Яшчэ на нейкім этапе свайго маналога Арнольд сказаў наступнае:
— Нават калі ўчынак майго кліента быў дэліктны і была б устаноўлена абавязковасць выплаты кампенсацыі, сума не магла быць узгоднена да вызначэння аб'ёму прычыненай шкоды. Мы прапанавалі, захоўваючы за сабой усе правы, дваццаць тысяч даляраў з мэтай поўнага ўрэгулявання справы і адмаўлення з іх боку ад усіх прэтэнзій. Яны не згадзіліся з гэтай прапановай, запатрабавалі неадкладнай выплаты ў лік належнай сумы. Мы прынцыпова адмовіліся ад гэтага. Урэшце была дасягнута згода толькі ў адным: трэба прыкласці ўсе намаганні, каб вызначыць агульную суму прычыненай шкоды. Зразумела, менавіта з гэтай мэтаю там знаходзіўся доктар Лойд. Яго спыталі наконт прагнозу, і ён заявіў, што — але навошта вам гэта чуць з чужых слоў. Ён тут прысутнічае — і вы можаце атрымаць інфармацыю з першых рук.
— Калі вы будзеце так ласкавы, доктар! — звярнуўся да доктара Лойда Вулф, кіўнуўшы галавой у знак згоды з прапановай Арнольда Гроўва.
«Божа мой, — падумаў я, — вось вам яшчэ адзін эксперт».
Але Лойд злітаваўся над намі. Ён тлумачыў усё на нашым узроўні разумення праблемы і нават не думаў займаць на гэта гадзіну. Перш чым загаварыць, ён прыклаўся да шклянкі, куды паспеў ужо разы тры падліць віскі з мятнай вадою, ад гэтага расправіліся некаторыя зморшчыны на яго прыгожым твары, а ў вачах часткова знікла трывога.
— Пастараюся прыпомніць, — паволі сказаў ён, — дакладна ўсё тое, што я ім паведаміў. Спачатку я кваліфікаваў траўму, атрыманую ад удару. Моцна пашкоджанымі аказаліся шчытападобная залоза і чарпалападобныя храсткі з левага боку і ў меншай меры — персценяпадобны храсток. — Ён усміхнуўся — усмешка была ганарлівая, але не пагардлівая. — Я пачакаў два тыдні, праводзячы прызначанае лячэнне, спадзеючыся, што хірургічнага ўмяшання не спатрэбіцца, але яно аказалася неабходным. Калі ў час аперацыі я дайшоў да пашкоджаных месцаў, то супакоіўся: усё было не так дрэнна, як я думаў. Аперацыя была простая, і ён надзіва хутка пачаў папраўляцца. Я б не вельмі рызыкнуў у той дзень, калі б запэўніў, што яго голас будзе такі, як і раней, праз два — найболей праз тры — месяцы; але гартань — надзвычай далікатны інструмент, і такі голас, як у Міёна, уяўляе сабой адметную з'яву, таму я быў дастаткова асцярожны і толькі сказаў, што быў бы здзіўлены і расчараваны, калі б ён не паправіўся і не быў поўнасцю гатовы да адкрыцця наступнага опернага сезона, гэта значыць праз сем месяцаў з таго дня. Я дадаў, што мае надзеі і спадзяванні былі фактычна яшчэ больш аптымістычныя.
Лойд сціснуў вусны.
— Здаецца, гэта і ўсё, што я тады паведаміў. Тым не меней я падтрымаў прапанову, каб мой прагноз быў пераправераны Рэнтнерам. Відавочна, прагноз быў бы галоўным фактарам пры вызначэнні сумы, якую належала заплаціць за шкоду, і я не хацеў браць на сябе ўсю адказнасць.
— Рэнтнер? Хто гэта? — спытаў Вулф.
— Доктар Абрахам Рэнтнер са шпіталя «Гара Сінай», — адказаў Лойд тонам, якім бы я адказаў на пытанне, хто такі Мікі Мантл. — Я патэлефанаваў Рэнтнеру і дамовіўся аб сустрэчы раніцай наступнага дня.
— Я настаяў на гэтым, — з важным выглядам сказаў Руперт Тлушч. — Міён меў права атрымаць кампенсацыю не калі-небудзь у аддаленым будучым, а там жа і адразу. Яны адмаўляліся плаціць, пакуль не будзе ўзгоднена агульная сума, і калі мы павінны былі вызначыць гэтую суму, я мусіў быць упэўнены на ўсе сто адсоткаў, што яна будзе дастатковай. Не забывайце, што ў той дзень Міён не мог прапець ніводнай ноты.
— А спяваць піянісіма ён змог бы не раней чым праз два месяцы, — пацвердзіў Лойд. — І я сказаў, што гэта як мінімум.
— Здаецца, — умяшаўся суддзя Арнольд, — прагучаў намёк на тое, што мы былі супраць прапановы забяспечыць яшчэ адно прафесійнае заключэнне. Я вымушаны заявіць пратэст…
— Вы былі супраць! — завішчаў Гроўв.
— Не! — раўнуў Джыфард Джэймс. — Мы проста…
Усе трое ўступілі ў спрэчку, кідаючыся адзін на аднаго са злоснымі выразамі на тварах. Раней мне здавалася, што яны павінны былі прыберагчы ўсю сваю энергію для высвятлення галоўнага пытання — ці падлягае выплаце місіс Міён якая-небудзь сума, і калі так, то якая. Але я памыліўся наконт гэтых жэўжыкаў. Галоўным іх клопатам было пазбегнуць нават самай нязначнай рызыкі дасягнуць згоды хоць па якім-небудзь пытанні.
Вулф цярпліва дазволіў ім рухацца ў жаданым для іх кірунку, а гэта значыць — нікуды, а потым запрасіў уступіць у размову яшчэ аднаго госця.