Выбрать главу
Ды рэчкі нябачнай плёскат усхліпам гучыць жаночым... I човен пусты за вёскай насупраць апошняй ночы.
Пагост
Мы жывыя.                 Ходзім, глядзім,                  гаворым... Хтось стаміўся —                          прысеў на чужое гора.
Санька
Ен жыў каля рэчкі, ля самага моста, што вёску адвеку дзяліла з пагостам. Худы і маўклівы, не выцягнеш слоўка, свой хлеб здабываў за ракою — рыдлёўкай. Вяскоўцы лічылі яго дурнаватым, бо гора чужое было яму святам. Нябожчык у хаце — за ім пасылаюць, бо лепей магілы ніхто не капае... Ён сёння мне ўслед паглядзеў падазрона, затым усміхнуўся — усмешкай Харона.
* * *

И дым Отечества нам сладок а праятен...

А. С. Грыбаедаў
Дым Айчыны — чарноыльскі дым. Не салодкі ён, а гаркавы. О, як часта яго мы снім — чорны дым, нібы чорны саван.
Ён па небе Радзімы плыў смертаноснай, злавеснай хмарай. Ен аблудламу люду быў і прычасцем святым і карай.
Дым Айчыны... Жахлівы сон. Ад якога прачнуцца страшна... Бераг Сожа. Сівы Харон рук не можа адмыць ад сажы.
* * *
Трыццаць манет за здраду. Трыццаць — за чорны лёс. Трыццаць — такую плату смерцю спазнаў Хрыстос.
Трыццаць рублёў — не болей. Трыццаць — не менш за іх. Столькі каштуе доля палешукоў маіх.
Докуль — ніхто не знае — сніць дамавіне цвік... Гэта народ карае страшны Іудаў лік.
* * *
Я жыву, і Сусвет сузіраю, і лагоджу паглядам сонца. Дні, як свечкі, мае згараюць паніхідай жыццю бясконцай.
Я не веру ў канец банальны і ў спакой, што ў падземных нетрах. Я дайду да мяжы фінальнай і душой сігану за ветрам.
Я яшчэ пажыву хоць зоркай, самай дальняй на небе сінім, і не будзе мне лёс мой горкім пры сустрэчы з паглядам сына.
* * *
— Ад чаго ты самотны, бусел, у гняздзе над знямелай вёскай? — Я сумую па Белай Русі дачарнобыльскай, чыстаросай.
— Ад чаго пачарнеў ты, бусел у палескім бары атрутным? — Ад жалобы па Белай Русі, зганьбаванай і шматпакутнай.
— Ад чаго пасівеў ты, бусел, і чаму не ляціш у вырай? — Лепш памерці на Белай Русі, чым чужыну назваць Радзімай.
* * *
Журавіны бяруць жанчыны, паслухмяныя студзяць пальцы. Не баяцца слядоў ваўчыных,— на чарнобыльскі вецер скардзяцца.
Журавіны бяруць жанчыны, імі ўсыпана ўсё Палессе... Нібы кроў па слядах ваўчыных палымнее на першым снезе.
Бераг Радзімы
Я ў юнацтве ныраў — ого! Кожны вір, бы кішэня, змераны. Ды заўжды, Беларусь, твайго не губляў звідавоку берага.
I тапіўся не раз, было, толькі сэрцам, нібыта пеленгам, я лавіў, Беларусь, твайго краявіды святога берага.
Хай наперадзе — сто валоў, пазайздросціўшы лёсу Берынга, я не зблытаю век твайго з чужаземным, Радзіма, берага.
Эскіз
Жыццё за ваконным шклом: сціхотна трапечуць клёны, нібыта ў нямым кіно, бязгучна крычаць вароны.
Нячутна праплыў цягнік, зліваючыся з блакітам... Жыццё за вакном — эскіз накрэслены і забыты.
* * *
Я стаміўся на свеце жыць, я аб смерці стаміўся думаць... Ліст на ветры ўгары дрыжыць і на дол пазірае з сумам.
Ен прывык да птушыных дум, ён крылом звыкся быць для дрэва. Лістапад — яснавокі сум, залатога лісця залева.