Зачыніўшы на ноч парадныя дзверы на засаўку, я вярнуўся ў кабінет. На маё здзіўленне, Вулф усё яшчэ быў на нагах, стоячы каля кніжнай шафы і ўтаропіўшыся ў расстаўленыя на паліцах кнігі.
— Не спіцца? — спытаў я пачціва.
— Хачу выпіць яшчэ бутэльку піва, — настойліва запатрабаваў, павярнуўшыся ў мой бок, Вулф.
— Вы пэўна звар'яцелі. І так пяць бутэлек ужо выпілі пасля вячэры. — Усё гэта я гаварыў без асаблівых эмоцый, бо справа была звычайная. Ён сам вызначыў норму ў пяць бутэлек, якія выпіваў паміж вячэрай і перад тым, як класціся спаць, і звычайна прытрымліваўся гэтай колькасці, але калі з той ці іншай прычыны быў вельмі не ў гуморы, то лічыў за лепшае зняць з сябе адказнасць, каб такім чынам мець магчымасць спагнаць злосць на мне.
Але гэта была ўсяго толькі частка маіх службовых абавязкаў.
— Нічога не атрымаецца, — цвёрда сказаў я. — Я палічыў. Пяць. Што за справы такія, вечар прабавілі, а забойцы ўсё няма?
— Яшчэ чаго! — сказаў, сцяўшы вусны, Вулф. — Справа не ў тым. Калі б толькі гэта, мы маглі б завяршыць усё яшчэ да таго, як ляжам спаць. Справа ў гэтым чортавым рэвальверы з крыламі. — Ён пільна глянуў у мой бок прыжмуранымі вачыма, быццам падазраючы, што ў мяне таксама ёсць крылы. — Я мог бы, вядома, не звярнуць на гэта ўвагі — але не. Не, бо, улічваючы той стан, у якім знаходзяцца нашы кліенты, гэта было б неразумна. Мы павінны гэта высветліць. Іншага выйсця няма.
— Шкада. Магу чым-небудзь дапамагчы?
— Можаш. Патэлефануй містэру Крэймеру і зрабі гэта неадкладна, заўтра ж раніцай. Папрасі яго быць тут у адзінаццаць гадзін.
Мае бровы палезлі ўгору ад здзіўлення.
— Але ж яго цікавяць толькі забойствы. Павінен я паведаміць, што ў нас ёсць якраз такая справа і мы хацелі б з ёю пазнаёміць?
— Не. Скажы, я гарантую, што патурбавацца варта. — Вулф зрабіў крок наперад. — Арчы.
— Так, сэр.
— У мяне быў цяжкі вечар, і я вып'ю яшчэ адну бутэльку.
— Не. Ні ў якім разе. — У кабінет зайшоў Фрыц, і мы пачалі наводзіць парадак. — Ужо за поўнач, да таго ж вы нам перашкаджаеце. Кладзіцеся спаць.
— Адна не пашкодзіць, — прамармытаў Фрыц.
— Бач ты, памагаты знайшоўся, — сказаў я рэзка. — Папярэджваю вас абодвух, у мяне ў кішэні рэвальвер. Ну, што за людзі ў гэтым доме!
На працягу дзевяці месяцаў містэр Крэймер, інспектар па справах аб забойствах, мужчына высокага росту і шырокі ў плячах, з валасамі, кранутымі сівізной, выглядаў, можна сказаць, малайцом. Улетку ад спёкі яго твар так моцна чырванеў, што інспектар выглядаў крыху гратэскава. Яму было гэта вядома і непрыемна, а ў выніку з ім цяжэй мець справу ў жніўні, чым у студзені. Калі мне трэба будзе здзейсніць забойства на Манхэтане, я спадзяюся, што гэта здарыцца зімой.
У аўторак, апоўдні, ён сядзеў у чырвоным скураным крэсле і пазіраў на Вулфа без асаблівай сардэчнасці. Затрымаўшыся ў сувязі з іншай, раней дамоўленай сустрэчай, ён не змог прыйсці ў адзінаццаць гадзін, калі Вулф звычайна заканчвае візіты да сваіх архідэй у аранжарэях на даху.
У Вулфа таксама быў не вельмі радасны выгляд, а я з нецярпеннем чакаў пачатку прадстаўлення. Дый мне цікава было ўбачыць, як будзе выкручвацца Вулф, стараючыся выцягнуць з Крэймера інфармацыю пра забойства, не прызнаючыся, аднак, што забойства здарылася, бо Крэймера ні ў якім разе нельга было назваць прастаком.
— Мне трэба пад'ехаць тут у адно месца, — прабурчаў Крэймер, — у мяне мала часу.
Відавочна, гэта была непрыкрытая хлусня. Ён проста не мог пагадзіцца з думкай, што інспектар нью-йоркскага дэпартамента паліцыі мог вось так прыйсці з візітам да прыватнага дэтэктыва па запрашэнні, нават калі гэта быў Ніра Вулф і нават калі я паведаміў, што ў нас ёсць нешта сапраўды цікавае.
— Ну, што тут у вас, — працягваў бурчаць Крэймер, — што-небудзь звязанае з Дыкінсанам? Хто далучыў вас да гэтай справы?
— Не, дзякуй Богу, не гэта. Гэта датычыцца забойства Альберта Міёна.
Я здзіўлена глянуў на Вулфа. Гэта было за межамі майго разумення. Ён адразу ж спусціў сабак і якраз тады, калі, на маю думку, уся справа была ў тым, каб рабіць выгляд, што ніякіх сабак не магло быць.
— Міён? — перапыніў без усякай цікавасці Крэймер. — Гэта не мой.
— Хутка будзе ваш. Альберт Міён, вядомы оперны спявак. Чатыры месяцы назад, дзевятнаццатага красавіка. У яго ў студыі на Іст-Энд авеню. Смерць ад кулі.
— А! — кіўнуў галавой Крэймер. — Так, прыпамінаю. Але вы крыху выходзіце за межы. Гэта было самагубства, відавочнае і простае.
— Не, гэта было наўмыснае забойства.
Крэймер на некалькі імгненняў спыніў позірк на Вулфе. Потым, не спяшаючыся, узяў з кішэні сігару, уважліва агледзеў яе і сунуў у рот. Праз момант выцягнуў яе адтуль.