Я завёў прышэльцаў у кабінет, прадставіў іх Вулфу і паспрабаваў пасадзіць іх у жоўтыя крэслы, але барытон адразу ж заўважыў і захапіў чырвонае скураное крэсла. У той час, калі я дапамагаў Фрыцу вызначыць, што б яны хацелі выпіць, пачуўся званок, і я зноў пайшоў да дзвярэй.
Гэта прыйшоў доктар Нікалас Лойд. На ім не было капелюша, таму абышлося без адпаведнай працэдуры, і, на маю думку, уважлівы позірк у мой бок быў чыста прафесійны і аўтаматычны, быццам вызначаў, ці не хварэю я на анемію, дыябет ці на нешта іншае. У доктара быў прыгожы, з глыбокімі складкамі зморшчын, твар і неспакойныя цёмныя вочы, — усё ў яго вобліку сведчыла пра тое, што ён доктар, хутчэй нават хірург, які на ўсе сто адсоткаў адпавядае рэпутацыі спецыяліста высокага класа. Аб гэтым я даведаўся ў час збору інфармацыі.
Калі доктар зайшоў у кабінет і ўбачыў стол з пачастункамі, вочы ў яго загарэліся, і ён аказаўся самым актыўным спажыўцом віскі з мятнай вадою на працягу ўсяго вечара.
Апошнія двое запрошаных прыйшлі разам — прынамсі, яны аказаліся разам на ганку, калі я адчыніў дзверы. Скураное чырвонае крэсла я, напэўна, прапанаваў бы Адэлі Бослі, калі б на ім не рассеўся Джэймс. Яна паціснула мне руку і сказала, што ўжо даўно хацела пазнаёміцца з Арчы Гудвінам, але гэта быў звычайны этыкет супрацоўніка інфармацыйнай службы ў зносінах з грамадскасцю, і таму гэтыя словы не затрымаліся ў маёй галаве. Справа ў тым, што з-за свайго стала я звычайна мог бачыць твары прысутных толькі ў профіль, і толькі твары тых, хто сядзеў у чырвоным скураным крэсле, я бачыў цалкам, а гэты твар мне спадабаўся. Нельга сказаць, што Адэль Бослі была падобная на тых прыгажунь у часопісах, здымкі якіх клеяць на сценах, да таго ж, калі Клара Джэймс толькі нарадзілася, Адэль была ўжо ў пятым ці нават у шостым класе школы, але яе гладкая загарэлая скура, прыгожыя вусны і карычневыя вочы складалі выдатны антураж.
Руперт Гроўв не павітаўся за руку, і гэта мяне не засмуціла. Ён, можа, добра апекаваўся справамі Альберта Міёна, але, відаць, не вельмі клапаціўся пра свой выгляд. Мужчына можа быць мажным і тым не меней можа захоўваць цэльны воблік, як, напрыклад, Фальстаф ці Ніра Вулф, — гэтае ж стварэнне страціла ўсякае разуменне прапорцый. Ногі — кароткія, а амаль уся астатняя частка тулава месцілася ў той яго трэці, што аказалася пасярэдзіне. Для таго каб заставацца ветлівым, зазіраючы яму ў твар, даводзілася збірацца з духам. Менавіта гэтак я і зрабіў, бо мне трэба было скласці для сябе ўяўленне пра ўсіх прысутных, але я не заўважыў у Гроўве нічога вартага ўвагі, апрача праніклівых хітрых вачэй.
Калі гэтыя двое селі ў крэслы і ім падалі пітво, Вулф пачаў размову. Ён папрасіў прабачэння за тое, што быў вымушаны патурбаваць іх у такую спёку, але сумленнае і справядлівае рашэнне існуючай праблемы можна знайсці толькі ў тым выпадку, калі ўсе асобы, якія маюць да яе дачыненне, змогуць выказаць свае адносіны. У адказ прысутныя замармыталі, выказваючы самыя розныя пачуцці — ад не вельмі ахвотнай згоды да гранічнай раздражнёнасці.
Суддзя Арнольд паставіўся да сказанага варожа, заявіўшы, што ніякага пытання з юрыдычнага боку не існуе, бо Альберта Міёна ўжо няма ў жывых.
— Глупства, — рэзка адказаў яму Вулф. — Калі б гэта было так, вы як адвакат не парупіліся б сюды прыйсці. Ва ўсякім разе, мэта сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, каб гэтае пытанне не перарасло ў судовую справу. Чацвёра з вас сёння патэлефанавалі місіс Міён, каб спытаць, ці сапраўды я дзейнічаю ад яе імя, і атрымалі станоўчы адказ. Па яе даручэнні я хачу сабраць факты. Я магу таксама заявіць вам, ніякім чынам не замахваючыся на правы місіс Міён, што яна пагодзіцца з маёй прапановай. Калі я прыйду да высновы, што ёй павінна быць выплачана вялікая сума, вы, зразумела, можаце гэта аспрэчыць, але калі ўзнікне думка, што ў яе няма падстаў для іску, яна таксама пагодзіцца з ёю. Улічваючы такую адказнасць, я павінен мець перад сабой усе факты. Таму…
— Вы не суд, — перабіў яго Арнольд.
— Так, сэр, я не суд. Калі вы хочаце, каб справу разглядаў суд, няхай будзе па-вашаму. — Вулф перавёў позірк на іншых прысутных. — Міс Бослі, вітала б кіраўніцтва тэатра знаёмства шырокай публікі вось з такой інфармацыяй? Доктар Лойд, вы лічыце за лепшае як эксперт даваць паказанні ў судзе ў якасці сведкі ці ўсё ж абгаварыць справу тут? Містэр Гроўв, як бы паставіўся да ўсяго гэтага ваш кліент, калі б быў жывы? Містэр Джэймс, што вы думаеце наконт гэтага? Вас таксама не спакушае перспектыва публічнасці, ці не так? Асабліва таму, што ўсплыве імя вашай дачкі?