— Я заўсёды ведаў, — заўважыў ён, — што калі трэба знайсці затлум галаве, то можна смела разлічваць на вас. Хто сказаў, што гэта забойства?
— Я прыйшоў да такой высновы.
— Ну тады ўсё ясна. — Сарказм Крэймера заўсёды быў больш чым трэба з'едлівы. — А вы паклапаціліся, каб сабраць доказы?
— У мяне іх няма.
— Выдатна. Факты проста крычаць, што гэта было забойства. — Крэймер зноў засунуў сігару ў рот і выбухнуў: — З якога часу вы пачалі гаварыць чорт ведае якімі рванымі сказамі? Працягвайце і гаварыце нармальна!
— Ну, — сказаў, крыху падумаўшы, Вулф. — Справа крыху складаная. Вы, відаць, незнаёмы з падрабязнасцямі, паколькі гэта адбылося ўжо даўно і было зарэгістравана як самазабойства.
— Я памятаю гэтую справу дастаткова добра. Як вы сказалі, ён быў вядомая асоба. Так што працягвайце.
Вулф адкінуўся ў крэсле і заплюшчыў вочы.
— Перапыняйце мяне, калі трэба. Учора вечарам у мяне тут на гутарцы было шэсць чалавек. — Ён пералічыў прозвішчы і паведаміў, што гэта былі за асобы. — Пяцёра прысутнічалі на гутарцы ў студыі Міёна, якая закончылася за дзве гадзіны да таго, як яго знайшлі мёртвым. Шостая асоба, міс Джэймс, грукала ў дзверы студыі ў пятнаццаць хвілін на сёмую і не пачула адказу, відаць, таму што Міён быў ужо мёртвы. Я прыйшоў да высновы, што Міён быў забіты, толькі на падставе таго, што пачуў ад іх. Я не збіраюся паўтараць усё тое, што яны мне пераказалі — бо на гэта спатрэбіцца занадта шмат часу, адразу ж узнікне пытанне наконт акцэнтаў і розных інтэрпрэтацый, да таго ж вы ўжо іх чулі.
— Учора ўвечары мяне тут не было, — суха сказаў Крэймер.
— Так, вас тут не было. Замест вас трэба было б сказаць «паліцэйскі дэпартамент». Усё гэта павінна быць падшыта ў дасье. Іх усіх дапытвалі тады, калі гэта здарылася, і яны расказвалі кожны сваю гісторыю, іх жа яны паведамілі і мне. Вы можаце гэта там знайсці. Вы калі-небудзь чулі, каб я быў вымушаны браць свае словы назад?
— Я быў сведкам выпадкаў, калі мне хацелася запіхнуць іх назад у вашу глотку.
— Але вы ніколі гэтага не зрабілі. Вось яшчэ тры словы, якія я не вазьму назад: Міён быў забіты. Я не скажу вам цяпер, як дайшоў да гэтае высновы: павывучайце вашы дасье.
Крэймер стараўся стрымліваць сябе.
— Мне не трэба вывучаць іх, — заявіў ён, — з-за адной дробнай дэталі — якім чынам ён скончыў жыццё. Вы хочаце сказаць, што націснуў на курок ён сам, але зрабіць гэта яго прымусілі?
— Не. На курок націснуў забойца.
— Забойца, відаць, быў не просты. Паспрабуйце дамагчыся, каб ахвяра разявіла рот, запіхнуць туды дула рэвальвера і каб пры гэтым вас яшчэ не пакусалі. Можа, вы і прозвішча забойцы паведаміце?
— Я яшчэ не настолькі далёка зайшоў у сваім расследаванні. Але непакоіць мяне не ваш контраргумент — справа гэта вырашальная. Тут ёсць нешта іншае. — Вулф нахіліўся ўперад і загаварыў вельмі сур'ёзным тонам: — Я б, вядома, мог самастойна завяршыць усю справу, перадаць вам дадзеныя пра забойцу і ўсе доказы, а потым лопаць крыламі і радасна кукарэкаць. Але, па-першае, у мяне не столькі амбіцыі, каб выстаўляць вас дурнямі, бо вы не такія, а па-другое, мне патрэбна ваша дапамога. Я не гатовы пакуль да таго, каб даказваць, што Міёна забілі, я магу толькі запэўніваць, што гэта было менавіта так, паўтараць, што мне не давядзецца забіраць свае словы назад — таксама як і вам. Няўжо гэтага недастаткова, каб выклікаць вашу зацікаўленасць?
Крэймер перастаў смактаць сігару. Дарэчы, ён так і не запаліў яе.
— Вядома, так, — адказаў ён хмурна. — Так, каб яго чорт узяў, я зацікаўлены. Яшчэ адзін першастацейны затлум галавы. Я вельмі ўсцешаны тым, што вы шукаеце маёй дапамогі. Як я магу дапамагчы?
— Я хачу, каб вы затрымалі двух чалавек як сведак, паказанні якіх маюць істотнае значэнне, дапыталі іх і выпусцілі пад заклад.
— Чаму двух? Чаму не ўсіх шасцярых?
Я папярэджваў чытача: яго сарказм быў з'едлівы.
— Але, — працягваў, не зважаючы на кпіны, Вулф, — трэба выканаць адпаведныя ўмовы. Яны не павінны ведаць, што я тут замешаны, яны нават не павінны ведаць, што я гаварыў з вамі. Арышты трэба здзейсніць сёння папалудні ці ў канцы дня, каб яны заставаліся ў зняволенні ўсю ноч да таго часу, пакуль раніцай вырашыцца пытанне наконт закладу. Сума не павінна быць вялікай, бо сам заклад не мае асаблівага значэння. Допыт павінен быць дастаткова працяглым і суровым, а не такім — каб проста адмахнуцца, і чым меней яны паспяць — а лепш каб наогул вачэй не сплюшчылі, — тым лепей. Вядома, для вас такія справы звыклыя.