— Чаму яе імя павінна ўсплыць? — спытаў Джэймс сваім добра пастаўленым барытонам.
— У якасці доказу, — адказаў збялелы Вулф. — Такім чынам высветліцца, што якраз перад тым, як ударыць Міёна, вы яму сказалі: «Слухай, ты, вырадак, пакінь маю дачку ў спакоі».
Я сунуў руку ў кішэню, бо прытрымліваюся правіла, пацверджанага вопытам: кожны раз, калі сярод прысутных ёсць ці можа быць забойца, зброя павінна быць пад рукой. Нягледзячы на тое, што яна захоўваецца ў глыбіні трэцяй шуфляды майго стала і таму, можна сказаць, заўсёды пад рукой, я па звычцы перакладаю яе ў кішэню перад прыходам гасцей. Якраз у гэтую кішэню я і сунуў руку, ведаючы запальчывасць Джэймса. Але ён застаўся сядзець у крэсле. І толькі прамямліў:
— Гэта хлусня!..
— Гэтыя словы чулі дзесяць чалавек, — прабурчаў Вулф. — Уяўляеце, якая б пайшла пагалоска, калі б вы пад прысягай ад іх адмовіліся, а ўсе тыя дзесяць, выкліканыя ў суд у якасці сведак, заявілі б процілеглае. Я лічу, што было б лепш абмеркаваць гэта са мной.
— Аб чым вы хочаце даведацца? — спытаў суддзя Арнольд.
— Мне патрэбны факты. Першы факт ужо выклікаў спрэчкі. Калі я памыляюся, я павінен гэта ведаць дакладна. Містэр Гроўв, вы былі сведкам таго, як быў нанесены той славуты ўдар. Я дакладна пераказаў словы містэра Джэймса?
— Так, — адказаў Гроўв пісклявым голасам.
— Вы чулі, як ён гэта гаварыў?
— Чуў.
— Місіс Бослі, а вы?
Здавалася, што тая адчувае сябе няёмка.
— Можа, было б лепш…
— Калі ласка. Вы адказваеце не пад прысягай, я проста збіраю факты, апрача таго, мне толькі што заявілі, што я хлушу. Вы чулі, як ён гэта гаварыў?
— Так, я чула. — Адэль зірнула ў бок Джэймса. — Прабач, Джыф.
— Але гэта няпраўда! — ускрыкнула Клара Джэймс.
— Мы што, усе хлусім? — накінуўся на яе Вулф.
Я мог папярэдзіць Клару, калі яна падаравала той погляд у калідоры, каб была асцеражнейшая з Вулфам. Яна была не толькі вытанчаная маладая жанчына, мела не толькі незвычайны бляск у вачах, але ў дадатак — худзенькая, і было відаць, што яе хударлявасць з'яўляецца вынікам абмежавання ў ежы, а Вулф зусім не мог трываць людзей, якія мала ядуць. Я з самага пачатку ведаў, што рана ці позна ён накінецца на яе.
Але Клара перайшла ў контратаку.
— Я не маю на ўвазе гэта, — сказала яна пагардліва. — Навошта так хвалявацца! Я маю на ўвазе, што я схлусіла бацьку. Тое, што ён падумаў наконт мяне і Альберта — гэта няпраўда. Я проста выхвалялася перад ім, таму што… не мае значэння чаму. Ва ўсякім разе, тое, што я яму гаварыла, — няпраўда, я так і сказала яму ў той вечар!
— Які вечар?
— Калі мы вярнуліся дадому з вечарыны за кулісамі пасля спектакля «Рыгалета». Менавіта там мой бацька накаўціраваў Альберта, як вы ведаеце, проста на сцэне. Калі мы вярнуліся дадому, я паведаміла, што ўсё тое, што я расказала яму пра нас з Альбертам, — няпраўда.
— Калі ж вы хлусілі, у першым выпадку ці ў другім?
— Не адказвай на гэтае пытанне, мая дарагая, — умяшаўся суддзя Арнольд, дзейнічаючы ў якасці адваката. Ён сурова глянуў на Вулфа. — Гэта ўсё не мае дачынення да справы. Калі ласка, цікаўцеся фактамі, але фактамі, што маюць непасрэднае дачыненне. Тое, што міс Джэймс сказала бацьку, — неістотна.
— Ну, не, — пакруціў галавой Вулф. Ён перавёў позірк справа налева, потым зноў направа. — Відаць, я невыразна ўсё растлумачыў. Місіс Міён пажадала, каб я вырашыў, ці ёсць у яе падставы для прад'яўлення іску, і не столькі юрыдычныя, колькі маральныя. Калі высветліцца, што гвалтоўныя дзеянні містэра Джэймса супраць містэра Міёна мелі маральныя падставы, гэта будзе фактарам, які я ўлічу, прымаючы рашэнне.
Вулф засяродзіў увагу на Клары.
— Мела маё пытанне дачыненне да справы ці не, міс Джэймс, я згодны з тым, што яно было не вельмі далікатнае, і таму выклікала ў адказ няшчырасць. Я здымаю гэтае пытанне. Паспрабуйце замест яго адказаць вось на такое. Ці намякалі вы бацьку да той вечарыны за кулісамі, што містэр Міён спакусіў вас?
— Ну, — засмяялася Клара. Смяялася яна звонка і прывабна. — Што за цудоўная старасвецкая манера пытацца пра такое. Так, я намякнула. Але гэта — няпраўда.