Выбрать главу

— Арчы, гэта так? — перавёў позірк у мой бок Вулф.

— Не, сэр. Але я магу пачакаць з яго прабачэннямі. У іх была цяжкая ноч. — Я зірнуў на Фрэда. — Сядайце і супакойцеся. Калі б у мяне быў доўгі язык, я б і тыдня не пратрымаўся на гэтай рабоце.

— Вельмі смешна, — не супакойваўся Фрэд. Ён сеў. — Місіс Міён згодна са мной. Праўда, Пегі?

Пегі, якая сядзела ў чырвоным скураным крэсле, глянула ў яго бок, потым перавяла позірк на Вулфа.

— Думаю, што я была згодна, — прызналася яна. — Так, я была згодна. Але цяпер, калі я тут, бачу вас, — яна абвяла рукою прысутных. — Ат, забудзем пра гэта! Нам няма болей да каго ісці. Безумоўна, мы ведаем адвакатаў, але мы не хацелі б расказваць адвакату пра тое, што нам вядома — пра рэвальвер. Вам мы гэта ўжо расказалі. Але цяпер паліцыя пачала нешта падазраваць. Мы на волі, але адпусцілі нас пад заклад, і вы павінны нешта зрабіць!

— Што вы даведаліся ў панядзелак вечарам? — спытаў Фрэд. — Вы ўхіліліся ад пытання, калі я патэлефанаваў вам учора. Што яны сказалі?

— Паведамілі факты, — адказаў Вулф. — Як вы чулі па тэлефоне, я дабіўся пэўных вынікаў. У мяне няма больш нічога дадаць — цяпер. Але я хачу ведаць, я мушу ведаць, якога кірунку пачала трымацца паліцыя? Ці ведаюць яны, што вы расказалі мне пра рэвальвер?

Фрэд і Пегі адмоўна пакруцілі галовамі.

— Тады ў мяне ёсць дастаткова падстаў, каб прапанаваць вам адмовіцца ад намёку на тое, што мы з містэрам Гудвінам здрадзілі вам. Пра што яны ў вас пыталіся?

Для адказу на гэтае пытанне спатрэбілася добрае паўгадзіны. Паліцэйскія не выпусцілі ніводнай дэталі агульнай карціны, бо яна была ім вядома, і, выконваючы ўказанне Крэймера быць асабліва ўважлівымі, не абмінулі ніводнай дробязі. Яны зусім не абмяжоўваліся ў сваіх пытаннях толькі днём смерці Міёна і асабліва цікавіліся пачуццямі і дзеяннямі Пегі і Фрэда на працягу некалькіх месяцаў перад здарэннем і пасля яго.

Некалькі разоў я мусіў прыкусіць язык, бо мне карцела спытаць кліентаў, чаму яны не паслалі паліцэйскіх к чортавай матары, але на самай справе я ведаў чаму: яны баяліся. Напалоханы чалавек — чалавек непаўнацэнны. У канцы расказа пра перажытыя Пегі і Фрэдам выпрабаванні я пачаў спачуваць ім і нават адчуваць сябе крыху вінаватым за Вулфа, але тут ён раптам нечакана вывеў мяне са стану спагадлівасці.

— Арчы! — раптам звярнуўся ён да мяне. — Выпішы чэк на пяць тысяч даляраў на імя місіс Міён.

Пегі і Фрэд здзіўлена ўтаропіліся ў Вулфа. Я ўстаў і пайшоў да сейфа. Яны папрасілі растлумачыць, у чым справа. Я спыніўся каля дзверцаў сейфа, каб выслухаць адказ.

— Я адмаўляюся супрацоўнічаць з вамі, — коратка сказаў Вулф. — Я не выношу хлусні. У нядзелю я гаварыў, што нехта адзін альбо вы абое хлусіце, і вы ўпарта адмаўлялі гэта. Я пачаў расследаванне на падставе вашай хлусні і рабіў усё, што было ў маіх сілах. Але цяпер, калі паліцыя зацікавілася смерцю Міёна і непасрэдна вамі, я не хачу больш рызыкаваць. Я гатовы быць Дон-Кіхотам, але толькі не дурнем. Скасоўваючы дамоўленасць з вамі, я павінен паведаміць, што маю намер неадкладна інфармаваць інспектара Крэймера аб усім, што вы мне расказалі, а таксама папярэдзіць вас, што мы з ім добра знаёмыя і ён мне паверыць. У выпадку, калі паліцыя падступіцца да вас наступны раз і вы будзеце настолькі дурныя, каб адхіляць мае паказанні, адзін Бог ведае, што здарыцца. Лепш за ўсё вам расказаць паліцыі ўсю праўду і папрасіць, каб яны працягвалі расследаванне, якое вы хацелі даручыць мне, але я вымушаны папярэдзіць вас, што яны не дурні і таксама зразумеюць, што вы хлусіце, урэшце, адзін хлусіць. Арчы, што вы стаіце разявіўшы рот? Вы атрымалі маё даручэнне. Вазьміце чэкавую кніжку.

Я адчыніў сейф.

Яны нават не пікнулі. Думаю, што занадта стаміліся, каб неяк рэагаваць. Падышоўшы зноў да стала, я ўбачыў, што яны сядзяць нерухома, гледзячы адно на аднаго. Калі я пачаў рабіць адпаведны запіс у чэкавай кніжцы, пачуўся голас Фрэда.

— Вы не зробіце гэтага. Гэта неэтычна.

— Фу! — фыркнуў Вулф. — Вы наймаеце мяне, каб я вызваліў вас з бяды, хлусіце мне і зараз гаворыце аб этыцы! Між іншым, я дасягнуў значнага поспеху ў панядзелак вечарам. Высветліў усё, акрамя дзвюх дэталяў, і адна, чорт яе вазьмі, залежыць ад вас. Я павінен ведаць, хто паклаў рэвальвер каля трупа. Упэўнены, што гэта зрабіў адзін з вас, але вы гэта адмаўляеце. Таму я нічога не магу зрабіць, і вельмі шкада, бо, акрамя ўсяго, ведаю, што вы не маеце дачынення да смерці Міёна. Калі б…