— Яна вам не падабаецца, ці не так? — кіўнуў галавой Вулф.
— Калі гаварыць шчыра, дык не! І ніколі не падабалася. А што, я павінен яе любіць?
— Вядома, не. Асабліва калі ўлічыць тое, што і вы ёй не падабаецеся. — Вулф, адкінуўшыся назад, зручней усеўся ў крэсле.
Я мог здагадацца па размяклых вуснах Вулфа, што наступнае пытанне, якое ўзнікне ў ходзе гутаркі, будзе якраз тое, што яго не цікавіла, і зразумеў чаму, калі заўважыў, што ягоныя вочы спыніліся на Клары Джэймс. Магу ісці ў заклад, калі б ён ведаў, што давядзецца мець справу з такімі кліентамі, то ніколі б не згадзіўся на гэту работу.
— Міс Джэймс, вы чулі, што тут гаварылася? — спытаў ён бурчліва.
— Мне было цікава, — з крыўдай у голасе загаварыла тая, нібыта скардзячыся, — вы і далей не будзеце звяртаць ніякай увагі на мяне? Я таксама тут прысутнічаю, ці не так?
— Так. Я не забыўся пра вас. — З тону яго голасу адчувалася, што яму хацелася адваротнага. — Пасля таго як вы сустрэліся з бацькам і суддзёй Арнольдам у бары за пітвом, з якой мэтай яны накіравалі вас на сустрэчу з Міёнам да яго ў студыю?
Арнольд і Джэймс адразу ж выказалі пратэст, зрабіўшы гэта гучна і адначасова. Вулф, не звяртаючы на іх увагі, чакаў адказу ад Клары, голас якой патануў у крыках яе спадарожнікаў.
— …не мае ніякага дачынення, — пачуўся толькі канец яе адказу. — Я сама туды пайшла.
— Гэта была ваша ўласная ідэя?
— Цалкам. Часам так здараецца, зусім незалежна ад нас.
— Дзеля чаго вы туды пайшлі?
— Ты не абавязана адказваць на гэтае пытанне, мая дарагая, — звярнуўся да яе Арнольд.
Клара не звярнула на яго ўвагі.
— Яны паведамілі мне аб тым, што адбылося ў час гутаркі,і я ледзь не звар'яцела. На маю думку, гэта быў сапраўдны грабеж, але я не збіралася менавіта гэта казаць Альберту. Мне здавалася, што я здолею адгаварыць яго.
— Вы пайшлі, каб угаварыць яго адмовіцца дзеля мінулага?
— Як удала вы ўмееце выбіраць словы! — усклікнула Клара з задаволеным выглядам. — Уявіце дзяўчыну маіх гадоў, у якой ужо ёсць мінулае!
— Я рады, што вам спадабалася мая манера выказвацца, міс Джэймс. — Было відаць, што ўнутры ў Вулфа ўсё кіпіць. — Як бы там ні было, вы пайшлі. На месцы былі ў пятнаццаць хвілін на сёмую?
— Так, нешта каля гэтага.
— Вы бачыліся з Міёнам?
— Не.
— Чаму не?
— Яго там не было, урэшце… — Клара змоўкла. У яе ў вачах ужо не было таго бляску, які быў раней. — Так я думала тады, — працягвала яна. — Я паднялася на трынаццаты паверх і націснула кнопку званка на дзвярах студыі. Званок — гучны, — ён гэта спецыяльна прадугледзеў, каб яго не заглушалі голас і гукі піяніна ў час рэпетыцый — але я не магла пачуць яго з калідора, бо дзверы — таксама гукаізаляваныя, і, націснуўшы кнопку некалькі разоў, я не была ўпэўненая, што званок празвінеў, і таму пастукала. Я люблю ўсё даводзіць да канца, а паколькі мне здавалася, што ён у студыі, я яшчэ некалькі разоў пазваніла, потым зняла чаравік і пастукала аб дзверы абцасам. Потым я пайшла ўніз і націснула кнопку званка на дзвярах кватэры. Гэта было сапраўднае глупства з майго боку, бо я ведала, з якой нянавісцю ставіцца да мяне місіс Міён, але ўсё-такі я гэта зрабіла. Місіс Міён адчыніла дзверы і сказала, што, на яе думку, Альберт знаходзіцца паверхам вышэй, у студыі. Я сказала, што яго там няма, пасля гэтага яна з трэскам зачыніла дзверы проста перад самым маім носам. Я пайшла дадому, зрабіла сабе кактэйль, — дарэчы, трэба прызнаць, у вас добрае віскі, хоць я ні разу раней не чула такой назвы. — Яна ўзняла і патрэсла шклянку, каб памяшаць лёд. — Ёсць якія пытанні?
— Не, — гыркнуў Вулф. Ён зірнуў на насценны гадзіннік, а потым абвёў позіркам твары прысутных. — Я, безумоўна, паведамлю місіс Міён, — сказаў ён, звяртаючыся да іх, — што вы не імкнуліся ўтойваць факты.
— А што яшчэ? — пацікавіўся Арнольд.
— Не ведаю. Паглядзім.
Гэта ім не спадабалася. Не думаю, каб хто-небудзь змог вызначыць пытанне, па якім усе шасцёра змаглі б прыйсці да адзінадушнай згоды, і ўсё ж Вулф здолеў акрэсліць яго некалькімі словамі. Ім трэба было ведаць канчатковае рашэнне, калі не яго, дык думку, ну, а калі і не яе, дык хоць бы намёк.
Адэль Бослі была сама ўпартасць. Руперт Тлушч выказаў сваё абурэнне віскам, а суддзя Арнольд ледзь стрымліваўся. Вулф па-ранейшаму валодаў сабой, але нарэшце ўстаў і пажадаў ім добрай ночы.
Усё скончылася на такой ноце, што, адыходзячы, ніхто не выціснуў з сябе ніводнага слова ўдзячнасці за пачастункі, нават Адэль, эксперт па адносінах з грамадскасцю, ці доктар Лойд, які фактычна адзін апаражніў бутэльку віскі.