Зусім не ўяўляючы, як ён мяркуе вырашыць праблему пералёту рэвальвера з падлогі на бюст, я хацеў даведацца, колькі на гэта спатрэбіцца часу і ці звернецца Вулф да паслуг Крэймера, каб арыштаваць яшчэ каго-небудзь, і калі так, то каго. Я часта назіраў, як ён сядзіць вось так шмат гадзін запар, але гэты раз спатрэбілася ўсяго дваццаць хвілін. Не было яшчэ і трох гадзін, як ён прабурчаў маё імя і расплюшчыў вочы.
— Арчы.
— Так, сэр.
— Я не змагу гэтага зрабіць. Давядзецца заняцца табе.
— Вы маеце на ўвазе тую самую праблему? Прабачце, я заняты.
— Я маю на ўвазе адну справу. — Вулф скорчыў кіслую міну. — Я не хачу мець справы з той самай дзяўчынай. Гэта можа аказацца цяжкім выпрабаваннем, і я ўсё сапсую. Справа якраз па вас. Вазьміце свой блакнот. Я прадыктую адзін дакумент, а потым мы яго абмяркуем.
— Так, сэр. Я б не сказаў, што міс Бослі можна назваць дзяўчынай.
— Ды не міс Бослі. Міс Джэймс.
— А, — адгукнуўся я і ўзяў блакнот.
Пятнаццаць хвілін на пятую, калі Вулф пайшоў наверх на традыцыйнае пасляабедзеннае спатканне з архідэямі, я сядзеў за сталом, утаропіўшыся ў тэлефон, з такім пачуццём, якое, на маю думку, узнікае ў Роджэра Мэрыса, калі той б'е наводмаш. Толькі што я патэлефанаваў Клары Джэймс, каб запрасіць яе праехацца разам у маім аўтамабілі з адкрытым верхам, і тая ткнула мяне носам у гразь.
Вы не падумайце, што я самаўлюбёны звыш усялякай меры. Даволі ўпэўнена мог бы ісці ў заклад, выстаўляючы амаль тысячу ачкоў наперад у спрэчках наконт згоды дамачак на спатканне, бо ніколі не заводжу аб гэтым нават размовы, калі ўсе абставіны пераканаўча не сведчаць аб тым, што запрашэнне будзе прынята. Але ў выніку я прывык чуць толькі сцвярджальны адказ, і таму яе катэгарычная адмова была нечаканым ударам.
Распрацаваўшы тры планы і забракаваўшы іх, я спыніўся, нарэшце, на чацвёртым і зноў набраў нумар Клары. У трубцы, як і раней, пачуўся яе голас. Даведаўшыся, хто ёй звоніць, Клара адразу ж загаварыла:
— Я ж вам сказала, што запрошана на кактэйль. Калі ласка, не…
— Чакайце, — рэзка спыніў я Клару. — Я зрабіў памылку. Хацеў быць добрым. Думаў запрасіць вас падыхаць свежым паветрам, а потым ужо паведаміць кепскую навіну. Я…
— Якую кепскую навіну?
— Адна жанчына толькі што паведаміла нам з містэрам Вулфам, што апрача яе яшчэ пяць, а можа, нават і болей асоб ведаюць, што ў вас быў ключ ад дзвярэй студыі Альберта Міёна.
Маўчанне. Часам цішыня выводзіць з сябе, але цяпер іншы выпадак. Нарэшце яна зноў загаварыла, цяпер зусім інакш.
— Гэта недарэчная хлусня. Хто вам гэта сказаў?
— Не памятаю. І не хачу пра гэта гаварыць па тэлефоне. Толькі дзве дэталі. Па-першае, калі гэта так, навошта вы грукалі ў дзверы дзесяць хвілін, спрабуючы зайсці ў студыю, калі ён ляжаў там ужо мёртвы? Вы ж мелі ключ. Нават радавы паліцэйскі паставіўся б да такіх заяў скептычна. Па-другое, сустрэнемся ў бары «Чэрчыль» роўна ў пяць гадзін і ўсё абгаворым. Згода?
— Але гэта так… вы настолькі…
— Перастаньце! Усё гэта дарэмна. Згода?
Зноў маўчанне, не такое доўгае, і потым:
— Добра, — і на другім канцы кінулі слухаўку.
Я ніколі не вымушаю жанчыну чакаць, і ў мяне не было аніякіх прычын рабіць выключэнне менавіта гэтай жанчыне, таму я быў у бары «Чэрчыль» на восем хвілін раней вызначанага часу. Бар быў прасторны, з кандыцыянерамі, зручны з усіх бакоў, і нават цяпер, у сярэдзіне жніўня, аб яго зручнасці сведчыла амаль роўная колькасць сярод наведвальнікаў мужчын і жанчын.
Я пайшоў усярэдзіну залы, азіраючыся па баках, але нават не спадзеючыся, што Клара ўжо тут, і вельмі здзівіўся, калі пачуў, як нехта мяне паклікаў, і ўбачыў яе ў адной кабіне. Вядома, бар быў блізка ад яе дома, і ўсё ж яна не марнавала часу. Клара ўжо замовіла сабе пітво і амаль што асушыла шклянку. Я падсеў да яе століка, і адразу ж побач з'явіўся афіцыянт.
— Што вам? — спытаў я Клару.
— Віскі з лёдам.
Я загадаў афіцыянту прынесці дзве порцыі. Клара нахілілася ўперад і замалаціла языком, не пераводзячы дыху.
— Паслухайце, гэта абсалютнае глупства, скажыце толькі, хто вам такое нагаварыў, бо гэта абсалютная лухта…
— Хвілінку, — перапыніў я яе хутчэй позіркам, чым словамі. Яна бліснула вачыма і змоўкла. — Пачынаць трэба не з гэтага, бо інакш у нас нічога не атрымаецца. — Я ўзяў з кішэні аркуш паперы і разгарнуў перад ёю. Гэта была акуратна надрукаваная копія дакумента, які дыктаваў мне Вулф. — Хутчэй і прасцей вам будзе спачатку прачытаць вось гэта, бо толькі так даведаецеся, у чым справа.