Выбрать главу

- Я мушу перасцерагчы цябе, дачушка, - зноў сказала гара. - Наўперад ты добра падумай, а ўжо тады выбiрай свой лёс. Нiхто, дачушка, не можа стрымаць твайго жадання, i ты пойдзеш туды, куды цябе так цягне твая цiкавасць. Ты пойдзеш у другi бок, у другiя краi панясеш сваю ваду. Праўда, ты спаткаеш шмат новых з'яў, угледзiш тое, што табе i не снiлася. Але памятай, дачушка, успомнiш ты сваю старую матку, успомнiш аксамiты тваiх беражкоў i залатое сваё дно, i моцна-моцна пацягне цябе сюды, бо сярод чужынцаў ты згубiш свой воблiк, сатрэшся з твару зямлi. А я тут буду стаяць адна, i туга разлукi з табою высушыць маё сэрца. Ты паглядзi, вунь там, бачыш, стаяць горы, а на iх расце лес. Гэта ўсё мае сваячкi, i не сягоння-заўтра яны, таксама як i я, дадуць пачаткi новым крынiчкам. Яны будуць бегчы сюды, i калi б ты пачакала, дык яны злiлiся б з табою: нахiл зямлi якраз iдзе ў гэты бок. Тады б вы сталi магутнай ракою, i ў гурце вам не страшна было б кацiцца ў свет: вас нiхто не адолее, i вы не страцiце сябе на чужыне. Вы б ажывiлi ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым на зайздрасць чужынцам.

I яшчэ скажу табе адно: калi ты пачуеш, як здрыганецца зямля, дык хутчэй, як мага, старайся перарэзаць, прабегчы абвал, якi ляжа ўпоперак твае дарогi, i ты пацячэш па старым жолабе. А не зробiш гэтага, дык ужо будзеш прымушана звярнуць на другую дарогу, куды цябе горне гэтае няяснае, такое павабнае жаданне навiны.

Вечар даўно кiнуў наметку шараватага змроку на зацiхаючую зямлю. Гара маўчала, цiха разважаючы аб чымсьцi. Поўны месяц устаў на небасхiле, усмiхнуўся, бы той падарожны, страцiўшы надзею на добрую долю; яго таемны i тужлiвы водблiск разлiўся над цiхiмi разлогамi зямлi i неба. Крынiчка ўсё бегла, гнала хвальку за хвалькай, поўная задумення.

Булькала i звiнела, як музыка, зачароўваючы зялёныя беражкi; залатыя мары снавалiся над пахiленымi галоўкамi прыгожых красак. Месячык падплыў яшчэ вышэй i кiнуў сваю касу ў лона крынiчкi i зачараваў яе. Цяпер ёй яшчэ мацней захацелася iсцi далёка, бо ёсць невыразнае хараство ў гэтых прыгожых далях, у гэтых няясных парываннях да невядомага.

Прыгожыя мары-летуценнi раптоўна перабiлiся. Крынiчка пачула, як пад ёю здрыганулася зямля, цяжкая глыба адарвалася ад гары-маткi i загарадзiла ёй дарогу.

- Я не праб'юся! Я не праб'юся! - прашаптала крынiчка.

- Хутчэй, хутчэй, дачушка, ты здолееш прабiцца! - з матчынай любасцю i страхам перад дарагой стратай трывожна казала гара.

- Я не праб'юся!.. Што ж? На новую дарогу. - I ў другi бок пабегла крынiчка.

Заплакала гара буйнымi росамi... Асiрацела старая гара, пераляцеў кудысь салавейка, пасохлi прыгожыя краскi, i жоўтымi пяскамi засыпаў вецер прыгожую дарожку крынiчкi.

Нарадзiлiся i пацяклi другiя крынiчкi, утвараючы новае жыццё, а гэтае, калiсь шумлiвае i вясёлае, месца пачало замiраць i глухнуць. I толькi гара з абветранымi схiламi яшчэ сведчыла аб даўнейшых часах поўнага жыцця. Нават трава не расла тут, i толькi непатрабавальны сiвец, якi прывык да цяжкiх умоў жыцця, сям-там раскiдаўся крупiнкамi па гары.

Прайшоў час.

Была ранiца. Сонейка пачынала новы дзень. Цiха ўздымаўся над лагчынамi туман, крычалi дзесь гусi. Лесавы жаваранак ужо снаваў у небе i вiтаў яснае сонца. Ён так i застаўся тут, каля гэтай гары-сiраты, i толькi адзiн разганяў яе журбу; часамi ўсмешка засмучанай радасцi асвячала яе жоўтыя схiлы.

Скончыўшы песню, жаваранак сеў на камень, што ляжаў на самым версе гары, i сказаў:

- Паслухай, мацi, а да цябе прыйшлi дарагiя госцi, толькi яны баяцца зiрнуць табе ў вочы.

На купiнках сiўца блiшчалi, як слёзы, буйныя кроплi расы.

- Ах, мiлая матуля, - загаманiлi кроплi, - мы прыйшлi, бо вельмi ж смуцiлiся па табе ў далёкiх невядомых краях. Мы - часткi твае роднай крынiчкi, што цякла з твайго сэрца. Даруй жа нам, матка, што мы не паслухалi цябе. - I расказалi аб сваiм бадзяннi.

Аб чым маглi сказаць яны, падумайце самi.

Гара ж iм сказала:

- За тое, што вы не паслухалi свае маткi i кiнулi сваю радзiму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце i нiколi не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, i нiдзе не будзеце мець вы прытулку на свеце.

Прыгрэла сонейка, заззялi кропелькi дарагiмi каменнямi i знiклi.

Куды ж яны дзелiся? Куды?