Выбрать главу
Ронда
Да рук гарачых ліпне гліна, здаецца, пальцы сочаць кроў... А ён нагою зноў і зноў ганяе ўвішны круг няўпынна. I вырастае прыгажосць у таямніцы рухаў-чараў, нібы вяртае маладосць майстэрства боскага ўладар — стары Ганчар. Напэўна, так калісьці Творца на адзіноце сярод хмар, натхнёны духам сваёй моцы, ствараў Адама — сына мар, не склаўшы рук да самай ночы, як той Ганчар.
Трыялет
Не вернецца назад Учора. Прыбой аціх. Ачахлі зоры... I не глядзі мне ўслед з дакорам. Была зіма — астыгла мора. Не вернецца назад Учора. Дзе ложак — яхта. Хвалі — шторы... Не вернецца назад Учора. Прыбой аціх. Ачахлі зоры.
Краіна Начы
Мы маўчым, мы зацята маўчым. Нашы душы аблытала плесень... А на поўдзень — краіна Начы, і гурган сёння сімвал Палесся.
Ды адчай немагчыма схаваць, як душу не ачысціць нідзе... Мне Радзіму да скону шукаць па сцяжыне, што з ночы вядзе.
Беларусь, мая хворая маці, са слязою Сажа на шчацэ у парваным чарнобыльскім плацці пачарнелым Сусветам брыдзе...
Раманс
Ці згараў майскі дзень у журбе, ці мо бэз расквітнеў так спакусна, — я пракляў гэты міг, і сябе, і твае паслухмяныя вусны.
Шчасце ж нас абмінула наўзбоч, не прынеслі залеву грымоты... За пяшчоту на веснюю ноч неспакой, што ў душы назаўсёды.
* * *
Нашу я ў сэрцы двух анёлаў: анёла цемры і святла. Адзін чароўны мае голас Другі — гырчыць, як ваўкалак.
Адзін кахае да знямогі... Другі — нянавісцю гарыць. Адзін заве ў сябрыну Бога. Другі — Люцыпару служыць.
Адзін ахоўвае ад звадак і чорных дум у галаве. Другі — прывабіць хоча здрадай, душу маю на часткі рве.
Нашу я ў сэрцы двух анёлаў... Якому з іх перамагчы? Дрыжыць пялёстак свечкі квола на донцы восеньскай начы.
Надзея
Мае сны без цябе — пустыя. Спаць кладуся, нібы ўміраю... Сам спаліў за сабой масты я, калі вымавіў: — Не кахаю.
Ды з надзеяй аб новай стрэчы ад самога сябе наўпотай — непатушанай кіну свечку я ў забытай царкве пяшчоты.
Малітва
Божа літасны, трыадзіны, Ты літанне маё — пачуй. Не пакінь у бядзе Радзімы — уратуй.
Уратуй мой народ пакутны, зберажы ад ліхога Край, пасяліцца ў душы Іудзе мне і сыну майму — не дай.
Барані ад спакусы грэшных, абміні сваёй карай злых... Божа праведны — хай бязмежнай будзе ласка ад слоў Тваіх.