Выбрать главу

1514 - травень - жнівень, аблога і ўзяцце Смаленска маскоўскім войскам пасля абстрэлу з 300 гарматаў. Захоп маскоўцамі Мсціслаўя, Крычава, Дуброўны.

1514 - 8 верасня, перамога 30-тысячнага войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім разам з польскімі посілкамі над 80-тысячным маскоўскім войскам на рацэ Крапіўна каля Оршы. Самая няўдалая для Масквы бітва таго стагоддзя.

1515 - разбуральны паход пскавічоў на Браслаў і Друю, маскоўскіх палкоў - на Мсціслаў, Віцебск, Полацак.

1515 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на Вялікія Лукі.

1517 - напад маскоўскіх войскаў на землі Вялікага Княства. Баі пад Менскам і Вільняй. Параза маскоўцаў пад Полацкам.

1518 - паход ноўгарадскіх і пскоўскіх палкоў на Полацак.

1519 - бітва конных харугваў гетмана Канстанціна Астрожскага з крымчакамі пад Сокалам.

1519 - паноўны рабаўнічы паход маскоўскіх палкоў на Беларусь, разбурэнне Маладэчна, Крэва і Ашмянаў.

1520 - паход маскоўскага ваяводы Гадунова пад Полацак і Віцебск.

1521 - няўдалая аблога загонамі крымскіх татараў Мазыра, Слуцка і Слуцкага замка.

1523 - аблога маскоўскім войскам разам з крымчакамі Чачэрска.

1525 - няўдалая спроба Францішка Скарыны прадаваць свае кнігі ў Маскве. Яго выданні Бібліі былі спаленыя ў агні як ерэтычныя (пераклад на зразумелую народу мову).

1527 - беспаспяховая аблога крымчакамі горада Пінска.

1527 - пераможная бітва войска Вялікага Княства на чале з гетманам К.Астрожскім з крымскімі татарамі пад Кіевам на рацэ Альшаніца. Канец буйных крымскіх наездаў на Беларусь.

1529 - 18 кастрычніка, у віленскім Дольнім замку насуперак традыцыі меч і шапка вялікага князя літоўскага былі ўручаныя 9-гадоваму Жыгімонту Аўгусту. Пры гэтым быў яшчэ жывы яго бацька - Жыгімонт Стары, польскі кароль і вялікі князь літоўскі. Сведчанне таго, што ўлада ў ВКЛ за паўстагоддзя да Люблінскай вуніі ўжо мела тытулярны характар.

1530 - Францішак Скарына з-за немагчымасці працягваць друкарскую працу пасля смерці сваіх фундатараў пакінуў радзіму і эміграваў у больш прыхільную да яго Прагу. Праз 400 гадоў Прага будзе галоўным асяродкам беларускай нацыянальнай эміграцыі, якая не прыняла бальшавіцкі рэжым.

1532 - Францішак Скарына па сыску крэдытораў свайго брата Івана апынуўся ў гарадской турме Познані і правёў за кратамі 10 тыдняў. Толькі ўмяшальніцтва пляменніка вызваліла першадрукара з вязніцы.

1534 - пачатак 3-гадовай вайны Вялікага Княства з Маскоўскай дзяржавай за вяртанне ўсходніх зямель ВКЛ (пятая вайна).

1534 - жнівень, няўдалыя паходы войскаў, якія ачольвалі Вішнявецкі і Неміровіч, на Смаленск і Северскую зямлю.

1534 - снежань, спусташальны паход на ўсходнюю Беларусь маскоўскага войска, спаленне мястэчак і вёсак.

1535 - чэрвень, напад маскоўскіх палкоў на Мсціслаўшчыну і Полаччыну. Спусташэнні Воршы, Копысі, Рагачова. Спаленне Турава, Мазыра, Брагіна.

1535 - ліпень, вызваленне Гомеля і Старадуба войскам ВКЛ на чале з гетманам Юр'ем Радзівілам.

1536 - заняцце горада Старадуба маскоўскім войскам.

1551 - 8 траўня, сканала Барбара Радзівіл, каралева польская, вялікая княгіня літоўская, жонка караля Жыгімонта Аўгуста. Была яго каханкай 4 гады, у 1547 годзе яны патаемна ўступілі ў касцёльны шлюб. Пасля каранацыі 7 снежня 1550 года Барбара насіла карону 150 дзён. Загадкавыя абставіны смерці ад хуткацечнай хваробы далі падставы сучаснікам Барбары падазраваць у заўчаснай смерці маладой каралевы яе свякруху - каралеву Бону - і польскую магнатэрыю, якая не жадала ўзвышэння роду Радзівілаў.

1558 - пачатак 25-гадовай Лівонскай вайны, у якой удзельнічала Вялікае Княства Літоўскае, Лівонія, Маскоўская дзяржава, Польшча. Знясіленне ў гэтай вайне прывяло ВКЛ да Люблінскай вуніі з Польшчай.

1559 - пераход Лівонскага ордэна пад патранат Вялікага Княства Літоўскага ў сувязі з маскоўскай пагрозай Лівоніі.

1562 - люты-сакавік, аблога маскоўскімі войскамі Мсціслаўя, Воршы, Віцебска, Копысі, Прапойска, Магілева. Разбурэнне Рагачова.

1563 - маскоўскае войска, ачоленае Андрэем Курбскім, папаліла наваколле Шклова.

1563 - 1 лютага, пачатак 2-тыднёвай аблогі горада і замкаў Полацка 60-тысячным маскоўскім войскам на чале з царом Іванам Грозным. Абстрэл горада вялі 200 гарматаў.Узяцце замкаў штурмам 15 лютага. Тысячы палонных і ўсю шляхту вывелі ў Масковію, манахаў-каталікоў забілі, а ўсіх габрэяў патапілі ў Дзвіне.