1651 - 4 жніўня, ўзяцце Кіева войскам ВКЛ на чале з князем Янушам Радзівілам.
1652 - маравая пошасць на абшары віленскага ваяводства. Памерлыя ляжалі на дарогах, не было каму іх пахаваць.
1654 - травень, пачатак захопніцкай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай.
1654 - захоп расейскімі войскамі Воршы, Магілева, Шклова, Полацка, Віцебска. Упартая абарона ад расейцаў Мсціслаўя (загінула больш за 9 тысяч абаронцаў).
1654 - ліпень, стварэнне ў Чавусах на дазвол расейскага цара шляхціцам Канстанцінам Паклонскім Беларускага казацкага палка. Полк меў у складзе 6.000 чалавек шляхты і сялянаў з Магілеўскага, Чавускага, Мсціслаўскага паветаў. Удзельнічаў разам з расейцамі ва ўзяцці Магілева. Праз год Беларускі полк пакінуў расейцаў і перайшоў на бок Януша Радзівіла.
1654 - 24 ліпеня, захоп расейскай арміяй Шарамецева Дзісны і Друі.
1654 - 3 жніўня, бітва аддзелаў палявога гетмана Гасеўскага з маскоўскім войскам пад Воршай.
1654 - 12 жніўня, бітва корпуса Януша Радзівіла пад Шкловам з маскоўскім войскам князя Чаркаскага.
1654 - 13 жніўня, захоп Гомеля пасля працяглай аблогі ўкраінскімі казакамі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, саюзнікам маскоўскага цара. Залатарэнка прывёў у Беларусь 20 тысяч войска (Нежынскі, Старадубскі, Чарнігаўскі палкі).
1654 - 24 жніўня, прайграны бой Радзівіла войску князя Трубяцкога пад мястэчкам Шапялевічы.
1654 - 24 жніўня, здача Магілева насельніцтвам горада палку шляхціча Канстанціна Паклонскага, які прысягнуў на вернасць расейскаму цару. Пагалоўнае вынішчэнне яго казакамі габрэяў.
1654 - 29 жніўня, захоп казакамі Залатарэнкі горада Чачэрска.
1654 - 23 верасня, здача Смаленска расейскаму войску пасля двухмесячнай аблогі.
1654 - 12 кастрычніка, здача маскоўцам пасля ўпартай абароны горада Дуброўны, цалкам пасля спутошанага.
1654 - 17 лістапада, пасля 14 тыдняў аблогі войска маскоўскага ваяводы Шарамецява і казакі Васіля Залатарэнкі захапілі Віцебск і яго замкі. Усяго да канца года расейцы захапілі 33 гарады ў Беларусі.
1654 - безвыніковая аблога Старога Быхава казакамі І.Залатарэнкі. Гарнізон вытрымаў 10 тыдняў аблогі са жніўня па лістапад.
1654 - за паўгады вайны на загад цара Аляксея на Віцебшчыне былі зруйнаваныя 11 каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, на Магілеўшчыне - 25 касцёлаў.
1655 - сакавік, захоп і спаленне Бабруйскага замка казакамі І.Залатарэнкі. Захоп ягоным загонам Наваградскага замка.
1655 - захоп маскоўскімі войскамі Барысава, Менска, Коўна, Горадні, Слоніма, Клецка, Турава.
1655 - 30 чэрвеня, захоп маскоўскім войскам Менска.
1655 - гвалтоўны вываз маскоўцамі ўсяго абсталявання, заснаванай Спірыдонам Собалем, вядомай друкарні Куцеінскага манастыра (Ворша) на загад патрыярха расейскай царквы Нікана ў Іверскі манастыр, потым у Нова-Іерусалімскі манастыр пад Масквой. Пазней на аснове гэтай друкарні Сімяон Полацкі ўтварыў друкарню ў Крамлі, дзе надрукаваў свае некалькі твораў.
1655 - 28 ліпеня, бітва беларускіх харугваў з расейскім войскам пад Ашмянамі.
1655 - пачатак жніўня, казацкія загоны гетмана Залатарэнкі пусцілі пад шаблю Лідчыну, спалілі Ліду.
1655 - 8 жніўня, захоп расейскімі войскамі князя Чаркаскага і казакамі гетмана І.Залатарэнкі Вільні. Падпалены горад гарэў 17 дзён. Пад шаблямі і ў агні загінулі 25 тысяч жыхароў горада.
1655 - 25 жніўня, расейскія салдаты разрабавалі віленскі касцёл св. Міхала, фундарам якога быў канцлер ВКЛ Леў Сапега і дзе быў пахаваны ў 1633 годзе. Расейцы надругаліся над ягоным целам, выкінуўшы труну са склепа на вуліцу.
1655 - верасень, захоп маскоўскімі стральцамі і ўкраінскімі казакамі Турава і Давыд-Гарадка.
1655 - 5 кастрычніка, захоп маскоўскімі стральцамі Пінска, рабунак і спаленне горада.
1655 - лістапад, рабунак шляхецкіх сядзіб і вёсак Берасцейскага павета наёмным тысячным аддзелам Караля Лісоўскага.
1655 - 13 лістапада, перамога войска гетмана Паўла Сапегі над маскоўскім войскам на рацэ Лясной каля Берасця.
1655 - снежань, аблога Тыкоцінскага замка на Падляшшы, дзе закрыўся Януш Радзівіл, войскамі гетмана Паўла Сапегі.
1656 - голад і маравая пошасць на абшары Менскага ваяводства.
1656 - люты, паход войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам Паўлам Сапегам у Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі.