— Мне трэба пачысціць зубы, — заявіла Пегі.
Я зірнуў у яе бок з захапленнем і любоўю. Вось гэткія выказванні жанчын менавіта ў такія моманты — адна з прычын таго, чаму мне падабаецца быць у іх акружэнні. Ніводнаму мужчыну ў такіх абставінах не прыйшло б у галаву, што яму трэба пачысціць зубы, і тым болей заявіць пра гэта.
Акрамя таго, дзякуючы гэтай заяве аказалася лягчэй пазбавіцца ад наведвальнікаў без грубасці. Фрэд паспрабаваў настойваць наконт свайго права ведаць будучую праграму і ўдзельнічаць у абмеркаванні перспектыў, але, урэшце, быў вымушаны пагадзіцца з мандатам, атрыманым Вулфам, паводле якога, калі наймаеш эксперта, то адзінае права, што табе застаецца — звольніць яго. Гэта, разам з жаданнем Пегі дабрацца да зубной шчоткі і абяцаннем Вулфа пастаянна трымаць іх у курсе спраў, дазволіла выправіць іх дадому без асаблівых цяжкасцей.
Калі, правёўшы іх за дзверы, я вярнуўся ў кабінет, Вулф з пагрозлівым выглядам барабаніў нажом для рэзкі папер па прэс-пап'е, хоць я сотню разоў яму гаварыў, што прэс-пап'е ад гэтага псуецца. Я ўзяў чэкавую кніжку і паклаў назад у сейф, у ёй я паспеў пазначыць толькі дзень, так што нічога там не сапсаваў.
— Да абеду засталося дваццаць хвілін, — абвясціў я, крутануў крэсла і сеў у яго. — Паспеем адолець і другую дэталь?
У адказ маўчанне.
Я вырашыў не далікатнічаць.
— Калі вы не супраць, — спытаў я ласкава, — дазвольце даведацца, што гэта за другая дэталь?
Зноў маўчанне, але праз момант ён выпусціў з рук нож, адкінуўся ў крэсла і глыбока ўздыхнуў.
— Гэты пракляты рэвальвер, — буркнуў ён. — Як пасля падлогі ён аказаўся на бюсце? Хто перанёс яго?
Я ўважліва глянуў на Вулфа.
— Бог ты мой, — паскардзіўся я, — як цяжка вам дагадзіць. Толькі што вы арганізавалі арышт двух кліентаў і вынюхалі, як рэвальвер, што ляжаў на бюсце, апынуўся на падлозе. Цяпер жа вам трэба перанесці яго з падлогі зноў на бюст? Ну і на якога чорта вам гэта ўсё?
— Не зноў. А да таго…
— Да чаго?
— Да таго, як знайшлі труп. — Вулф зірнуў у мой бок. — Што вы думаеце пра гэта? Мужчына ці жанчына — не важна хто — зайшоў у студыю і забіў Міёна так, каб узнікла цвёрдая думка, якая б пацвярджала версію аб самагубстве. Ён альбо яна спецыяльна задумалі здзейсніць гэта такім чынам, і ўсё гэта не так цяжка, як падаецца традыцыйнай крыміналогіяй. Потым ім ці ёю рэвальвер быў пакладзены на падстаўку бюста, за шэсць метраў ад трупа, а пасля гэтая асоба выйшла са студыі. Што вы думаеце наконт гэтага?
— Я не думаю — я ведаю. Усё адбывалася іначай, калі раптам ён не з'ехаў з глузду, націснуўшы на курок, што здаецца малаверагодным.
— Менавіта так. Забойца задумаў зрабіць так, каб усё выглядала на самазабойства, ён паклаў рэвальвер на падлогу каля забітага. Тут усё ясна. Але містэр Уэплер знайшоў яго на бюсце. Хто ўзяў рэвальвер з падлогі і паклаў на бюст, а таксама калі і чаму?
— Та-ак, — паскроб я нос. — Гэтае пытанне сапраўды не будзе даваць спакою. Нельга не прызнаць, што яно важнае і істотнае, але якога чорта вы дазволілі, каб яно ўзнікала? Чаму тады не паставіць гэтае пытанне цяпер? Трэба яго ці яе прыціснуць да сцяны, прад'явіць абвінавачванне і перадаць справу ў суд. Паліцэйскія засведчаць, што рэвальвер быў там, на падлозе, гэта цалкам задаволіць суд прысяжных, бо ўсё падладжана пад самагубства. Прыгавор, пры ўмове, што ўдасца злучыць такія рэчы, як прычына і магчымасць, будзе — віноўныя, — махнуў я рукой. — Навошта ўздымаць усю гэту справу наконт няўрымслівасці рэвальвера?
— Дзеля кліентаў, — прабурчаў Вулф. — Я павінен адрабіць свой ганарар. Яны хочуць пазбавіць свае думкі ад падазронасці, бо ведаюць, што, калі зайшлі ў студыю, рэвальвера на падлозе не было. Што ж датычыцца суда прысяжных, то я не магу дапусціць, каб ён падумаў, што рэвальвер заставаўся на падлозе, там, дзе пакінуў яго забойца. Даведаўшыся дзякуючы містэру Ўэплеру, як рэвальвер апынуўся пасля бюста на падлозе, я павінен цяпер прасачыць яго першапачатковы шлях — з падлогі на бюст. Вы разумееце, што я маю на ўвазе?
— Надзвычай ясна, — сказаў я і нават свіснуў для большай пераканаўчасці. — Але як, каб мяне чорт узяў, вы збіраецеся да ўсяго гэтага падступіцца?
— Я толькі на пачатку шляху, — Вулф выпрастаўся ў крэсле. — Але трэба, каб і свая галава адпачыла перад абедам. Падайце мне, калі ласка, каталог архідэй містэра Шэнкса.
На гэтым наша размова скончылася, а калі Вулф садзіцца за стол есці, справам не застаецца месца не толькі ў размове, але і ў самой абстаноўцы. Пасля абеду ён зноў пайшоў у кабінет і зручна ўладкаваўся ў крэсле. Нейкі час ён проста сядзеў, а потым пачаў варушыць вуснамі, і я здагадаўся, што ён нешта старанна абдумвае.