1708 - 28 верасня, бітва расейскага войска з шведамі каля в. Лясная (непадалёку ад Прапойска). Разгром шведскага 16-тысячнага корпуса. 8 тысяч забітых шведаў пахаваныя ў брацкай магіле.
1709 - 12 красавіка, харугвы гетмана вялікага Сапегі выбілі з Ляхавіцкага замка аддзелы Р.Агінскага і яго дапаможны расейскі 2-тысячны атрад.
1709 - аблога войскамі Пятра I Ляхавіцкага замка, дзе зачыніўся былы саюзнік расейскага цара ўкраінскі гетман Мазепа.
1710 - разбурэнне Полацка расейскімі войскамі перад адыходам з Літвы. Наўмыснае зруйнаванне старажытнага Сафійскага сабора, каб не засталося следу ад забойства Пятром I вуніяцкіх святароў. Сабор быў адноўлены праз паўстагоддзя, але ў барочных формах. Рэшткі алтара Сафіі часоў Усяслава Чарадзея сталі бакавой апсідай новага храма.
1716 - 23 сакавіка, стварэнне ў Вільні канфедэрацыі літоўскай шляхты, якая выступала супраць жадання караля Аўгуста стварыць з Літвы сваю спадчынную манархію для сына.
1717 - 31 снежня, адпаведна рашэнню Гарадзенскага сойма саксонскія войскі караля Аўгуста выводзіліся з Беларусі. Войска ВКЛ скарачалася да 6 тысяч салдат. Краіна рабілася безабаронная.
1735 - карная экспедыцыя расейскага войска на Гомельшчыну, дзе хаваліся расейскія сяляне-ўцякачы і стараверы. Разбурэнне галоўнага асяродка ўцекачоў - мястэчка Ветка. Вывад расейцамі ў Сібір 13 тысяч раскольнікаў.
1736 - пачатак 25-гадовых выступленняў сялян на Мазыршчыне супраць прыгнёту ў царкоўных уладаннях віленскага капітула.
1740 - сялянскае паўстанне ў Быхаўскім старостве.
1741 - пачатак 3-гадовага сялянскага паўстання, ачоленага Васілём Вашчылам, на Крычаўшчыне.
1744 - 16 студзеня, няўдалы бой 2 тысяч паўстанцаў Вашчылы з уласным (2000 чалавек) і найманым войскам Гераніма Радзівіла.
1744 - 26 лютага, пакаранне смерцю на шыбеніцы крычаўскіх паўстанцаў на загад князя Гераніма (7 галоўных кіраўнікоў паўстання прынялі пакутніцкую смерць на палях).
1754 - сялянскае паўстанне на Каменшчыне.
1756 - снежань, карная экспедыцыя расейскіх войскаў на вёскі збеглых з Расеі старавераў на Веткаўшчыне. Усіх захопленых пагналі пешым этапам у Іркуцк, а потым - за Байкал.
1757 - два буйных пажара запар дашчэнту вынішчылі віцебскі Ніжні замак. Пасля гэтага не аднаўляўся.
1764 - паноўная карная экспедыцыя расейскіх войскаў на Гомельшчыну. Вывад у Сібір 20 тысяч збеглых з Расеі старавераў.
1767 - уступленне ў Беларусь на загад імператрыцы Кацярыны II 40-тысячнага расейскага войска для падтрымкі праваслаўнай Слуцкай і Таруньскай пратэстанцкай канфедэрацыяў, арыентаваных на шчыльны саюз з Расеяй.
1768 - утварэнне Барскай канфедэрацыі патрыятычнай шляхты. Армію канфедэратаў узначаліў Юры Сапега.
1768 - красавік, паўстанне сялян Берасцейскай эканоміі. Задушэнне паўстання ваеннай сілай. Завадатары прысуджаны да пакарання смерцю.
1768 - кастрычнік, расейскія войскі занялі Нясвіжскі і Слуцкі замкі, належныя Радзівілам, якія былі ў Барскай канфедэрацыі. Паражэнне аддзелаў барскіх канфедэратаў у баях пад Нясвіжам і Дзярэчыным.
1769 - баі аддзелаў барскіх канфедэратаў на чале з Юзафам Пуласкім з расейскімі войскамі пад Слонімам, Бераставіцай, Мышшу, Радашковічамі, Менскам, Нясвіжам, Беластокам.
1770 - паражэнне ад расейцаў 4-тысячнага атрада канфедэратаў Шымана Касакоўскага пад Наваградкам.
1771 - 12 верасня, разгром палкамі А.Суворава харугваў гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага пад мястэчкам Сталовічы. У баі загінула болей за 3000 канфедэратаў. Гетман Агінскі з рэшткамі войска мусіў адыйсці ў Прусію.
Часы пасля захопу беларускіх зямель Расеяй
1772 - Першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй, Аўстрыяй. Прылучэнне ўсходняй часткі Беларусі да Расейскай імперыі. На далучаных абшарах жыло тады 1.227 тысяч чалавек. Пачатак рэкруцкіх набораў беларусаў у расейскае войска (пажыццёвая служба). Першы набор даў у войска Расеі 3 тысячы беларускіх салдат.
1772 - разрабаванне расейскімі войскамі скарбніцы Нясвіжскага замка. Вырабы з золота, серабра, каштоўных камянёў, бібліятэка ў 20 тысяч тамоў адпраўлены ў Пецярбург. У тым ліку 11 інкунабулаў, якія пазней перададзеныя Расейскай Дзяржаўнай бібліятэцы. Найбольшай стратай стаў вываз Літоўскай метрыкі - збора дзяржаўных актаў ВКЛ, напісаных на беларускай мове. Па сёння застаюцца ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў.