Выбрать главу

— Вядома, даведаюцца, — згадзіўся ён, высоўваючы крэсла, каб сесці за стол. — Але занадта позна.

Да канца дня і ўвечары, як нам было вядома, нічога не здарылася.

Назаўтра раніцай, у 10.40 я сядзеў за сваім пісьмовым сталом у канторы, калі зазваніў тэлефон. Я ўзяў слухаўку і адказаў:

— Кантора Ніра Вулфа, ля тэлефона Арчы Гудвін.

— Я хачу пагаварыць з містэрам Вулфам.

— Яго не будзе да адзінаццаці гадзін. Чым магу дапамагчы?

— Гэта неадкладная справа. З вамі гаворыць Уэплер, Фрэдэрык Уэплер. Я ў тэлефоннай будцы каля аптэкі на Дзевятай авеню непадалёк ад Дваццатай вуліцы. Разам са мной місіс Міён. Нас арыштавалі.

— Божа! — з жахам у голасе ўсклікнуў я. — За што?

— Каб дапытаць нас у сувязі са смерцю Міёна. У іх былі ордэры на затрыманне сведак, якія могуць даць істотныя паказанні. Яны трымалі нас і вось толькі што адпусцілі пад заклад. Я запрасіў адваката, каб уладкаваць справу наконт закладу, але не хачу, каб ён ведаў пра тое, што мы раіліся з Вулфам, і цяпер яго няма з намі. Нам трэба сустрэцца з Вулфам.

— Ну, зразумела, — пагадзіўся я з запалам. — Гэта абуральна! Зараз жа прыходзьце да нас. Пакуль вы прыедзеце, ён ужо вернецца з аранжарэй. Хапайце таксі.

— Мы не можам. Іменна таму я і званю. За намі па пятах ідуць два сышчыкі, а нам не хацелася б, каб яны даведаліся пра сустрэчу з Вулфам. Як нам ад іх адвязацца?

Каб не марнаваць часу і сілы, варта было б параіць яму ісці і не звяртаць увагі на хвасты, прышпіленыя афіцыяльнай паліцыяй, але я падумаў, што мне лепш працягваць пачатую гульню.

— Крый Бог, — сказаў я з агідай у голасе. — Гэтыя лягавыя дзейнічаюць мне на нервы. Паслухайце. Вы чуеце мяне?

— Так.

— Ідзіце да «Федэр пэйпер компані», нумар 535 на Семнаццатай вуліцы на захад ад Пятай авеню. У канторы спытайцеся містэра Сола Федэра. Скажыце, што ваша прозвішча Мантгомеры. Ён праводзіць вас па калідоры, што выходзіць на Васемнаццатую вуліцу. Там каля тратуара або ў другім радзе будзе стаяць таксі з насоўкай на дзвярной ручцы. У машыне буду я. Не марнуючы часу, хуценька залазьце ўсярэдзіну. Зразумела?

— Думаю, што так. Было б добра, каб вы паўтарылі адрас.

Я паўтарыў і параіў ім пачакаць хвілін дзесяць, перш чым пайсці па ўказаным адрасе, каб я меў час дабрацца туды. Потым патэлефанаваў Солу Федэру, каб даць адпаведныя ўказанні, знайшоў Вулфа па ўнутраным тэлефоне, каб паведаміць аб тым, што адбываецца, і памчаўся да месца сустрэчы.

Мне трэба было папрасіць Уэплера пачакаць пятнаццаць — дваццаць хвілін, а не дзесяць, бо я ледзь-ледзь паспеў да месца сустрэчы на Васемнаццатай вуліцы. Маё таксі толькі што спынілася, і я высоўваў руку з машыны, каб прывязаць насоўку — калі яны выйшлі на тратуар. Я на ўсю шырыню адчыніў дзверцы, і Фрэд літаральна ўкінуў Пегі ў машыну, а сам нырнуў услед.

— Вадзіцель, — сказаў я суровым тонам, — вы ведаеце, куды ехаць, — і мы рушылі наперад.

Калі мы завярнулі на Дзесятую авеню, я спытаў, ці снедалі яны, і атрымаў сцвярджальны, але пазбаўлены ўсякага энтузіязму адказ. Трэба сказаць, што і самі яны выглядалі не надта бадзёра. Тонкі зялёны жакет Пегі, надзеты паверх карычневай сукенкі, пакамячыўся і быў не вельмі чысты, недагледжаным выглядаў і твар. Валасы Фрэда, здавалася, з месяц не прычэсваліся, а яго трапічнага крою карычневы касцюм можна было назваць па-рознаму, толькі не ахайным. Яны сядзелі, пабраўшыся за рукі, і амаль штохвіліны Фрэд паварочваўся назад і зазіраў у задняе акно.

— Мы адарваліся, не хвалюйцеся, — запэўніў я яго. — Я прыберагаў Сола Федэра спецыяльна для такіх надзвычайных выпадкаў.

Паездка доўжылася ўсяго пяць хвілін. Калі я правёў іх у кабінет, Вулф быў ужо там і сядзеў за сталом у сваім вялікім, зробленым на замову крэсле. Ён устаў, каб павітацца з увайшоўшымі, запрасіў іх сесці, спытаў, ці добра яны паснедалі, і сказаў, што вестка аб арышце непрыемна ўразіла яго.

— Тут ёсць адна акалічнасць, — выпаліў, не паспеўшы сесці, Фрэд. — Мы прыйшлі да вас на сустрэчу, каб канфідэнцыяльна параіцца, а праз сорак восем гадзін нас арыштоўваюць. Гэта што, чыстае супадзенне?

Вулф нарэшце зноў зручна ўладкаваўся ў крэсле.

— Гэта ніяк нам не дапаможа, містэр Уэплер, — сказаў ён без усякае крыўды. — Калі вы думаеце так, а не інакш, дык вам лепей пайсці куды-небудзь і астыць. Вы і місіс Міён — мае кліенты. Намёк на тое, што я здольны дзейнічаць супраць інтарэсаў кліента, занадта дзіцячы, каб яго абмяркоўваць. Што хацела даведацца паліцыя?

Але Фрэда такі адказ не задаволіў.

— Вы не двудушны чалавек, — пагадзіўся ён. — Я гэта ведаю. Але як наконт Гудвіна? Ён таксама можа не быць двудушным чалавекам, але мог аказацца неасцярожным у размове з кім-небудзь.