Выбрать главу

Ноч настала раней, чым яны падрыхтаваліся, а разам з ноччу прышла і навальніца. Мора нібы завыла, і моцны вецер рвануў «Софі Сузэрлэнд». Але яна скора выпрасталася і з боцманам ля руля павярнулася носам да ветру. Дзякуючы стараннай рабоце Крыса з кітайцам-кокам, які памагаў вельмі мала, шхуна спынілася і ўмацавалася на месцы.

— Прапалі шлюпкі… Гэта не навальніца, а тайфун! — крыкнуў боцман Крысу ў адзінаццаць гадзін… — Вельмі многа парусаў. Прыдзецца ад’ехацца на больш мелкае месца, — зараз-жа, не чакаючы ні мінуты.

Ён зірнуў на старога капітана, які дрыжаў у сваім непрамакальным адзеньні каля компасу і трымаўся з усяе сілы за парэнчы.

— Нас толькі двое, Крыс: ты ды я—і кок, але з яго мала карысьці. Стань каля руля! — сказаў боцман. — Калі я загадаю, наляж на яго! А калі яна стане проста супраць ветру, — не адпускай! I так трымай! Мы зноў умацуем шхуну, як толькі выплываем на лепшае месца.

Схапіўшы штурвал[3], Крыс глядзеў, як боцман разам з кокам, які вельмі не хацеў нічога рабіць, пашлі на пярэднюю частку. Іх агарнула жудасная навальнічная цемра. «Софі Сузэрлэнд» закопвалася носам у вялізарныя хвалі і вельмі гайдалася; нацягнутыя снасьці і прылады гудзелі, як струны арфы, ад ветру. Да яго вушэй даляцеў крык і ён сам адчуў, як нос шхуны сам праз сябе адыходзіць па ветру. Парус на сярэдняй мачце быў спушчаны.

Ён павярнуў руль і пачаў пільна сачыць за тым, як зьмяняецца кірунак ветру і адначасна — за паваротам судна. Гэта быў рашучы міг. Пры такім павароце шхуна мусіла стаць усім бокам да хвалі, раней чым павярнулася-б супраць ветру. Вецер дзьмуў Крысу ў правую шчаку, калі ён пачуў, што «Софі Сузэрлэйд» нахілілася і пачала ўзьнімацца ўверх — вышай, вышай, бясконца высока! Ці возьме шхуна грэбень вялізарнай хвалі?

Ён нічога ня бачыў, але адчуваў, што вялізарная вадзяная сьцяна ўзьнімаецца і выгінаецца над ім уздоўж ветранага боку. На міг усё сьціхла, калі вадзяная сьцяна засланіла судно ад ветру. Шхуна выпрасталася і ў гэты міг, здавалася, была зусім спакойнай. Потым яна нахілілася, каб сустрэць удар хвалі.

Крыс крыкнуў капітану, каб ён трымаўся моцна і падрыхтаваўся спаткаць удар хвалі. Але ніводзін чалавек ня мог-бы гэтага вытрымаць. Акіян вады хлынуў на Крыса, і яго пальцы рук, якія сьціскалі штурвал, ня вытрымалі… Як саломку на паверхні вадаспаду, яго тузанула і імчала наперад, — невядома куды. Ён мінуў каюту, яго прамчала на сотню футаў уздоўж кармы і цяжка кінула каля мачты. Другая хваля штурнула яго зноў па тэй-жа дарозе і пакінула там, дзе павінны былі быць усходкі на карму.

Пабіты, пакрываўлены, амаль страціўшы памяць, ён намацаў парэнчы і ўзгробся на ногі. Ён ведаў: варта толькі не варушыцца, — і ўсямуканцы. Крыс павярнуўся да кармы і адчуў, што страшэнны вецер дзьмуў проста яму ў твар. Дыхаць стала цяжка. Гэта прымусіла яго ўстрапянуцца і апамятавацца. Вецер дзьмуў у карму. Шхуна выпаўзла з лагчыны паміж хвалямі і пусьцілася з ветрам. Але мора гойдалася і праз гэта яна магла зноў павярнуцца. Паўзучы, ён дацягнуўся да руля якраз у той час, калі гэтага можна было не дапусьціць. Сьвятло каля компасу яшчэ не патухла.

Яны былі выратаваны!

Лепш сказаць, выратаваны былі толькі ён ды шхуна. Што да сваіх таварышоў, дык ён пра іх нічога ня ведаў. Руля кінуць ён ня мог, каб праведаць, дзе яны, бо ўсю сваю сілу аддаваў на тое, каб даць кірунак судну. Варта было дапусьціць найменшы недагляд—і новая хваля магла скінуць шхуну ў лагчыну між хвалямі. І вось, ён — малы яшчэ хлапчук, узяў на сябе такую вялізарную работу — весьці судно, якое важыла дзьвесьце тон, сярод бурлівага шторму.

Праз паўгадзіны, плачучы, капітан прыпоўз да ног Крыса. «Усё прапала!» — скардзіўся ён. Яго прыбіла так, што ледзь дыхае. Кухню, парусы з сярэдняй мачты, кока — усе выкінула ў мора.

— Дзе боцман? — запытаўся Крыс, калі перадыхнуў пасьля таго, як выраўняў страшэнна нахілейую шхуну. Гэта ня дзіцячая гульня — кіраваць рулём на судне ў час тайфуна.

— Там, наперадзе судна, — адказаў стары капітан. — Яго прыціснула так, што ён ледзь жыве. Ён кажа, што ў яго зламаны абедзьве рукі і рабрыны, — ён ня ведае, колькі рабрын. Яму вельмі нядобра!

— Ён-жа там утопіцца; глядзеце, як вада ліецца праз шлюзы. Ідзеце туды, да яго! — загадаў Крыс, узяўшы на сябе каманду, нібы гэта так і павінна быць. Скажэце яму, каб ён не турбаваўся— я каля руля. Памажэце яму, чым зможаце, і няхай ён сам… Ён спыніўся і павярнуў кола ўправа, бо вялізарная хваля ўзьнялася і павярнула шхуну на левы край… — Адчынеце дзьверцы на палубе, спусьцеце яго ўніз, у каюту, і палажэце на ложку. Потым дзьверцы зачынеце.

вернуться

3

Кола, якім паварочваецца руль.