1672 - вясна, сумесная з палякамі шматмесячная абарона ад турэцкага войска крэпасці Камянца-Падольскага. Не маючы моцы ўтрымаць яе, гарнізон падарваў парахавыя склепы. Тут загінуў знакаміты на Падляшшы шляхціч Валадыеўскі, якому прысвечаны раман Г.Сянкевіча.
1673 - 11 лістапада, пераможная бітва 40-тысячнага войска Рэчы Паспалітай на чале з Янам Сабескім пад Хоцінам з 80 тысячамі турак. Туркі страцілі каля 40 тысяч забітымі. Спыненне турэцкай экспансіі на Ўкраіну.
1683 - 12 верасня, пераможная бітва саюзнага войска (баварцы, саксонцы, аўстрыйцы, конныя палкі Польшчы і Вялікага Княства - разам 65 тысяч) на чале з каралём Янам Сабескім з турэцкім войскам (200 тысяч) пад Венай.
1687 - ліпень, пераможная бітва войска Яна Сабескага з туркамі пад Каменцам-Падольскім.
1689 - 30 сакавіка, спаленне на плошчы Старога Мяста ў Варшаве мысліцеля, берасцейскага падсудка Казіміра Лышчынскага за атэістычныя погляды.
1690 - барацьба рода Сапегаў, узначаленых гетманам вялікім літоўскім Казімірам Сапегай, з магнацкай групоўкай Радзівілаў, Пацаў, Агінскіх, Вішнявецкіх, Коцелаў за ўладу ў Вялікім Княстве. Вайна цягнулася болей за 10 гадоў.
1695 - чэрвень, задушэнне на загад гетмана Сапегі рэйтарскімі і татарскімі харугвамі ўзброенага паўстання гараджанаў Слуцка і слуцкага сялянства супраць жорсткага прыгнёту з боку сваіх валадароў - Радзівілаў і Сапегаў.
1696 - 17 кастрычніка, стварэнне з дазволу каралевы канфедэрацыі літоўскай шляхты (так званыя «рэспубліканцы») на чале з Рыгорам Агінскім для барацьбы супраць Сапегаў, якія імкнуліся адлучыць ад Польшчы Вялікае Княства і аднавіць яго самастойнасць.
1696 - 8 лістапада, разгром мяшчанамі Крычава і сялянамі Крычаўскага староства салдатаў харугвы харунжага літоўскага Рыгора Агінскага за рабаванне жыхароў і жорсткасць.
1697 - вальны сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову пра забарону пісаць дзяржаўныя (соймавыя) дакументы ў беларускай мове (тое ж самае датычылася да летувіскай і ўкраінскай моваў). Дазвалялася пісаць толькі па-лацінску ці па-польску. Пастанова паспрыяла паланізацыі шляхты Беларусі, Летувы і Ўкраіны. Праз 299 гадоў беларускія прамаскоўскія ўлады, скарыстаўшы механізм рэферэндума, надалі расейскай мове ў межах Беларусі статус дзяржаўнай, што адразу пятая калона і бюракратыя скарысталі для выціскання беларускай мовы з ужытку, здзяйснення актыўнага лінгвацыду на карысць аднаўлення імперскай Расеі.
1698 - 22 ліпеня, войска канфедэратаў-рэспубліканцаў было разбітае пад Юрбаркам войскам гетмана вялікага літоўскага Казіміра Сапегі.
1700 - пачатак 21-гадовай Паўночнай вайны Рэчы Паспалітай і Расеі са Швецыяй. Галоўным тэатрам ваенных дзеянняў стала тэрыторыя Беларусі. Страты беларускага насельніцтва ў гэтай вайне - 1,3 млн. чалавек (кожны трэці).
1700 - увядзенне каралём-немцам Рэчы Паспалітай Аўгустам Моцным у Беларусь 15 тысячаў саксонскага войска (пратэстанты). Здзекі саксонцаў над беларускім насельніцтвам.
1700 - 19 лістапада, пачатак шматгадовай хатняй вайны паміж магнацкімі групоўкамі ў Беларусі. Міжусобная бітва харугваў Сапегаў (8 тысяч прыватнага войска і 9 тысяч наёмнікаў) з канфедэратамі (болей за 20 тысяч войска), узначаленымі Агінскім і Вішнявецкім, пад Алькенікамі. У бітве загінуў віленскі ваявода Міхал Сапега, войска Сапегаў было пераможанае. (Сапегі імкнуліся да незалежнасці ВКЛ пры сваёй уладзе, канфедэраты выступалі за магнацкую «дэмакратыю» - «шляхецкую рэспубліку».)
1701 - 8 ліпеня, бой паміж паўсталымі сапежынскімі сялянамі і шляхецкімі харугвамі «рэспубліканцаў» каля Дуброўны. Загінула каля 700 сялянаў.
1701 - 10 верасня, паражэнне 3-тысячнага атрада сапежынскіх сялян у бітве з харугвамі «рэспубліканцаў» каля Дуброўны.
1701 - 14 снежня, напад палкоў Рыгора Агінскага на шведскі аддзел на чале з Карлам XII у Трышках. Шведы перамаглі, Агінскі мусіў уцякаць у Вільню.
1701 - 23 снежня, разгром непадалёку ад Дуброўны 18 шляхецкіх харугваў «рэспубліканцаў» злучанымі сялянскімі і казацкімі атрадамі, арганізаванымі Сапегамі. У бітве загінулі 2500 сялян.
1702 - захоп Горадні шведскім войскам Карла XII. Аблога і разбурэнне шведамі Лідскага замка.
1702 - 3 красавіка, па тайнай дамоўленасці з царом Пятром аб пераходзе ВКЛ пад пратэктарат расейскага самадзержцы Рыгор Агінскі аддаў расейцам крэпасць і горад Друю, якія належылі Сапегам.