Выбрать главу

— Міс Бослі, — звярнуўся ён да Адэлі, — вы нічога пакуль не сказалі. На чыім баку былі вы?

Адэль Бослі ўвесь час уважліва сачыла за тым, што адбывалася, папіваючы ром «Колінз» — ужо другую шклянку, — і здавалася мне вельмі разумнай. Хоць была сярэдзіна жніўня, толькі яна адна была па-сапраўднаму загарэлая. Яе адносіны як інфармацыйнага агента з сонцам былі выдатныя.

— Я не была ні на чыім баку, містэр Вулф, — сказала яна, пакруціўшы галавой. — Мой інтарэс абмяжоўваўся інтарэсам майго наймальніка — Асацыяцыі «Метраполітэн-оперы». Зразумела, мы хацелі ўрэгуляваць усё канфідэнцыяльна, без скандалу. У мяне не было аніякай думкі па пытанні, што абмяркоўвалася.

— І ніякай думкі вы не выказалі?

— Не. Я проста заклікала іх, калі гэта магчыма, паспрабаваць урэгуляваць праблему.

— Шчыра, нічога не скажаш! — выпаліла Клара Джэймс. Было відаць, што яна кпіла. — Вы маглі б крыху дапамагчы бацьку, бо гэта ён уладкаваў вас на працу. Ці вы…

— Супакойся, Клара! — уладна спыніў яе Джэймс.

Але тая не звярнула на яго ўвагі і працягвала:

— Ці вы ўжо цалкам расплаціліся за гэта?

Суддзя Арнольд, здавалася, пакрыўдзіўся. Руперт Тлушч захіхікаў. Доктар Лойд глынуў віскі з вадой.

Паколькі я пачынаў ужо ў нейкай ступені па-сяброўску ставіцца да Адэлі, то, вядома, спадзяваўся, што тая шпурне што-небудзь у гэту вытанчаную і бліскучую міс Джэймс, але яна абмежавалася зваротам да яе бацькі:

— Няўжо ты не можаш справіцца з немаўлём, Джыф?

Потым, не чакаючы адказу, звярнулася да Вулфа:

— Міс Джэймс — схільная да фантазій. Тое, на што яна намякала, нідзе не зафіксавана. І нікім.

— Ва ўсякім разе, яно не будзе зафіксавана сёння, — згодна кіўнуў Вулф. Ён скрывіў грымасу і сказаў: — Вяртаючыся да пытанняў, якія дарэчы ці недарэчы, я хацеў спытаць, калі скончылася гутарка?

— Ну што ж — містэр Джэймс і суддзя Арнольд пайшлі першымі недзе а палове пятай. Неўзабаве за імі пайшоў доктар Лойд. Я пабыла яшчэ некалькі хвілін з Міёнам і містэрам Гроўвам, а потым таксама пайшла.

— Куды вы пайшлі?

— У сваю кантору на Брадвеі.

— Колькі часу вы прабылі ў сваёй канторы?

Гэтае пытанне, здаецца, яе здзівіла.

— Не ведаю… зрэшты… так… ну, канечне. Я пайшла адтуль пасля сямі гадзін. Мне трэба было тое-сёе зрабіць, апрача таго, я надрукавала на машынцы канфідэнцыяльны запіс гутаркі ў Міёна.

— Вы сустракаліся з Міёнам яшчэ, перад яго смерцю? Ці тэлефанавалі?

— Сустракалася? — яшчэ больш здзівілася Адэль. — Як я магла. Хіба вы не ведаеце, што яго знайшлі мёртвым у сем гадзін? Значыць, да таго, як я выйшла з канторы.

— Вы тэлефаніравалі яму? Паміж паловай пятай і сёмай гадзінамі?

— Не, — Адэль выглядала збянтэжанай і крыху раззлаванай.

Я раптам зразумеў, што Вулф неабдумана пачаў ступаць па тонкім лёдзе, набліжаючыся да забароненай тэмы забойства.

— Я не ведаю, на што вы намякаеце, — дадала Адэль.

— Я таксама, — з запалам заўважыў суддзя Арнольд і працягваў з саркастычнай усмешкай. — Калі толькі гэта не неадольная звычка пытацца ў людзей, дзе тыя былі ў той момант, калі адбылося забойства. Чаму тады не кіравацца гэтай звычкай і ў дачыненні да ўсіх нас?

— Якраз гэта я і збіраюся зараз зрабіць, — спакойна адказаў Вулф. — Я хацеў бы даведацца, чаму Міён надумаў скончыць самагубствам, бо ад гэтага залежыць прапанова, якую я павінен выказаць удаве. Наколькі я зразумеў, двое ці трое з вас паведамілі, што пад канец гутаркі ён быў ва ўзбуджаным, але не прыгнечаным стане. Я ведаю, што ён скончыў самагубствам, паліцыю нельга збіць з панталыку ў такіх выпадках. Але чаму?

— У мяне наконт заявы аб яго стане ёсць сумненні, — пачала выказваць сваю думку Адэль. — Калі ведаеш, як спявак — асабліва такі вялікі, як Міён, — сябе адчувае, калі ён не можа выціснуць з сябе хоць бы адну ноту, калі вымушаны гаварыць прыцішаным голасам ці нават шэптам, гэта жахліва.

— Ва ўсякім разе, яго ўчынкі заўсёды былі неспадзяваныя, — уставіў слова Руперт Гроўв. — Я чуў, як на рэпетыцыі ён праспяваў арыю як анёл, а потым расплакаўся, бо яму, бачыце, здалося, што канец быў змазаны. То ён, здавалася, быў на нябёсах, а праз хвіліну — ужо нібы зямлёй прысыпаны.

— Тым не меней, — прабурчаў Вулф, — усё тое, што было сказана Міёну, усё роўна кім, на працягу тых дзвюх гадзін, перад самазабойствам, мае непасрэднае дачыненне да гэтага расследавання, мэта якога — вызначыць маральную пазіцыю місіс Міён. Я хачу ведаць, дзе вы, панове, былі ў той дзень адразу пасля заканчэння гутаркі і да сямі гадзін і што вы рабілі ў гэты час.