Выбрать главу

— Што? — спытаў Фрэд. Гэты раз яго рэакцыя была зусім нармальная. — Вы ўпэўнены, што мы не маем дачынення?

— Так.

Фрэда быццам ветрам змяло з крэсла. Ён падышоў да стала Вулфа, абапёрся аб яго далонямі, нахіліўся і спытаў сурова:

— Вы сапраўды так лічыце? Паглядзіце мне ў вочы. Расплюшчыце вочы і зірніце мне проста ў твар. Вы сапраўды так лічыце?

— Вядома, — адказаў Вулф. — Безумоўна, я так лічу.

Фрэд яшчэ нейкі момант не зводзіў вачэй з Вулфа, потым выпрастаўся.

— Ну, што ж, — сказаў ён, гэты раз спакойна. — Рэвальвер на падлогу паклаў я.

Адтуль, дзе сядзела Пегі, пачуўся стогн. Жанчына вылецела з крэсла, кінулася да Фрэда, сціснула далонямі яго руку.

— Фрэд! Не можа быць! Фрэд! — маліла яна яго.

Я нават не спадзяваўся на такую рэакцыю з яе боку, але, відаць, трэба было ўлічваць яе стомленасць.

Фрэд пагладзіў далоні Пегі і, вырашыўшы, што гэтага недастаткова, абняў яе. На нейкі момант яго ўвага была засяроджана на жанчыне. Нарэшце Фрэд павярнуўся тварам да Вулфа і загаварыў:

— Можа, я і пашкадую аб гэтым, але ў такім разе і вы будзеце шкадаваць. Далібог, вы пашкадуеце. — Ён сказаў гэта даволі ўпэўнена. — Што ж, я сапраўды хлусіў. Я паклаў рэвальвер на падлогу. Цяпер усё ў вашых руках. — Ён яшчэ мацней прыціснуў да грудзей другога нашага кліента. — Вось так, Пегі. Не гавары, што я павінен быў усё табе расказаць — можа, і сапраўды я павінен быў гэта зрабіць, — але я не мог. Усё будзе добра, дарагая, вось пабачыш.

— Сядайце, — гнеўна сказаў Вулф. Праз хвіліну ён паўтарыў тое самае, але ўжо як загад. — Сядайце, каб вас чорт узяў!

Пегі вызвалілася з абдымкаў Фрэда, пайшла да крэсла і знясілена апусцілася ў яго. Фрэд стаў побач, паклаўшы далонь на яе плячо, Пегі паклала на яе сваю далонь. Іх вочы, у якіх бачыліся адначасова падазронасць, страх, выклік і надзея, былі скіраваны на Вулфа.

— Спадзяюся, — сказаў ён па-ранейшаму гнеўна, — што вы разумееце, як усё ёсць на самай справе. Не думайце, што зрабілі на мяне ўражанне. Я ведаў, што рэвальвер паклалі вы. Як мог нехта іншы зайсці ў студыю за тыя лічаныя хвіліны? Праўда, якую вы мне паведамілі, будзе не толькі бескарысная, яна будзе нават небяспечная, калі я не пачую ад вас наступнай праўды. Паспрабуйце яшчэ раз схлусіць — і не варта нават гаварыць, што можа здарыцца: я не здолею выратаваць вас. Дзе вы яго знайшлі?

— Не хвалюйцеся, — спакойна сказаў Фрэд. — Вы ўжо выціснулі з мяне прызнанне, і цяпер я буду гаварыць адкрыта. Калі мы зайшлі ў студыю і ўбачылі труп, я звярнуў увагу на рэвальвер, які ляжаў там, дзе Міён заўсёды трымаў яго — на падстаўцы бюста Каруза. Місіс Міён не заўважыла рэвальвера, яна не глянула ў той бок. Я адвёў Пегі ў яе спальню і пайшоў назад у студыю. Узяў рэвальвер за засцерагальнік, прынюхаўся і зразумеў, што з яго стралялі. Потым паклаў яго на падлогу побач з трупам, вярнуўся ў кватэру, выйшаў за дзверы і спусціўся на ліфце на першы паверх. Астатняе адбывалася так, як я вам паведаміў у нядзелю.

— Вы, можа, былі закаханыя, — прабурчаў Вулф, — але вы недаацанілі яе інтэлекту. Вы падумалі, што пасля забойства Міёна ў яе хапіла розуму пакласці рэвальвер туды, куды ён павінен быў вываліцца з рук Міёна…

— Гэта не так, чорт бы вас пабраў!

— Лухта. Менавіта так. Каго б яшчэ вы хацелі б прыкрыць? Апрача таго, вы аказаліся б у непрыемным становішчы, калі б вам давялося пагадзіцца з ёю, што рэвальвера ў той момант, калі вы зайшлі ў студыю разам, не было, вы б у такім разе заблыталіся. Вы не адважыліся паведаміць ёй аб сваім учынку таму, што падазравалі яе, асабліва калі, як вам здавалася, яна падазравала вас. Вы не маглі быць упэўнены, ці сапраўды яна падазравала вас альбо толькі…

— Я ніколі не падазравала яго, — цвёрда сказала Пегі. Ёй давялося прыкласці шмат намаганняў, каб голас загучаў цвёрда, і ёй гэта ўдалося. — А ён ніколі не падазраваў мяне. Мы проста не былі ўпэўнены да канца — а калі вы закаханыя і хочаце, каб каханне было трывалым, трэба быць упэўненым.

— Іменна так, — пагадзіўся Фрэд. Яны глядзелі адно на аднаго. — Гэта было іменна так.

— Ну, добра, я паверу вам, — коратка сказаў Вулф. — Думаю, што вы сказалі праўду, містэр Уэплер.

— Я сцвярджаю, што сказаў праўду.

— Здаецца, што так, — кіўнуў галавой Вулф. — У мяне добры слых на праўду. А цяпер праводзьце місіс Міён дадому. Мне трэба брацца за справу, але перш трэба ўсё абдумаць. Як я гаварыў, былі дзве дэталі і з вашай дапамогай мы вырашылі пытанне аб адной з іх. Вы не можаце дапамагчы мне з другой. Ідзіце дадому і падсілкуйцеся.

— Якая там ежа? — сурова сказаў Фрэд. — Мы хочам ведаць, што вы збіраецеся рабіць!