Выбрать главу

Пасля выразнай выявы дня ў пакой прыйшла ноч, поўная загадак, але Вулф засяродзіў увагу толькі на тым, што было, на яго думку, істотным. Ужо трэцюю гадзіну ішла размова, і я пачаў трэці блакнот. Вулф цалкам праігнараваў некаторыя моманты, якія трэба было высветліць: напрыклад, ці была ў Альберта звычка пераходзіць дазволеныя межы ў адносінах да яшчэ чыіх-небудзь дачок ці жонак, і калі так, то трэба было запісаць прозвішчы. З расказу Фрэда і Пегі я прыйшоў да высновы, што ў Альберта быў вольны погляд наконт чужых жонак, але, відаць, гэта не цікавіла Вулфа.

У канцы размовы ён зноў загаварыў пра рэвальвер і, не пачуўшы ад суразмоўцаў нічога новага, зрабіўся пахмурным і з'едлівым. Калі яны ў каторы ўжо раз паўтарылі тое самае, ён нарэшце са злосцю зірнуў у іх бок і спытаў:

— Хто з вас хлусіць?

Здавалася, што гэта іх пакрыўдзіла.

— Так у вас нічога не атрымаецца, — з горыччу сказаў Фрэд Уэплер. — І ў нас таксама.

— Было б недарэчным, — запярэчыла Пегі Міён, — прыйсці сюды, даць вам гэты чэк і хлусіць. Ну, ці не так?

— Значыць, вы недарэчныя, — холадна адказаў Вулф. Ён ткнуў пальцам у бок Пегі. — Паслухайце, ва ўсё гэта можна было б паверыць, нічога з пачутага не здаецца неверагодным, акрамя адной рэчы. Хто паклаў рэвальвер на падлогу побач з целам? Калі вы абое першы раз зайшлі ў студыю, яго там не было, вы абое гатовы прысягнуць, і я веру вам. Вы выйшлі са студыі і пайшлі ўніз; вы, місіс Міён, упалі, і ён аднёс вас у ваш пакой. Вы былі непрытомная. Так?

— Не, — адказала Пегі, не адводзячы вачэй ад пільнага позірку Вулфа. — Я магла б дайсці сама, але ён — ён хацеў мяне аднесці на руках.

— Не сумняваюся. Ён так і зрабіў. Вы засталіся ў сваім пакоі. Фрэд спусціўся на першы паверх, каб скласці спіс тых, каго можна было западозрыць у забойстве, — між іншым, прадэманстраваўшы тым самым вартую захаплення прадбачлівасць, — вярнуўся, патэлефанаваў у паліцыю, потым доктару, які прыйшоў адразу, бо жыве ў гэтым самым доме. Прайшло не болей пятнаццаці хвілін паміж тым, як вы і містэр Уэплер выйшлі са студыі, і тым, як туды зайшлі ён і доктар.

У дзвярах, што вядуць са студыі ў агульны калідор, умацаваны замок, які аўтаматычна зашчоўкваецца, калі дзверы зачыняюцца, і дзверы гэтыя былі зачынены. Туды ніхто не мог зайсці на працягу тых пятнаццаці хвілін. Вы кажаце, што ўсталі з ложка і пайшлі ў залу і што ніхто не змог бы прайсці тым шляхам, не заўважаны вамі. Пакаёўка і кухар былі на кухні, не ведаючы, што адбываецца ў доме. Такім чынам, ніхто не заходзіў у студыю, і ніхто не клаў рэвальвера на падлогу.

— Нехта гэта зрабіў, — запярэчыў Фрэд.

— Мы не ведаем, у каго быў ключ, — настойвала на сваім Пегі.

— Вы ўжо гэта гаварылі, — перайшоў у атаку Вулф. — Нават калі ўсе мелі ключы, я гэтаму не веру і ніхто гэтаму не паверыць. — Ён перавёў позірк у мой бок. — Арчы, вы паверыце?

— Такое можа быць толькі ў кіно, — прызнаўся я.

— Бачыце, — звярнуўся Вулф да Пегі і Фрэда. — Містэр Гудвін не ставіцца да вас прадузята — наадварот. Ён гатовы за вас пайсці ў агонь: паглядзіце — ён не паспявае рабіць свае запісы, бо з замілаваннем сочыць, як вы пазіраеце адно на аднаго. Але ён згодны са мной, што вы хлусіце. Калі ніхто іншы не мог пакласці рэвальвер на падлогу, гэта зрабіў адзін з вас. Мне трэба гэта ведаць. Абставіны прымусілі вас гэта зрабіць альбо вы палічылі, што яны вас вымушаюць.

Вулф зірнуў на Фрэда.

— Скажам, вы выцягнулі шуфлядку туалетнага століка, шукаючы нюхальную соль, а там — рэвальвер, і па паху з дула зразумелі, што з яго нядаўна стралялі, а потым паклалі ў шуфлядку, як вы адразу сцямілі, каб выклікаць падазрэнне да яе. І што б вы зрабілі? Якраз тое, што вы і зрабілі на самай справе: аднеслі рэвальвер наверх, паклалі каля цела, не сказаўшы ёй пра гэта ні слова. Альбо…

— Лухта, — рэзка перапыніў яго Фрэд. — Абсалютная лухта.

Вулф зірнуў у бок Пегі.

— Альбо рэвальвер у сваёй спальні знайшлі вы, пасля таго як ён пайшоў уніз. Зразумела, вы…

— Гэта абсурдна, — рашуча перабіла его Пегі. — Як рэвальвер мог з'явіцца ў маёй спальні, калі толькі я сама яго там не паклала? Мой муж быў жывы а палове шостай, я прыйшла дадому яшчэ раней і была толькі ў зале і ў спальні, пакуль у сем гадзін не прыйшоў Фрэд. Так што, калі толькі вы не лічыце, што…

— Добра, — пагадзіўся Вулф. — Не ў спальні. Можа, у іншым месцы. Я не змагу працягваць расследаванне, пакуль не дазнаюся пра гэта ад вас. Не мог жа рэвальвер, каб яго чорт узяў, пераляцець з аднаго месца на другое. Я прадбачу шмат хлусні ад іншых, урэшце ад некага аднаго, але ад вас хачу пачуць праўду.