Выбрать главу

Таня даведалася пра ўсё па тэлевізары. Яе дзень таксама пачаўся з радасці і цёплых думак — але трэба ж было ўключыць тэлевізар, каб даведацца, якое заўтра будзе надвор’е. Праз хвіліну рэпартажа з плошчы, дзе Алега ўжо схапілі і запіхнулі ў белую кашулю з завязанымі рукавамі, яна спрытна накінула паліто і пабегла да яго, нават не зачыніўшы дзверы кватэры. Добра, думалася ёй, — плошча недалёка. Галоўнае — дабегчы, а што будзе потым, ёй чамусьці было ўсё роўна.

Алега цягнулі да «хуткай дапамогі», калі ён убачыў Таню. Яна стаяла пасярод плошчы і глядзела на яго. Журналісты кінуліся да яе — як яны даведаліся, было ўжо ўсё роўна. Алег і Таня паглядзелі адно на аднаго. Алег ірвануўся — кашуля трэснула на ім, вызваляючы крылы. Таня скінула паліто.

Яны ўзляцелі разам, з месца, на вачах усіх.

Яны падымаліся ўсё вышэй і вышэй.

Кажуць, потым іх болей не бачылі... Яны зніклі, два яркія промні сярод аблокаў — сіняе і чырвонае.

А на наступны дзень крылы зніклі ва ўсіх — рассыпаліся жменямі пер’я, нават следу не засталося на спінах. Замежныя вучоныя сабралі дадзеныя і з’ехалі з горада Ў, следам за імі падалася прэса. Апошнімі былі ваенныя, што да гэтага акружылі горад. І горад Ў зажыў сваім, спакойным, пераднавагоднім жыццём.

Журналіст Вадзім Колкі пакаваў рэчы — ён збіраўся ў сталіцу, паспрабаваць шчасця там — скандальны артыкул не дапамог яму затрымацца ў газеце. Мэр Міхаіл Міхайлавіч з палёгкай зашмагнуў шторку, за якой хавалася сакрэтная дзверца. У горада Ў з’явіўся новы галоўны ўрач. Усё стала, як заўсёды. Вось толькі цяпер снег пайшоў — белы-белы, ён падаў буйнымі, важкімі шматкамі, падобнымі на птушынае пер’е.