А раніцай у нядзелю зачапіцца ўжо амаль было за што.
Вадзім Колкі выйшаў на вуліцу ў нядзелю так рана толькі з-за сваёй таксы, што настойліва скуголіла ля дзвярэй і спрабавала куснуць яго за левае крыло. А на вуліцы ён нечакана сутыкнуўся з міліцыяй і машынай «хуткай дапамогі».
— Што там здарылася? — спытаў ён маладога міліцыянера з белымі, чыстымі крыламі за спінай.
Той развёў рукамі.
— Вучоны адзін, ці ўрач — хто яго ведае, са слоў тых, хто бачыў — спрабаваў лётаць, як той дзівак, што з вежы сігануў колькі дзён таму, чулі?
— Так. І што ён?
— Той хлопец — нічога. Жывы, цэлы, арол, як кажуць. А гэты, — міліцыянер махнуў рукой. — Вось ён спрабаваў лётаць, і нават падняцца змог. А потым нешта здарылася. Ну, ён і каменем уніз. І ўсё.
Вадзім паківаў галавой і асцярожна прыблізіўся да чырвона-белай стужкі, якой агарадзілі месца няўдалага прызямлення недарэкі. Вакол мітусіліся крылатыя эксперты, з-пад белай прасціны, якой прыкрылі цела, неахайна тырчэлі брудныя фіялетавыя крылы. Вадзім уздыхнуў, адцягнуў свайго цікаўнага сабаку і пайшоў дадому.
А дома яго нібы асяніла.
Алег ішоў на працу з радасцю. Ён любіў сваю працу, што рэдка здараецца ў нашы дні, асабліва, калі ты настаўнік і працуеш у школе. Але ў гэтай радасці была яшчэ адна прычына — з гэтай самай «прычынай» яны вечарам збіраліся ў кіно на адну зорную сагу. Таня, як і ён, любіла розныя гісторыі «пра космас, зоры і бясстрашных даследавальнікаў», як яны называлі іх паміж сабой. Алег у думках ужо быў часткова там, з Таняй, і радаваўся ёй больш, чым фільму. Ды ўвогуле — што там фільм, няхай хоць пра хамякоў будзе, ён пайшоў бы ўсё роўна. Бо там будзе Яна. Дагэтуль Алег яшчэ ні разу не кахаў — здараецца і такое — і зараз не зусім разумеў, што з ім рабілася, але быў не супраць.
Алег не заўважыў, праходзячы каля настаўніцкай, як дзіўна глядзіць на яго лепшы і любімы 7 «Б». Не звярнуў увагі ён і на касыя погляды завучаў. І толькі пасля другога ўрока яго паклікаў да сябе дырэктар. Ён дазволіў хлопцу сесці, разгарнуў на стале свежы экзэмпляр газеты «Вячэрні Ў» і моўчкі паказаў Алегу артыкул, падпісаны В. Колкім, на першай паласе. Назва проста крычала:
«СМЕРЦЬ ІКАРА: ЦІ НЕ НАРОДЖАНЫ МЫ ПОЎЗАЦЬ?»
Пад назвай у траўрнай рамцы было фота Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка. Алег хутка прабег вачыма артыкул — там сцвярджалася, што палёты, нават з такімі крыламі, немагчымыя, што гэта даказалі вучоныя (і нават быў прыведзены спіс з імёнамі і прозвішчамі). А таксама артыкул называў палёт «усім вядомага Алега Іванова» «небяспечнай містыфікацыяй», якую ён спланаваў разам з невядомай маладой асобай (тут памяшчалася размытае фота, на якім Алег, нягледзячы ні на што, пазнаў Таню), ад якой пацярпеў «вядомы вучоны і ўрач А. С. Грыбочак». Далей на паўстаронкі разгортвалася біяграфія Анатоля Сцяпанавіча (самая доўгая, якую толькі можна было знайсці), і многа разважванняў пра палёт Алега, і пра тое, ці ёсць «аб’ектыўныя факты» таго, што палёт быў. Апошні абзац артыкула горача заклікаў разабрацца ў тым, што на самай справе здарылася ў горадзе Ў і не спадзявацца на дзівосы, бо людзі не народжаныя лётаць.
Алег, ледзь не трацячы прытомнасць, адклаў газету і паглядзеў на дырэктара. Той сказаў:
— І як вы гэта ўсё растлумачыце?
— Але. — з цяжкасцю прагаварыў Алег. — Але ж я лётаў.
— Я таксама пра гэта чуў, — уздыхнуў дырэктар. — А факты дзе?
— Але мяне здымалі. — пачаў Алег. Дырэктар не даў яму дагаварыць.
— Увогуле, які прыклад вы падаяце дзецям?! Мне пасля вось гэтага, — ён тыцнуў пальцам у газету, — ужо званілі, і многа разоў. Маці Лёшы Ткача ўчора злавіла яго на балконе — лётаць сабраўся, на вас гледзячы. А бацькі Юлі Афанасенкі! Яны яе ў пакоі зачынілі, яна ледзь не кінулася з даху.
Алег слухаў, але гукі даляталі да яго як з-пад вады. На хвіліну апрытомнеўшы, ён толькі пачуў:
— Хопіць. Заняткаў у вас сёння больш не будзе. Заўтра таксама можаце не прыходзіць.
Алег выйшаў са школы і адразу апынуўся ў коле журналістаў, міліцыі і вучоных. Пяць камер і з добры дзясятак мікрафонаў адразу нацэліліся на яго:
— Як вы пракаменціруеце артыкул?
— Як вы спланавалі гэтую акцыю? Што вы скажаце наконт смерці вучонага?
— Якія былі вашы матывы? Чаго вы хацелі гэтым дасягнуць?
— Хто гэтая таямнічая жанчына, у якіх вы з ёй адносінах?
Міліцыя — дзякуй ёй — моўчкі і панура намагалася адштурхнуць прэсу ад Алега, але — ён зразумеў — не дзеля таго, каб абараніць. Дзесьці за натоўпам чакала машына «хуткай дапамогі», побач з ёй — тыя, хто таксама быў не супраць прыхапіць Алега да сябе.