Выбрать главу

— Так, мы ўвесь час гэта робім, — сказаў Крэймер ранейшым тонам. — Але калі мы просім выпісаць ордэр, пажадана мець дастаткова пераканаўчае абгрунтаванне. Мы б не хацелі тлумачыць гэта жаданнем аказаць паслугу Ніра Вулфу. Крывіць душой я не хачу.

— Для гэтых дваіх дастатковае абгрунтаванне ёсць. Яны на самай справе сведкі, паказанні якіх маюць істотнае значэнне.

— Вы не сказалі іх прозвішчаў. Хто яны?

— Мужчына і жанчына, якія знайшлі труп: містэр Фрэдэрык Уэплер, музычны крытык, і місіс Міён, удава.

На гэты раз я не здранцвеў ад здзіўлення, але спатрэбіліся дадатковыя намаганні, каб схамянуцца. Бо такое здарылася, відаць, упершыню. Колькі разоў я быў сведкам таго, як Вулф заходзіў далёка, а ў некалькіх выпадках занадта далёка — каб вызваліць кліента ад арышту. Ён ставіўся да арыштаў як да невыноснай асабістай абразы. А тут ён практычна прасіў прадстаўнікоў праваахоўных органаў засадзіць Фрэда і Пегі за краты, і гэта пасля таго, як я перадаў у банк выпісаны місіс Міён чэк на пяць тысяч!

— Вось як! — сказаў Крэймер. — Іх?

— Іх, сэр, — пацвердзіў Вулф. — Як вы ведаеце ці можаце даведацца з дасье, ёсць шмат пра што іх спытаць. Містэр Уэплер быў у Міёнаў у той дзень на званым абедзе, разам з іншымі, а калі госці пайшлі, ён застаўся з місіс Міён. Пра што ішла размова? Што яны рабілі ў другой палове гэтага дня? Дзе яны былі? Чаму містэр Уэплер вярнуўся ў кватэру Міёнаў у сем гадзін? Чаму яны з місіс Міён пайшлі наверх у студыю? Чаму, убачыўшы труп, містэр Уэплер не паведаміў аб тым, што здарылася, паліцыі, а спусціўся на першы паверх, каб скласці са слоў швейцара і ліфцёра спіс наведвальнікаў? Незвычайныя паводзіны. Ці меў Міён звычку спаць пасля абеду? Ці спаў ён з адкрытым ротам?

— Вельмі вам абавязаны, — сказаў Крэймер зусім не ўдзячна. — Проста цуд, як спрытна вы ўмееце задаваць пытанні. Але калі Міён нават і спаў з адкрытым ротам, я сумняваюся, што ён рабіў гэта стоячы. Куля, якая прабіла галаву, трапіла ў столь, наколькі я памятаю. Скажыце цяпер, — спытаў Крэймер, пляснуўшы далонямі па падлакотніках крэсла, — хто ваш кліент?

— Не, — з жалем у голасе сказаў Вулф. — Я не магу гэтага адкрыць.

— Я так і думаў. Сапраўды, вы ніколі не адкрылі ніводнай дробязі. У вас няма доказаў, а калі яны і ёсць, дык вы надзейна хаваеце іх у кішэні. Вы прыйшлі да высновы, якая вам падабаецца. Яна дапаможа кліенту, прозвішча якога вы адмаўляецеся паведаміць, але хочаце, каб я праверыў для вас гэтую выснову, арыштаваўшы двух паважаных грамадзян і ўзяўшы іх у работу. Раней я быў сведкам вашага нахабства, але гэты раз вы паставілі рэкорд!

— Я ж вам казаў, што буду вымушаны праглынуць свае словы, як і вы. Калі…

— Вы б нават праглынулі сваю архідэю, каб толькі атрымаць ганарар!

Вось тут і пачаўся феерверк. Я шмат разоў сядзеў на сваім месцы, слухаючы лаянку паміж гэтымі двума тыпамі, цешачыся кожнай хвілінай гэтага спектакля, але сённяшняе прадстаўленне рабілася настолькі драматычным, што я быў ужо не вельмі ўпэўнены наконт уцех. У 12.40 Крэймер быў на нагах, збіраючыся адыходзіць. У 12.45 ён зноў сядзеў у чырвоным скураным крэсле, махаючы кулаком і злосна зыркаючы на суразмоўцу. У 12.45 Вулф сядзеў, адкінуўшыся ў крэсле, заплюшчыўшы вочы, і рабіў выгляд, што нічога не чуе. У 12.52 ён стукаў кулаком аб стол і роў на ўвесь голас.

У 13.10 усё скончылася. Крэймер згадзіўся з прапановай Вулфа і пайшоў. Ён выставіў умову — спярша азнаёміцца з матэрыяламі па справе і пагутарыць з супрацоўнікамі, але гэта было не істотна, бо арышты трэба было адкласці на больш позні час і здзейсніваць толькі тады, як суддзі пойдуць дадому. Ён пагадзіўся з той умоваю, што ахвяры не даведаюцца аб тым, што Вулф прыклаў да гэтай справы руку, таму можна было сказаць, што Крэймер саступіў, але, на самай справе, ён кіраваўся разумным сэнсам.

Як бы Крэймер ні стараўся праігнараваць тыя тры словы Вулфа, якія не павінны былі брацца назад — а са свайго вопыту ён ведаў, як рызыкоўна ігнараваць гэтага чортавага Вулфа, — яны ўсё ж прадугледзелі дастатковыя меры, каб пазбегнуць непрыемных момантаў у выніку перагляду справы аб смерці Міёна, і ў такім выпадку размова з парай, якая знайшла труп, уяўляла сабой не менш апраўданы шлях падступіцца да справы, чым які-небудзь іншы. Трэба заўважыць, што Крэймер папярхнуўся толькі адным — адмовай Вулфа паведаміць прозвішча кліента.

Ідучы з Вулфам у сталовую, дзе нас чакаў абед, я заўважыў, звяртаючыся да яго шырокай спіны:

— У межах вялікага Нью-Йорка налічваецца ўжо восемсот дзевяць чалавек, якія б хацелі вас атруціць. Цяпер будзе восемсот адзінаццаць. Вы не лічыце, што рана ці позна яны даведаюцца?