Выбрать главу

Я выйшаў з кватэры, з'ехаў на ліфце на першы паверх, паклікаў швейцара і ліфцёраў і спытаўся ў іх, хто падымаўся ў кватэру Міёна, на дванаццаты або на трынаццаты паверх, папалудні. Яны назвалі прозвішчы, і я іх запісаў. Потым вярнуўся ў кватэру і патэлефанаваў у паліцыю.

Пасля гэтага я раптам уцяміў, што недасведчаны чалавек не павінен рабіць заключэнне — жывы чалавек ці не, таму я патэлефанаваў доктару Лойду, які таксама жыве ў гэтым будынку. Той адразу ж прыйшоў, і я завёў яго ў студыю. Не паспеў ён прабыць там тры-чатыры хвіліны, як з'явіўся першы паліцэйскі, і канечне…

— Прабачце, — раздражнёна перабіў яго Вулф. — Калі ўсё адразу, дык часам гэта бывае зашмат. Вы нават не закранулі той праблемы, з якой сутыкнуліся.

— Я дайду і да яе…

— Але вы зробіце гэта, я спадзяюся, хутчэй, калі хочаце, каб я вам дапамог. Я ўжо ўсё ўспомніў. Доктар і паліцыя аб'явілі яго мёртвым. Дула рэвальвера было засунута ў рот, і куля выбіла кавалак чэрапа. Рэвальвер, што ляжаў побач на падлозе, належаў забітаму і захоўваўся там жа ў студыі. Ніякіх слядоў барацьбы ці нейкіх іншых пашкоджанняў на целе не было заўважана. Страта голасу была выдатным матывам для самазабойства. Таму пасля традыцыйнага расследавання, аддаўшы належную ўвагу той акалічнасці, што дула зараджанага рэвальвера цяжка засунуць у рот чалавеку, не выклікаўшы з яго боку пратэсту, здарэнне кваліфікавалі як самагубства. Я не памыляюся?

Місіс Міён і Ўэплер кіўком галавы пацвердзілі тое, што сказаў Вулф.

— Што, паліцыя аднавіла расследаванне? Ці пайшлі якія плёткі?

Пегі і Ўэплер адмоўна пакруцілі галовамі.

— Тады працягвайце. У чым праблема?

— Праблема ў нас саміх, — сказала Пегі.

— Як гэта? Што з вамі не так?

— Усё не так, — зноў загаварыла місіс Міён, суправаджаючы свой расказ жэстамі. — Дакладней, я мела на ўвазе не ўсё, а якраз адну рэч. Пасля смерці мужа і заканчэння традыцыйнага расследавання я на нейкі час з'ехала. Калі вярнулася — на працягу двух месяцаў, што прайшлі з таго часу, мы з Фрэдам некаторы час былі разам, — усё было неяк не так. Пазаўчора, у пятніцу, я паехала на выхадныя да знаёмых у Канекцікут, і Фрэд быў там. Я не ведала, што Фрэд збіраецца туды ехаць, а ён не ведаў, што туды прыеду я. Мы абмяркоўвалі ўсё з ім учора,і ўдзень і ўвечары, і сёння раніцай і вырашылі пайсці да вас і прасіць дапамогі — ва ўсякім разе я так вырашыла, а Фрэд не адпусціў мяне адну.

Пегі нахілілася ўперад і працягвала гаварыць з гранічнай шчырасцю:

— Вы абавязкова павінны дапамагчы нам, містэр Вулф. Я так моцна кахаю яго — так моцна! — і ён кажа, што кахае мяне, і я ведаю, што гэта так! Учора ўдзень мы вырашылі, што пажэнімся ў кастрычніку, а ўвечары завязалася размова — і справа не ў словах, якія вымаўляем, а ў выразе вачэй, калі сустракаемся позіркамі. Мы проста не можам пажаніцца, пакуль у нашых вачах застаецца пытанне, і мы будзем старацца хаваць яго… — Яе крыху скаланула. — Гадамі ці да канца жыцця? Мы не здолеем! Мы ведаем, што не здолеем — гэта будзе жахліва! А ўся справа ў пытанні: хто забіў Альберта? Зрабіў гэта ён? Ці я? Я сапраўды не веру, што гэта зрабіў Фрэд, а ён не верыць, што гэта зрабіла я — спадзяюся, што ён не верыць, — але ў нашых вачах застаецца пытанне, і мы ведаем, што яно не знікае.

Яна працягнула ў бок Вулфа абедзве рукі.

— Мы хочам, каб вы дапамаглі знайсці на яго адказ!

— Глупства, — хмыкнуў Вулф. — Вас трэба адшлёпаць па адным месцы ці адвесці да псіхіятра. У паліцэйскіх могуць быць свае недахопы, але яны ўсё ж не такія зломкі. Калі ўсё іх задаволіла…

— Але ў гэтым якраз уся справа! Яны б не былі задаволены, калі б мы расказалі ўсю праўду.

— Вось як, — узняў бровы Вулф. — Вы ім зманілі?

— Так. Ці калі і не зманілі, дык і не сказалі ім праўды. Мы ім не сказалі, што, калі першы раз зайшлі ў пакой разам і ўбачылі Альберта, рэвальвер там не ляжаў. Яго наогул не было відаць.

— Сапраўды? Вы ўпэўнены ў гэтым?

— Цалкам. Я ніколі і нічога так ясна не ўспрымала, як тую сцэну, кожную яе дэталь. Рэвальвера там не было.

— Вы згодны з гэтым, сэр? — спытаў Вулф, зірнуўшы ў бок Уэплера.

— Так. Яна кажа праўду.

— Ну, што ж, — уздыхнуў, здаючыся, Вулф. — Бачу, вы сапраўды трапілі ў непрыемнае становішча. Лупцоўкай тут не абыдзешся.