1702 - 26 ліпеня, войска Сапегаў пабіла аддзелы Рыгора Агінскага і польнага гетмана Міхала Вішнявецкага пад Каменкай.
1703 - Генеральная канфедэрацыя шляхты («рэспубліканцы») у ВКЛ абвясціла сябе Рэччу Паспалітай Літоўскай і прасіла цара Пятра I прыслаць у Беларусь расейскія войскі.
1704 - 29 чэрвеня, стараста менскі Крыштаф Завіша разбіў дывізію Р.Агінскага пад Друяй.
1704 - 5 жніўня, шведскі генерал А.Левенгаўпт разбіў войска «літоўскіх рэспубліканцаў», ачоленае Р.Агінскім, у бітве каля Крыжборка. Агінскі скіраваўся пад Нарву да расейскага цара за вайсковымі посілкамі.
1704 - у Беларусь уступіла 60-тысячная расейская армія пад камандаваннем фельдмаршалаў Шарамецева, Агільві, генералаў А.Меншыкава і А.Рапніна. За галоўны вайсковы асяродак расейцы абралі Полацак. Для ўтрымання гэтага войска ў Полацкім ваяводстве кожны двор мусіў плаціць па 4 злотых і пастаўляць харчовыя прыпасы.
1705 - аблога і разбурэнне шведскімі палкамі Мірскага замка.
1705 - 23 чэрвеня, у Віцебску цар Пётр загадаў знішчыць усе абразы св. Іасафата Кунцэвіча і паабяцаў віцебскім праваслаўным спаліць мошчы Іасафата, якія захоўваліся ў полацкім Сафійскім саборы. Назаўтра вуніяцкія святары вывезлі машчы з Полацка пад апеку канцлера ВКЛ князя Караля Радзівіла.
1705 - 11 ліпеня, забойства расейскім царом Пятром, Меншыкавым і афіцэрамі яго світы ў дзень царскага нараджэння 6 вуніяцкіх святароў і манахаў у Полацкай Сафійскай царкве. Вікарыя Канстанціна Зайкоўскага цар забіў кінжалам асабіста. Меншыкаў забіў айца Якуба Кнышэвіча. Пасеклі шаблямі закрысціяна Мялецьця Кандратовіча, казанніка Тэафана Калбечынскага, айца Якуба Кізікоўскага і брата-прыслужніка Язэпа Анкудовіча. Недасечаных насмерць Зайкоўскага і Кізікоўскага забралі ў лагер на востраў на Дзвіне і там пасля катаванняў павесілі. Назаўтра Сафія і вуніяцкія манастыры былі разрабаваныя расейскімі салдатамі і зачыненыя. Старажытную святыню Полацка, першы храм Беларусі - Сафійскі сабор - на загад Пятра аддалі пад сховішча амуніцыі і пораху.
1705 - заняцце 35-тысячным расейскім войскам Горадні, які цар Пётр і кароль Аўгуст Моцны вырашылі зрабіць галоўным умацаваным вайсковым цэнтрам. Дзеля зручнасці артылерыйскай стральбы па штурмавых калонах непрыяцеля былі спаленыя прадмесці горада.
1706 - 13 студзеня, пачатак 2-месячнай аблогі Горадні шведскім войскам, якая скончылася адступленнем расейскага гарнізона і заняццем шведамі горада.
1706 - травень, разрабаванне і спаленне шведскімі войскамі Наваградка, Клецка, захоп Пінска.
1706 - 10 траўня, у Нясвіж увайшло шведскае войска на чале з Карлам XII. Гарнізон замка, які налічваў 200 чалавек, здаў прыдатны для абароны замак без боя. Шведы разбурылі замкавыя ўмацаванні, затапілі 21 замкавую гармату, горад спалілі дашчэнту. Але ў сакавіку таго ж года шведскі атрад не здолеў узяць замак, хоць і перамог у вулічных баях 2-тысячны полк украінскіх казакоў.
1707 - люты, разрабаванне каталіцкіх і вуніяцкіх святыняў Менска казацкімі і калмыцкімі палкамі расейскага войска. Бой з казакамі праваслаўных менчукоў у абарону царквы Пятра і Паўла на Нямізе, якую казакі таксама імкнуліся разрабаваць.
1707 - спаленне горада і замка Копысі расейскімі войскамі пры адступленні з Беларусі.
1707 - 27 чэрвеня, аблога і ўзяцце Быхава аддзеламі Рыгора Агінскага і расейскім войскам.
1708 - 8 лютага, разрабаванне расейскімі палкамі Горадні і гарадскога наваколля згодна абранай Пятром стратэгіі «выпаленай зямлі» і «агаладжэння тэрыторыі» перад надыходзячымі шведамі.
1708 - 3 ліпеня, першая на тэрыторыі Беларусі бітва расейскага войска з шведскім каля Галоўчына. Перамаглі шведы.
1708 - жнівень, рабаванне Магілева шведскім войскам на загад Карла XII. Усё нарабаванае ў царквах срэбра было перачаканенае ў грошы.
1708 - 28 верасня, спаленне Віцебскага Ўзгорскага і Ніжняга замкаў і пасадаў горада расейскімі палкамі і атрадамі калмыкаў на загад расейскага цара Пятра.
1708 - верасень, спаленне расейскімі войскамі на загад Пятра I гарадскіх пасадаў Воршы, Мсціслаўя, Быхава (аперацыя «выпаленая зямля») пры адыходзе на поўдзень.
1708 - 8 верасня, спаленне горада Магілева калмыцкімі і татарскімі палкамі на загад расейскага цара Пятра І. Акт помсты за паўстанне магілеўцаў ў 1661 годзе ў часы «патопу», калі ў адну ноч быў вынішчаны расейскі акупацыйны гарнізон.