– Алё! Слухаю! Хто гэта?
Званіў муж. Ён бадзёра прасіў жонку, каб тая тэрмінова прыехала да яго. І растлумачыў – чаму:
– Тут, разумееш, выпілі патрошкі. Ну, у Сідорчыка дзень нараджэння ў цёшчы. А за руль жа, галуба, у нецвярозым стане я сесці не магу. Прыедзь, забяры мяне разам з «Запарожцам».
Сінічкінай нічога не заставалася, як паспяшацца на выручку.
АРТЫСТ
Мірончык працуе акцёрам. Ролі, праўда, яму адводзяць не галоўныя, але заняты ў спектаклях даволі часта. На афішах у пераліку прозвішчаў пасля « у спектаклі таксама заняты» – фігурыруе і ён. Больш за ўсіх ганарыцца Лізавета, што яе зяць не пастух-абібок які-небудзь там зачуханы, а артыст! Тэлевізар з гэтае нагоды не выключаецца – усё меціць Лізавета зяцька на экране ўбачыць у спектаклі альбо кінафільме, але нешта не відаць. І яшчэ ў старой склалася ўражанне, што калі яе зяць артыст, то, значыць, усё можа рабіць. Нават хляўчук згарбузаваць. У кіно ж артысты тыя чым толькі не займаюцца. Таму, калі на чарговыя выхадныя зяць наведаўся да цёшчы ( за бульбай і салам), атрымаў нарад:
– Зрабі, зяцёк, хлеў. Карову даюць у калгасе, а ставіць няма куды.
– Як двойчы два! – упэўнена сказаў Мірончык.–Тут справы тае! У нас, у тэатры, гэтыя хлявы вылятаюць з майстэрні, бы аладкі з печы. Не кажучы ўжо пра Палацы розныя. Матэрыял... будаўнічы, маецца на ўвазе, мне. Плюс цвікі, малаток, сякеру, нажоўку. І можаце прыводзіць сваю карову, матуля, хоць заўтра!
Мірончык забіў на агародзе чатыры калы, абцягнуў іх рубероідам, на рубероідзе належнай фарбай намаляваў бярвенні, на дах накідаў рознага ламачча, а пад дзверы прысобіў старую шафу.
–Прымай, матуля, работу!– шырока ўсміхаўся зяць.
– Во дзякуй табе. А я і знала, што калі арціст, то ён на ўсе рукі масцір. Суседзі вунь дзівяцца: дзе ты, Лізавета, лесу на хлеў набрала столькі багата, быццам бы і не ляжаў каля двара? Так я ім і скажу – дзе. Хай самі здагадаюцца.
З нагоды пабудовы хлява Лізавета добра пачаставала зяця чаркай, а пакуль ён еў-піў, прывяла карову з калгаснай фермы, зачыніла: няхай прывыкае да новага месца. Яна б, можа, і прывыкла, але якраз побач з хлеўчуком па вясковай вуліцы гналі з пашы статак, карова пачула знаёмае мыканне і кінулася да сваіх, несучы на рагах і спіне ўвесь той хлеў...
Добра, што зяць яшчэ не паспеў у горад паехаць – няхай пабачыць, які ён хлеў зрабіў.
– Цьфу!– плюнула Лізавета.
– А вось для курэй самы раз было б, – памяркоўна сказаў Мірончык і паскроб за вухам цвіком: гэта ўсё, што засталося ад хлева.– Матэрыял, панімаеце, слабаваты... Для бутафорскага хлява – так, падыходзіць, а вось на большае... прабачце. Прабачце – не цягне. Гэта і рагуля даказала. Купляйце курэй.
– А калі куры ўзляцяць, зяцёк, раптам з тваім хлевам, што тады?– сумна ўсміхнулася Лізавета і ўзяла пад руку зяця, павяла з агарода...
НЕ ПАЖАРНІК!
На курорт Прымак ездзіў яшчэ пры Хрушчове, « у дзеўках», як любіць ён казаць. Збіраюцца, бывае, вясковыя мужыкі на прызбе дзе, просяць Прымака:
– Раскажы, Васіль, як ты на курорт ездзіў.
– А што расказваць?– Прымак крыху ўпарціцца, а потым зрывае з галавы кепку, кладзе яе на калена, прылізвае далоняй растапыраныя валасы. – Што было, тое было. Ездзіў. Ага. Добра там. Дрэвы такія прыгожыя растуць... во забыўся, як называюцца... але іголкі доўгія і не коляцца, халера.
– Ты нам не пра іголкі,– хто-небудзь з мужыкоў перапыняе Прымака.–Ты нам лепш пра баб... Не адну, пэўна, ашчаперыў?
Прымак усміхаецца:
– Было... Хлусіць не стану. Іх там, мужыкі, любога каліберу. Адна за мной увязалася-- праходу не давала. А я за дрэва схаваўся, рукамі махаю: кыш, кыш, не падыходзь, а то крычаць буду! Дзе тут участковы? Мо заразу якую хоча перадаць з таго курорту? І не даўся. А яна: « У мяне пуцёўка гарыць!» А я што табе-–пажарнік?
Мужыкі дружна смяюцца. Мо дзесяты раз слухаюць яны Прымака, і кожны раз слёзы на вачах...