Выбрать главу
Прыйдзе час, і яна міне... Ты казала — усё мінае. Ліст апошні ў маім акне, як усмешка твая, лунае.
Пройдзе час. Прыйдзе новы хтосьці. Стане сумна, бы колісь мне, ды падставіць далоні Восень. Твар схілю ў іх — і ўсё міне.
Жонцы
Усе нашы звадкі-спрэчкі сплывуць, як з вадой снягі. Не ў полымі цьмяным свечкі, каханне — ў святле вяргінь.
Каханне — пакуль мы р'азам. Каханне — дакуль жывём. Не дзеля высокай фразы, каб сын меў бацькоўскі дом.
Ты звадкі, прашу, і спрэчкі забудзь, а ў душы пакінь — не цьмяны пялёстак свечкі, а светлы букет вяргінь.
* * *
Каханне наша—дым. Агонь даўно патух. Ты ў сне штоноч з другім выходзіць, любіш двух?..
Руку маю з пляча маўкліва адхінеш. Няўжо агонь ачах? Гарыць, ды толькі ў сне.
Каханне наша — дым, агню самотны цень... Ты ў сне штоноч з другім, са мною—толькі ўдзень.
Пяшчота ліўня
На зямлі двое нас шчаслівых, бо ніводнай душы наўкола... Нас кранула пяшчота ліўня таямнічым крылом анёла.
Называеш мяне ты — мілым. Я цалую твае павекі.
Нас кранула пяшчота ліўня з гэтай летняй начы навекі.
Час ішоў, ці мо ў ім плылі мы — не згадаецца нават потым. Толькі ўдзячнасць не пройдзе ліўню за бясконцасць яго пяшчоты.
* * *
Агонь учэпістай рукою палена загрудкі схапіў: і паплылі ўслед за ракою слядоў пунсовых языкі.
I ноч пусцілася наўцёкі, і блізкай явай стаўся сон. I хваляй пачуцця высокай біццё двух сэрцаў ва ўнісон.
Быў сведкам толькі Усявышні, мільёнам воч міргаўшы ледзь. Агонь зрабіўся трэцім лішнім і ўжо саромеўся гарэць.
Вольны верш
Ты — мой сум. Пасярод ночы ўспамінаю твае вочы. Не хочаш? Але. Так і павінна стацца. Сустракаемся, каб развітацца. Засынаем, каб прачнуцца. Нараджаемся, каб памерці... Для смерці нараджаемся мы аднойчы. Двойчы, тройчы да цябе прыйду. Сумам — узрушу. Жартам — прымушу ўсміхнуцца. Засынаем, каб не прачнуцца. Нараджаемся, каб не памерці... Аддзерці ад памяці некалькі брудных лістоў, каб зноў пасярод ночы ўспамінаць твае вочы.
Бэз
Фіялетавым воблакам ты прыплыў пад акно на світанні. Фіялетавым сном, фіялетавым сумам туманным. Ты вісеў, ты квітнеў, ты чакаў з першым промнем спаткання. Зварухнуў, абудзіў, адагрэў першаквецце кахання. Майскі ранішні бэз— фіялету разліў на паркане... Быццам свежы парэз, што раптоўна ў душы закрывяніў.
Сустрэча
За дзень нерыбацкі — прэміяй была мне гадзіна позняя. У сціплым убранні Евіным цябе сустракала возера...
I вёслы, і голаў страціўшы, не помню да гэтых дзён цябе я спаймаў ці трапіў сам у чараў тваіх палон.
Блукаю здзічэлым берагам, зарослай сцяжынай памяці, упарта ў падман не верачы разгубленых слоў русалчыных.
Слёзы
Кажуць: мужчыны не плачуць. Няпраўда — я сам мужчына, і слёзы свае прадбачу, як заўтрашні дождж — вачыма.
Яна на зямлі адзіная, хто вартая слёз мужчыны, не ў лік з ёй адна Радзіма, з каханай маёй жанчынай.
Наталлі
Ці пакліча за далеч дарога, ці пра Восень згадаю ў журбе, аб табе мае боль і трывога, мая любая, аб табе.
Пражылі мы ні мала, ні многа: першы сын, першы подых завей... Аб табе мае боль і трывога, мая любая, аб табе.