— Брава, — прамармытаў я ў адказ.
Мне таксама ўсё гэта паспела надакучыць.
— Паспрабуйце пашукаць дапамогі ў Арміі Ўратавання, — прапанаваў я, зыркнуўшы ў бок кандыдатаў у кліенты. — Яны сталыя спецыялісты па аказанні дапамогі тым, хто трапіў у непрыемнае становішча. Можаце прыхапіць з сабой блакноты, усяго па дваццаць пяць цэнтаў за штуку. Запісы аддаём у якасці бясплатнага дадатку.
Пегі і Фрэд пераглянуліся.
— Як я разумею, ён хоча сустрэцца з імі заўтра, — пачаў саступаць Фрэд. — Для гэтага ў яго павінна быць зачэпка, і, трэба прызнаць, ён яе знайшоў, і вельмі ўдалую. Ты ім нічога не павінна — нікому.
Пегі здалася.
Пасля высвятлення шэрага дэталяў, самай важнай з якіх былі адрасы, місіс Міён і містэр Уэплер пайшлі. Калі меркаваць па тым, як яны выходзілі за дзверы і як мы іх прыспешвалі, зусім не сардэчна, можна было падумаць, што яны не кліенты, а хутчэй — ахвяры. Але чэк застаўся на стале. Калі, вывеўшы іх за дзверы, я зайшоў у кабінет, то ўбачыў, што Вулф сядзіць, адкінуўшыся ў крэсле з заплюшчанымі вачыма, і хмурыцца, відаць, нечым незадаволены.
Пацягнуўшыся і пазяхнуўшы, я сказаў бадзёрым голасам:
— Здаецца, атрымаецца даволі цікава. Зрабіць выгляд, што справа датычыцца толькі жадання атрымаць кампенсацыю. Калі забойца знойдзецца сярод гасцей, паглядзім, колькі часу вы здолееце ўтойваць ад яго сваю здагадку. Іду ў заклад, ён заглыне кручок раней, чым прысяжныя абвесцяць свой прыгавор.
— Змоўкні! — рыкнуў Вулф. — Ідыёты!
— Ну, будзьце міласэрнымі, — запярэчыў я. — Ад закаханых нельга патрабаваць, каб яны думалі — таму яны і наймаюць кваліфікаваных мысліцеляў. Вы павінны радавацца і ганарыцца, што яны выбралі вас. Ну, схлусілі яны раз-другі, дык што з таго, калі яны закаханы адно ў аднаго? Калі я ўбачыў…
— Змоўкні, — паўтарыў Вулф і расплюшчыў вочы. — Вазьмі блакнот. Пісьмы трэба адаслаць тэрмінова.
Сустрэча, што адбылася ў панядзелак вечарам, доўжылася цэлых тры гадзіны, і за ўвесь гэты час пра забойства не было сказана ні слова. Тым не меней нельга сказаць, каб яна была вясёлая. У пісьмах было выразна заяўлена, што Вулф, дзейнічаючы па даручэнні місіс Міён, хацеў бы даведацца, ці можна атрымаць ад Джыфарда Джэймса пэўную суму, не звяртаючыся да паслуг адвакатаў ці ў суд, і якая сума будзе вызначана.
Вядома, адпаведны душэўны настрой быў у кожнага прысутнага: у самога Джыфарда Джэймса, у яго дачкі Клары, у яго адваката суддзі Генры Арнольда, у Адэлі Бослі з інфармацыйнай службы, у доктара Нікаласа Лойда, тэхнічнага эксперта, і ў Руперта Гроўва, імпрэсарыо Міёна. Такім чынам, усяго іх было шэсць чалавек — якраз столькі, каб стварыць утульную атмасферу ў нашым вялікім кабінеце. Фрэда і Пегі не запрасілі.
Уся троіца з боку Джэймсаў прыйшла разам і была настолькі пунктуальная, з'явіўшыся дакладна ў дзевяць гадзін, што мы з Вулфам не паспелі нават выпіць у кабінеце традыцыйнага вячэрняга кубка кавы. Мне так карцела іх убачыць, што я сам пайшоў адчыняць дзверы замест Фрыца — кухара і апекуна ўсёй хатняй гаспадаркі, які дапамагае ператварыць дні і гады жыцця Вулфа ў суцэльную радасць амаль у той жа ступені, што і я.
Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што барытон першы пераступіў парог, пакінуўшы ззаду дачку і адваката. Так як я часам згаджаўся з прапановай Лілі Роўман заняць адно з двух яе крэслаў у оперным тэатры, то шырокія плечы Джэймса, яго рост пад метр дзевяноста і фанабэрыстая, як у пеўня, хада не былі для мяне нечаканымі, здзівіў жа яго маладжавы выгляд, бо было яму, відаць, пад пяцьдзесят. Ён падаў мне свой капялюш з такім выглядам, быццам я быў народжаны толькі для таго, каб у панядзелак, 15 жніўня, увечары, прыняць ад яго гэты капялюш. На жаль, я выпусціў яго з рук.
Усё гэта кампенсавала Клара, скіраваўшы ў мой бок позірк сваіх вачэй. Адно гэта сведчыла, што яна была вельмі назіральная, бо звычайна ніхто не звяртае ўвагі на таго тыпа, што адчыняе дзверы, яна ж убачыла, як я выпусціў з рук капялюш яе бацькі, глянула ў мой бок і не адводзіла вачэй практычна да таго часу, пакуль я не прачытаў у іх наступнае: «Ты што, маскіруешся? Ну, дык да сустрэчы».
Гэта паспрыяла таму, што я пачаў ставіцца да яе прыязна, хоць і з некаторай асцярожнасцю. Яна была не толькі бледная і напружаная, як гаварыла Пегі Міён, у яе ў вачах быў бляск, незвычайны як на дзяўчыну яе гадоў. Тым не менш я ўсміхнуўся, выказваючы тым самым удзячнасць за падараваны мне ўважлівы позірк.
Тым часам адвакат суддзя Генры Арнольд самастойна павесіў на вешалку свой капялюш. На працягу ўсяго дня я, зразумела, збіраў інфармацыю аб усіх запрошаных і такім чынам даведаўся, што ён меў тытул «суддзя» толькі таму, што аднойчы быў гарадскім суддзёй. І хоць гэта было даўно, тым не меней да яго звярталіся іменна так. Выгляд жа яго выклікаў расчараванне: маленькі, нібыта абрублены, карантыш з лысай пляскатай галавой, на якую хацелася паставіць попельніцу, і з кароткім уціснутым носам. Унутраныя дадзеныя былі, відаць, больш дасканалыя, чым знешнія, бо сярод яго кліентаў было багата прадстаўнікоў найбольш уплывовых колаў з Брадвею.