— Божа, — усклікнуў суддзя Арнольд і ўзняў да неба рукі. — Ну, што ж, — сказаў ён, апусціўшы іх, — час позні. Як вам ужо сказала міс Бослі, я выйшаў са студыі Міёна разам са сваім кліентам. Мы пайшлі ў бар «Чэрчыль», дзе выпілі і пагутарылі. Крыху пазней да нас далучылася міс Джэймс, яна таксама замовіла сабе пітво і праседзела з намі даволі доўга, недзе з паўгадзіны, а потым пайшла. Мы с містэрам Джэймсам заставаліся разам да пачатку восьмай. Увесь гэты час ніхто з нас не сустракаўся з Міёнам і нікому гэтага не даручаў. Спадзяюся, гэта інфармацыя вычарпальная?
— Дзякую вам, — ветліва сказаў Вулф. — Вы, зразумела, пацвярджаеце тое, што было сказана, містэр Джэймс?
— Так, — хмурна адказаў барытон. — Якая ўсё ж такі гэта бязглуздзіца!
— Яно сапраўды пачынае гучаць менавіта так, — пагадзіўся Вулф. — Доктар Лойд, ваша чарга. Калі вы не супраць?
Той паспеў ужо размякнуць. Ён чатыры разы падліваў сабе, не шкадуючы нашага лепшага віскі, і не быў супраць.
— Што вы? Калі ласка! — ахвотна адгукнуўся ён. — Я абышоў з візітамі пяцярых пацыентаў: двух, што жывуць на Пятай авеню, на поўнач ад цэнтра, аднаго — у раёне Шасцідзесятых вуліц ва ўсходняй частцы Манхэтана і двух — у бальніцы. Я прыйшоў дадому неўзабаве пасля шасці і толькі паспеў апрануцца пасля ванны, як патэлефанаваў Фрэд Уэплер і паведаміў пра Міёна. Зразумела, я адразу пайшоў туды.
— Вы не сустракаліся з Міёнам і не тэлефанавалі яму?
— Не, пасля таго як скончылася гутарка, я больш не меў з ім ніякіх кантактаў. Можа, мне трэба было гэта зрабіць, але такая думка не прыйшла ў галаву — я не псіхіятр, хоць і быў яго доктарам.
— Ён быў імпульсіўны, ці не так?
— Так, — Лойд сціснуў вусны. — Вядома, гэта не медыцынскі тэрмін.
— Далёка не медыцынскі, — пагадзіўся Вулф. Ён перавёў пільны позірк сваіх вачэй на наступнага суразмоўцу. — Містэр Гроўв, мне не трэба пытацца ў вас, ці тэлефанавалі вы Міёну, бо ўжо зафіксавана, што вы яму тэлефанавалі. Прыблізна а пятай гадзіне?
Руперт Тлушч зноў схіліў набок галаву. Відаць, гэта была яго любімая поза ў час гутаркі.
— Пасля пяці гадзін, — паправіў ён Вулфа. — Дакладней, у пятнаццаць хвілін на шостую.
— Адкуль вы патэлефанавалі?
— З клуба «Гарвард».
«Нічога сабе, — падумаў я, — колькі ж намаганняў трэба было яму прыкласці, каб трапіць у клуб «Гарвард».
— І што вы сказалі?
— Нічога асаблівага, — скрывіў вусны Гроўв. — Ведаеце, гэта не ваша справа, але паколькі астатнія зрабілі вам такую ласку, то і я буду трымацца іх прыкладу. Раней я забыўся спытаць, ці гатовы ён пацвердзіць згоду пералічыць тысячу даляраў за адзін тавар, бо адпаведнаму агенцтву патрэбны быў дакладны адказ. Мы гаварылі менш трох хвілін. Спярша ён быў супраць, а потым — згадзіўся. Вось і ўсё.
— Ці можна было па яго голасе зразумець, што з вамі размаўляе чалавек, які збіраецца скончыць самагубствам?
— Не, ні ў якім разе. У яго быў сумны настрой, што і зразумела, бо ён не мог спяваць тады і не спадзяваўся аднавіць голас раней чым праз два месяцы.
— Што вы рабілі пасля таго, як пагаварылі па тэлефоне з Міёнам?
— Я застаўся ў клубе. Замовіў вячэру і яшчэ не паспеў скончыць есці, як пачуў навіну пра тое, што Міён скончыў самагубствам. Так я і не пакаштаваў замоўленых тады марозіва і кавы.
— Што ж, гэта вельмі дрэнна. Калі вы гаварылі з Міёнам па тэлефоне, ці спрабавалі вы яшчэ раз угаварыць яго не настойваць на іску супраць містэра Джэймса?
Гроўв падняў галаву.
— Што я спрабаваў? — перапытаў ён.
— Вы чулі, што я сказаў, — груба адказаў Вулф. — Што тут дзіўнага? Зразумела, я атрымаў ад місіс Міён адпаведную інфармацыю, бо я вяду па яе просьбе расследаванне. Спярша вы былі супраць таго, каб Міён патрабаваў выплату кампенсацыі, і спрабавалі адгаварыць яго. Вы гаварылі, што пагалоска, якая разнясецца ў выніку ўсяго гэтага, наробіць шмат шкоды і таму не варта гэтага рабіць. Ён жа патрабаваў, каб вы падтрымалі іск, і паабяцаў скасаваць заключаны з вамі кантракт у тым выпадку, калі вы адмовіцеся. Ці не так, містэр Гроўв?
— Не, не так, — бліснуў сваімі чорнымі вачыма Гроўв. — Зусім не так! Я толькі выказаў яму сваю думку. Калі ж было вырашана заявіць іск, я дзейнічаў адпаведна. — Яго голас зрабіўся на цэлую актаву вышэй, хоць раней мне здавалася, што больш пісклявага голасу ўжо і быць не можа. — Я сапраўды дзейнічаў згодна з прынятым рашэннем!
— Вось як? — сказаў Вулф, больш не спрачаючыся. — А што вы цяпер думаеце наконт іску місіс Міён?
— Не думаю, што ён абгрунтаваны. Я не веру, што яна зможа атрымаць пэўную суму. На месцы Джэймса, я не заплаціў бы ёй нават цэнта.