Выбрать главу
Мае вершы блукаюць па свеце у лістах да сяброў і каханай... Яны быццам заблудныя дзеці, што згубілі шляхі да Нірваны.
Мае вершы, жывіце надзеяй мо тады, калі я вас не ўбачу... Вам шумець папяровай завеяй у руках закаханай чытачкі.
* * *
У гэтай сустрэчы не будзе працягу. Не скончыцца вечар бяскроўнаю плахай.
Я гэту сустрэчу адразу забуду... Каханне на вечар душою аблуднай.
I толькі далёка за часам, за векам успомню яе з асалодай і здзекам.
Плач
Анёл самотны падаў з неба над Беларуссю незаўважна... Адно крыло — бялей ад снегу. Другое — чорнае, бы сажа.
Упаў — гучалі трубы громна, і бачыў гэта ледзь не кожны: адно крыло — у водах Нёмна, другое — знікла ў плыні Сожа.
О літургіі Херувімы! Чаму не плачаце — спіцё вы? Анёл згубіў маю Радзіму, а без яе — нашто жыццё мне.
Душа
Палова чацвёртай ночы, — палова маёй тугі... Вяртацца душа не хоча назад, на «свая кругі». I целу майму пустому балесна на сподзе сноў. — Вярніся, душа, дадому, — прашу і не чую слоў.
Даруй мне, як скрозь бывала, за безліч маіх грахоў... Вярніся — я гэтак мала яшчэ гадаваў сыноў.
Палова чацвёртай ночы, — палова маёй тугі... Не хоча душа, не хоча пакінуць сваіх вышынь.
Зайздрасць
Ах, якія могілкі прыгожыя на радзіме Толіка Сыса! Дзе бярозай стала ледзь не кожная, у Дняпро схаваная душа...
Хораша пры бацькавай магіле тут пачуць на Радаўніцу гром... I не страшна, нават ні на хвілю, прычакаць апошні свбй паром.
Прышласць
Аднойчы, толькі без мяне, самотны сон Сусвету па-свойму ў вершах апяе наступнік мой — паэта.
Русалкі ў руні росны след, світальных косаў вецер... Няўжо па-свойму апяеш наступнік мой — паэце?
Няхай жыццё няўстрым бяжыць з Сягоння і ў Калісьці... Радку напісанаму — жыць. Цвісці валошцы ў жыце!
Свіслач
Ля кампазіцыі А. Маціевіча Я закахаўся ў рэчку Свіслач, — яна была калісь жанчынай...
Я прызначаў ёй час спатканняў і, як належала паэту, дарыў на памяць аб каханні мастоў шыкоўных бранзалеты.
I верыў я — аднойчы ў зморы яна з каменнай дыбы ўстане... I мы пакінем гэты горад хоць на няісны міг світання.
Крыўда

Жонцы

Не папросіш мілоснай свечкі, не адкажаш хлуснёй на здзек... Толькі дзве перасохлыя рэчкі уваскрэснуць з тваіх павек.
Толькі срэбныя дзве маланкі перакрэсляць мне шлях наперад... I ў адной з іх — заплача Янка, а ў другой — засмяецца Верас.
* * *
Гэта — дарога ў Рай. Гэта — сцяга да Пекла. — Божа, параду дай, выбраць якую лепей.
Першая — кроў і боль. Крочыць другой салодка... — Божа, прашу, дазволь выбраць між двух — сяродку.
* * *
Кляновых лістоў клаксон вятрыска на золку сцісне... Ты — мой недаснёны сон. Прачнуся — і шчасце знікне.
Сыходзяць крыжы з вакон слатою размытых ліній. Ты — мой недаснёны сон. Прачнуся — і шчасце згіне.
Зялёных вачэй неон расстайнай слязой бурштыніць. Ты — мой недаснёны сон. Баюся прачнуцца — згінеш.
* * *
Студзень выбеліў пожні сумам снежнай імжы. Мы спаткаліся позна — дзве скалелых душы.