Выбрать главу
Я стаміўся на свеце жыць, адпачыну істота просіць. I душа, як лісток, дрыжыць, а за вокнамі восень. Восень.
Жыццезварот
I жыццё, як рака, мялее.. Так мінае дзяцінства, сталасць. А наперадзе плёс бялее ціхаплынны, нібыта старасць.
Плынь за плёсам агорне вечар. Расхінуўшы глыбіняў сховы, акіян прыме нас, як Вечнасць, і паўторыцца ўсё нанова.
* * *
Я ўрастаю ў чарговы дзень, як у лёд урастае рыба. Саркафага шкляная глыба размяжуе святло і цень.
Я ўрастаю ў чарговы год непазбежна і незваротна, не шкадуючы дзён самотных, што згарэлі, нібы бікфорд.
Я ўрастаю ў чарговы век, ахвяруючы ўсім Учора... Так блакітныя вены рэк урастаюць у сэрца мора.
* * *
Восень прыйшла раптоўна. Вецер лісты скамечыў... Восень — і плед шыкоўны лёг на імшарын плечы.
Восень прыйшла знянацку, як тэлеграма ноччу. Восень — і час збірацца шляхам птушыным крочыць.
Восень прыйшла, і дзякуй, што прычакаць прыйшлося. Засцерагальным знакам— хутка зіма!—мне восень.
Кладзішча
Гэты маўклівы сад цішай сцінае вушы. Дрэвы — за радам рад, сад чалавечых душаў.
Любяць сюды хадзіць больш за усіх старыя. Восень—узрост садзіць душы ў жвіры сырыя.
Гэты маўклівы сад не абмінуць нікому... Ен нібы шлях назад — з блізкіх гасцей дадому.
Акварыум для матылька
Прыгожае — прыгожага шукае... На дзьмухаўцовым сонцы — матылёк красуецца і нат не прадчувае развязку страшную, якую блізіць рок.
I толькі за шкляною цішынёю згадае, адлятаючы, душа апошнюю сустрэчу з цеплынёю, шчаслівае адзінства спарыша.
Дзікі качар
Чарот прачысціўся цішай. Зайшлася душа не плачам... Каханне гукала ўвысі. Даверлівы дзікі качар.
Забыта дарога смерці, якой праляцеў дадому. Асвенчаны сэнс дасвецця — пазнання нямая стома.
А стрэл быў амаль бясконцы, як рэха ў даліне горнай. Прастрэленым сэрцам — сонца кіпела ў крыві азёрнай.
* * *
Як выракаецца пальцаў гліна, як выракаецца мора сушы, так выракаецца маці сына, так выракаецца цела душаў.
Як выракаецца сіла дужых, як выракаецца птушка крылаў, так выракаецца жонка мужа, так выракаецца крыж магілы.
Як выракаецца ног дарога, як выракаецца дрэва лесу, так выракаецца вера Бога, так выракаецца існасць сэнсу.
Горад
Я адвык ад тваіх камяніц, ад патрэсканай скуры вуліц. Мне бліжэй цішыня старыц, што падсвечваюць спеў зязюлін.
Я адвык ад тваіх вітрын, сумятні і людскога тлуму. Мне радней светлыня калін з іх адвечна дзявочым сумам.
Я адвык, я адвык, адвык... Хоць ты быў мне прыёмным бацькам. А ў душы, нібы ржавы цвік, вобраз вёскі — мой боль за маці.
Экспромт
Неба маланкай расшпілена. Спалі з тонкіх шыяў шпіляў птушыныя каралі. Поруч мне, поруч мне, мне поруч — поручні, поручні, поручні. Паспець ці? Мост за руку праз раку перавесці. Родны як, родны як, як родны зараз я з прыродай. Моцна так, моцна так, так моцна — дождж — у дах, у грудзі -- сэрца... Горад труб вадасцёчных горлам, здаецца, вось-вось захлынецца.
Ікар
Гэта сам я Ікарам быў і збіраў па імшарах пер'е... Недаверу атруту піў і сяброўскіх вачэй бязвер'е.