Выбрать главу
Тупік
Здавалася — шлях невыцечны, А сталася — вечнаснь, як міг. I вось ужо фарамі стрэчны міргнуў — асцярожна, тупік...
Не скінуўшы ходу — навошта, з надзеяй кудысьці паспець душа — галубінаю поштай, якой зачакалася Смерць.
* * *
Думка аб-здрадзе — здрада. Ноч — асалода спаць. О, як была ты рада іншага ў сне кахаць...
Гэта — душы блакада. Гэта — аблога сноў. Думка аб здрадзе — здрада. Сёння ты здрадзіш зноў.
Крыж
Вось — зямля. Гэта — неба, а між, затаіўшы жалобу сваю, пачарнелы, як прадзедаў крыж, на раскрэсах Радзімы стаю.
А шляхі — у чатыры бакі перасохлымі рэкамі мкнуць... А сляза — на абедзве шчакі. А бяда — як разлітая ртуць.
Пазнанне
Як зморыцца ноч ад кахання, настыне ў тумане язмін і неба даспее світаннем, ты скажаш сціхотна: — Вазьмі, вазьмі маё цела, каханы, і боль мой, і слёзы мае... і сонца ўзаўецца фантанам рассыпаных кос па траве.
Берагіня
Зеленакосая мая! Ці гэта толькі сон падманны?.. 3 лілеяй чорнай у руках
выходзіш з завадзі туману.
Стаю, вачэй не вольны ўзняць на прыгажосць, што не схавана — Вазьмі лілею, мой каханы,— і слоў няма, каб адказаць.
* * *
Раскладу пад вечар у двары касцёр. 3 думаю аб вечным дым плыве да зор.
Яскі залацяцца, мкнуць у высі смела. А камусь прыдасца — знічка праляцела.
Прасяджу ўвесь вечар, покуль хопіць дроў... У Сусвеце — безліч гэтакіх кастроў.
Дождж
Плывуць дажджавікі, сінеючы ад золі. Плыве асфальт, які не плыў дасюль ніколі.
Плывуць з-пад ног масты, плыве трава з газонаў... Плыве жывы гальфстрым прамоклых парасонаў.
I косы з-пад рукі сплылі табе на плечы. I дзень плыве, які стаў напалову вечарам.
Паўднёвы ўспамін
Вінаваты паўднёвы вечар... Проста так, без якой прычыны, абдымаю чужыя плечы, пешчу косы чужой жанчыны.
Гэта проста на момант хвалі аглушылі прыбоя шумам. Гэта вусны дазвол давалі, гэта вочы світалі сумам.
Гэта проста залётны вецер у вянок дзве рукі з'яднаў... Адлюстроўваліся ў Сусвеце нашы постаці як адна.
Пракляцце
Калі зледзянеюць пачуцці і нечага ўваскрашаць, калі, нібы на парашуце, апусціцца з неба душа.
Калі спалымнее былое, і прышласці болей няма. Калі стане лета — зімою, і ўслед за зімою — зіма.
Няспешна, без болю і страху зрабі першы крок ад сябе... Нібыта злачынца на плаху, пракляты і светлы ў журбе.
Самота
Заімгліла туманам, пакрыла слатой восень нашага лета каханне. Я зрабіўся інакшым, ты стала не той, як належнае стрэлі растанне.
Ды аднойчы — хутчэй безвыходнай зімой, не здалею пазбегнуць напасці — каб званком тэлефонным у спальні тваёй хоць імгненне пабыць ля шчасця.
Неба
Ніводнай зоркі ў небе гарадскім... Усе яны пакінулі нябёсы. Спакушаныя пекнасцю вітрын, касмічны на зямны змянілі лёсы.
Сузор'е лебедзя высвечвае хімчыстку. Стралец вартуе пнеўматычны цір... А Млечны Шлях увесь, як ёсць, дачыста агнём сваім праспект пазалаціў.
Ніводнай зоркі ў небе гарадскім... На самым дне спусцелага Сусвету блукае пасівелы з гора дым, як напамін пра грэшную камету.